...І культурны аспект

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

У Літве прайшлі Дні эканомікі, навукі і культуры Рэспублікі Беларусь, прымеркаваныя да 15-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі.

/i/content/pi/cult/132/683/KultAspekt.jpg
 На здымку (справа налева): С.Сідорскі, В.Мунтянас і У.Дражын знаёмяцца з выстаўкай. Фота БелТА.

3 — 4 кастрычніка Вільнюс наведала ўрадавая дэлегацыя Беларусі на чале з Прэм’ер-міністрам нашай рэспублікі С.Сідорскім, якая прыняла ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці V Нацыянальнай выстаўкі “Беларусь ЭКСПА — 2007”, правяла перамовы з літоўскім бокам аб магчымасцях і накірунках інвесціравання суседзяў у эканоміку Беларусі, аб перспектывах супрацоўніцтва паміж тэхнапаркамі нашых краін.
У рамках Дзён Беларусі ў Літве праведзены шэраг мерапрыемстваў у культурнай сферы. Першае з іх адбылося ўжо ў час адкрыцця выстаўкі: на ім выступілі Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча (кіраўнік — народны артыст Беларусі, прафесар М.Дрынеўскі) і народны ансамбль “Радзімічы” (кіраўнік — У.Ліпскі).
У той жа дзень, 3 кастрычніка, адбыўся канцэрт хору імя Г.Цітовіча ў Літоўскім нацыянальным тэатры драмы, дзе да ўдзельнікаў і гасцей Дзён эканомікі, навукі і культуры, што сабраліся ў зале па запрашэнні Пасольства РБ у Літве, звярнуўся намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь У.Грыдзюшка.
4 кастрычніка 2007 года У.Грыдзюшка наведаў Міністэрства культуры Літоўскай Рэспублікі і правёў перамовы з міністрам культуры Літвы Й.Ючасам, намеснікам міністра Г.Садзейкам і сакратаром міністэрства Ю.Шырвінскасам.
Было абмеркавана шырокае кола пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы культуры. Асаблівая ўвага была нададзена пытанням фарміравання дагаворна-прававой базы, рэалізацыі сумесных праектаў у галіне гісторыка-культурнай спадчыны, кінематаграфіі, выставачнай і канцэртнай дзейнасці.
Была падпісана Праграма культурнага супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры РБ і Міністэрствам культуры РЛ на 2007 — 2008 гады. На ўрачыстай цырымоніі падпісання прысутнічаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол РБ у Літве У.Дражын.
6 кастрычніка 2007 года ў Літоўскай філармоніі адкрылася выстаўка карцін беларускіх мастакоў. З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся Пасол У.Дражын і ўдзельнік выстаўкі мастак А.Ксяндзоў. Выстаўка, на якой прадстаўлена больш чым 30 твораў 17 нашых мастакоў, будзе працаваць месяц, да яе адкрыцця Мінкультуры РБ падрыхтавала спецыяльны буклет.
У той жа дзень там жа, у філармоніі, прайшоў канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра РБ (дырыжор — А.Галанаў). Перад пачаткам канцэрта выступіў Пасол У.Дражын.
Паміж Беларускай і Літоўскай філармоніямі была падпісана дамова аб супрацоўніцтве. Пры падпісанні прысутнічалі гендырэктар Белдзяржфілармоніі А.Гарбар і мастацкі кіраўнік Ю.Гільдзюк, гендырэктар Літоўскай філармоніі Р.Прусявічэне і іншыя афіцыйныя асобы.
7 кастрычніка ў Вільнюскім доме настаўніка прайшло ХІІ Свята беларускай песні, прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. У рамках яго адбылася прэзентацыя выстаўкі аб жыцці і творчасці нашых Песняроў.
Выстаўку адкрылі Пасол У.Дражын, дырэктар літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа З.Камароўская і дырэктар літаратурнага музея Янкі Купалы А.Мацевасян.
На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця Свята беларускай песні выступілі прэзідэнт Аб’яднання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве Л.Мурашка і Пасол У.Дражын, які зачытаў прывітальныя пасланні гасцям і ўдзельнікам мерапрыемства намесніка Прэм’ер-міністра РБ, старшыні Рэспубліканскага аргкамітэта па правядзенні мерапрыемстваў па святкаванні 125-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Я.Купалы і Я.Коласа А.Косінца і Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Савета Міністраў РБ Л.Гулякі.
У канцэрце прынялі ўдзел калектывы беларускай дыяспары з Вісагінаса, Вільнюса і Клайпеды.
З вялікім поспехам прайшло выступленне ўдзельнікаў Дзяржаўнага камернага хору РБ (мастацкі кіраўнік — Н.Міхайлава), якія выканалі шэраг твораў на вершы Я.Купалы і Я.Коласа.

(Інфармацыя падрыхтавана Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы спецыяльна для “К”)