Больш няма ва ўсім свеце

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Народны артыст Беларусі, прафесар Яўген ГЛАДКОЎ даўно ўжо прызнаны “галоўным цымбалістам” усёй краіны. Славуты выканаўца, які і сёння не цураецца сцэны, ён выхаваў ледзь не ўсіх сучасных беларускіх цымбалістаў. Сярод іх — не толькі ягоныя вучні, але і вучні яго вучняў ужо ў некалькіх пакаленнях. 2011-ты быў для яго асабліва насычаным.

/i/content/pi/cult/358/6823/4_2.jpeg- Пяць міжнародных перамог толькі за адзін год, - кажа Яўген Пятровіч, - гэта, пагадзіцеся, не так і мала. Цяперашняя пяцікурсніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Надзея Каракулька прывезла адразу дзве ўзнагароды. У красавіку на Міжнародным конкурсе ў Харкаве яна заняла другое месца, а ў чэрвені ў Італіі - першае. Алена Варанцова з трэцяга курса спачатку атрымала Першую прэмію ў Кішынёве, потым - у Маскве. А яе аднакурсніца Ганна Пархомава там жа, на Міжнародным конкурсе імя Веры Гарадоўскай у Маскве, стала лаўрэатам Другой ступені.

- Колькі ж увогуле лаўрэатаў вы падрыхтавалі?

- У маім класе яны з'яўляюцца амаль штогод, я ўжо з падліку збіўся... А шчыра кажучы, папросту ніколі спецыяльна не падлічваў. Бо перамога на конкурсе (і гэтаму я заўсёды навучаю сваіх студэнтаў) - гэта не п'едэстал, а толькі яшчэ адна прыступка на бясконцым шляху да творчых вяршыняў. У чэрвені зноў будзе конкурс у Кішынёве - рыхтуемся. Увесну пройдзе і наш Рэспубліканскі конкурс імя Іосіфа Жыновіча - у Лідзе і Брэсце, па розных узроставых катэгорыях. Ён для мяне асабліва дарагі, бо ў далёкім 1961-м я стаў яго першым лаўрэатам. Трэба, лічу, аднаўляць і такі ж Міжнародны конкурс у Мінску, які прайшоў у нас толькі двойчы.

- Новыя творы, прысвечаныя вам, прагучалі і на 45-годдзі студэнцкага ансамбля "Лілея" ў сталічнай філармоніі, і на вашым юбілейным канцэрце ў Акадэміі музыкі...

- Усё было вельмі ўрачыста. На навуковым савеце віншаванне Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі зачытаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. На канцэрце ж да майго 75-годдзя былі музычныя падарункі ад вучняў і калег, прагучала і некалькі беларускіх прэм'ер.

- У Новы год за што узнімалі бакал?

- Найперш - за беларускія цымбалы: хвалюе, каб гэты ўнікальны ў свеце інструмент не стаў "вымерлым". Бо калі ў краіне няма яго вытворчасці (асобныя прыватныя майстры не змогуць закрыць гэты прагал), дык хутка нашым зорным выканаўцам не будзе на чым граць. Гэтую праблему неаднойчы ўзнімала і Міністэрства культуры, і ваша газета, але вырашаць яе трэба на самым высокім дзяржаўным узроўні.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"