Святочны Баль у Палацы Рэспублікі

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Урачыстая цырымонія ўручэння прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій Кіраўніка дзяржавы дзеячам культуры і мастацтва пройдзе, як і заўжды, на галоўнай сцэне Палаца Рэспублікі. Пра адметнасці сёлетняга мерапрыемства карэспандэнту "К" распавяла галоўны рэжысёр цырымоніі Ніна Осіпава.

 - Перад пачаткам дзейства ў фае Палаца Рэспублікі адбудзецца традыцыйная выстаўка дасягненняў сёлетніх лаўрэатаў абедзвюх прэмій, - зазначыла Ніна Осіпава. - На асобных стэндах будуць змешчаны біяграфіі, а таксама здымкі, што ілюструюць прафесійную дзейнасць пераможцаў. Тут жа, у фае, запланаваны выступленні некаторых творчых калектываў.

Пасля ўрачыстай цырымоніі распачнецца ўрачысты канцэрт, які пройдзе ў форме каляднага балю і, па перакананні Ніны Осіпавай, захопіць сваёй відовішчнасцю кожнага гледача.

У мерапрыемстве прымуць удзел шматлікія творчыя калектывы Беларусі, а таксама салісты.

- Сярод удзельнікаў - артысты Вялікага тэатра оперы і балета краіны і Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі", вакальнага ансамбля "Камерата" і многія іншыя, - раскрыла таямніцы будучай дзеі Ніна Осіпава. - Таксама хачу зазначыць, што шмат у якіх нумарах будзе задзейнічаны зводны ансамбль бальнага танца "Універс" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Акрамя таго, мы плануем, што ў святочным канцэрце прымуць удзел і лаўрэаты прэмій розных гадоў... Пад час мерапрыемства чакаецца таксама выкананне твораў класічнай музыкі ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"