- Пяць міжнародных перамог толькі за адзін год, - кажа Яўген Пятровіч, - гэта, пагадзіцеся, не так і мала. Цяперашняя пяцікурсніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Надзея Каракулька прывезла адразу дзве ўзнагароды. У красавіку на Міжнародным конкурсе ў Харкаве яна заняла другое месца, а ў чэрвені ў Італіі - першае. Алена Варанцова з трэцяга курса спачатку атрымала Першую прэмію ў Кішынёве, потым - у Маскве. А яе аднакурсніца Ганна Пархомава там жа, на Міжнародным конкурсе імя Веры Гарадоўскай у Маскве, стала лаўрэатам Другой ступені.
- Колькі ж увогуле лаўрэатаў вы падрыхтавалі?
- У маім класе яны з'яўляюцца амаль штогод, я ўжо з падліку збіўся... А шчыра кажучы, папросту ніколі спецыяльна не падлічваў. Бо перамога на конкурсе (і гэтаму я заўсёды навучаю сваіх студэнтаў) - гэта не п'едэстал, а толькі яшчэ адна прыступка на бясконцым шляху да творчых вяршыняў. У чэрвені зноў будзе конкурс у Кішынёве - рыхтуемся. Увесну пройдзе і наш Рэспубліканскі конкурс імя Іосіфа Жыновіча - у Лідзе і Брэсце, па розных узроставых катэгорыях. Ён для мяне асабліва дарагі, бо ў далёкім 1961-м я стаў яго першым лаўрэатам. Трэба, лічу, аднаўляць і такі ж Міжнародны конкурс у Мінску, які прайшоў у нас толькі двойчы.
- Новыя творы, прысвечаныя вам, прагучалі і на 45-годдзі студэнцкага ансамбля "Лілея" ў сталічнай філармоніі, і на вашым юбілейным канцэрце ў Акадэміі музыкі...
- Усё было вельмі ўрачыста. На навуковым савеце віншаванне Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі зачытаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. На канцэрце ж да майго 75-годдзя былі музычныя падарункі ад вучняў і калег, прагучала і некалькі беларускіх прэм'ер.
- У Новы год за што узнімалі бакал?
- Найперш - за беларускія цымбалы: хвалюе, каб гэты ўнікальны ў свеце інструмент не стаў "вымерлым". Бо калі ў краіне няма яго вытворчасці (асобныя прыватныя майстры не змогуць закрыць гэты прагал), дык хутка нашым зорным выканаўцам не будзе на чым граць. Гэтую праблему неаднойчы ўзнімала і Міністэрства культуры, і ваша газета, але вырашаць яе трэба на самым высокім дзяржаўным узроўні.
Фота Юрыя ІВАНОВА