Скальпель, што адкрывае… прыгажосць

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Падводзячы вынікі года, загадчык навукова-рэстаўрацыйнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Аркадзь Шпунт прыгадвае перадусім выстаўку “Адкрыццё святой прыгажосці”. Прадстаўленыя на ёй дзесяць твораў беларускага сакральнага жывапісу былі вернуты рэстаўратарамі літаральна з нябыту.

/i/content/pi/cult/358/6829/5_3.jpeg- Кожная з ікон запатрабавала месяцы карпатлівай працы, - распавядае Аркадзь Самуілавіч.  - Натуральна, ёй спадарожнічала і дасканалае вывучэнне гэтых твораў. Але калі я зноў убачыў іх - ужо ў выставачнай зале, - дык нібыта адкрыў наноў... Праваслаўныя і каталіцкія вобразы арганічна спалучаліся між сабою, ствараючы атмасферу спакою і хараства...

Выстаўка не толькі прадэманстравала дасягненні айчынных спецыялістаў, але і засведчыла, што адкрыццё прыгажосці праз яе ачыстку ад часавых напластаванняў павінна працягвацца. Па словах Аркадзя Шпунта, сёння толькі ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея скальпеля рэстаўратара чакаюць яшчэ 250 узораў сакральнага жывапісу.

- Цалкам можа здарыцца, што сярод іх ёсць сапраўдныя шэдэўры, якія стануць новымі падставамі для гонару за нашу культуру альбо адкрыюць неспазнаныя пакуль яе пласты, - мяркуе рэстаўратар. - Але перад тым, як іх змогуць ацаніць навукоўцы ды простыя гледачы, гэтыя творы абавязкова павінны прайсці праз нашы рукі...

Год яшчэ толькі пачынаецца, але ж адзін з самых "гучных" выставачных праектаў 2012-га можна амаль безапеляцыйна вызначыць ужо сёння. У Нацыянальным мастацкім музеі запланавана выстаўка прадстаўнікоў знакамітай Парыжскай школы, да стварэння якой не абы-як спрычыніліся нашы землякі. Як высветлілася, гэты праект вызначыў і планы на будучыню навукова-рэстаўрацыйнага аддзела НММ.

- Як вядома, насельнікі "Вулея" не былі заможнымі людзьмі, і таму яны выкарыстоўвалі для сваіх карцін досыць танныя матэрыялы. Гэтыя палотны сёння ўжо на ладан дыхаюць, лак на іх пацямнеў... У бліжэйшыя месяцы мы пастараемся давесці іх да ладу. Балазе банк, які выступіў адным з ініцыятараў выстаўкі, нам дапамагае праз набыццё патрэбных інструментаў і рэактываў...

Між тым, 2012-ы - юбілейны і для самога карыфея беларускай рэстаўрацыі твораў мастацтва: Аркадзь Шпунт адзначыць сваё 65-годдзе.

- Планую выдаць кнігу, - кажа ён. - Я працую ў рэстаўрацыі ўжо больш за сорак гадоў, і за гэты час паспелі назапасіцца сякія-такія думкі. Потым з'явілася звычка іх занатоўваць, потым яны паціху выліваліся ў эсэ, а потым з іх сфарміравалася і кніга...

Ведаючы глыбіню светапогляду і багацце досведу Аркадзя Самуілавіча, можна меркаваць, што гэтае выданне стане настольнай кнігай для тых, хто захоча асвоіць прафесію не толькі на ўзроўні фармальных навыкаў. А менавіта аднаўленне ды росквіт нацыянальнай школы рэстаўрацыі, здатнай улічваць пакручастую гістарычную парадыгму айчыннай культуры, з'яўляецца галоўнай марай Аркадзя Шпунта.

Фота Юрыя ІВАНОВА