- Перад пачаткам дзейства ў фае Палаца Рэспублікі адбудзецца традыцыйная выстаўка дасягненняў сёлетніх лаўрэатаў абедзвюх прэмій, - зазначыла Ніна Осіпава. - На асобных стэндах будуць змешчаны біяграфіі, а таксама здымкі, што ілюструюць прафесійную дзейнасць пераможцаў. Тут жа, у фае, запланаваны выступленні некаторых творчых калектываў.
Пасля ўрачыстай цырымоніі распачнецца ўрачысты канцэрт, які пройдзе ў форме каляднага балю і, па перакананні Ніны Осіпавай, захопіць сваёй відовішчнасцю кожнага гледача.
У мерапрыемстве прымуць удзел шматлікія творчыя калектывы Беларусі, а таксама салісты.
- Сярод удзельнікаў - артысты Вялікага тэатра оперы і балета краіны і Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі", вакальнага ансамбля "Камерата" і многія іншыя, - раскрыла таямніцы будучай дзеі Ніна Осіпава. - Таксама хачу зазначыць, што шмат у якіх нумарах будзе задзейнічаны зводны ансамбль бальнага танца "Універс" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Акрамя таго, мы плануем, што ў святочным канцэрце прымуць удзел і лаўрэаты прэмій розных гадоў... Пад час мерапрыемства чакаецца таксама выкананне твораў класічнай музыкі ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна.