Паспець усё!

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Новы год салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Кацярына АЛЕЙНІК сустрэла на гастролях. Спачатку была Грэцыя, куды яна ездзіла танцаваць Кітры з трупай Гедымінаса Таранды. Потым — Германія, дзе танцоўшчыца далучылася да нашай трупы, якая выехала туды з “Лебядзіным возерам” і “Шчаўкунком”. Так што размаўляць нам давялося і па тэлефоне, і праз Інтэрнэт.

/i/content/pi/cult/358/6821/3_4.jpegА ўзгадаць Кацярыне ёсць што: апошнім часам яна стала адной з самых запатрабаваных і перспектыўных маладых салістак, "дарасла" да вядучага майстра сцэны. Невыпадкова разам з яшчэ адной салісткай нашага Вялікага тэатра - знакамітай спявачкай Аксанай Волкавай - яна была запрошана на нядаўнюю сустрэчу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з таленавітай моладдзю. Шмат было і ўласна творчых перамог: і ў нашым тэатры, і ў далёкім замежжы. Адпаведна, прыйшло і прызнанне - не толькі публікі, але і ўсёй дзяржавы: за выдатныя творчыя дасягненні, высокае прафесійнае майстэрства і заслугі ў развіцці нацыянальнай культуры і мастацтва Кацярына сёлета была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны.

- Падзей у мяне сёлета сапраўды было шмат. Найперш, гэта конкурсы: "Танцавальны Алімп" у Германіі, дзе я стала лаўрэатам, і Першы Міжнародны конкурс балета і харэаграфіі ў Пекіне, дзе я атрымала Ганаровы прыз. Ды што я расказваю? Вы ж пра ўсё гэта пісалі! На 2011-ы шмат прыпала ўводаў у спектаклі, паўсюль - на цэнтральныя партыі. У красавіку гэта была Аўрора ў "Спячай прыгажуні" (раней я ў гэтым спектаклі танцавала Фею Шчодрасці), 28 верасня - Сільфіда ў аднайменным балеце, а 27 лістапада - Жызэль. Пра такое можна толькі марыць!

- Пры гэтым вы застаяцеся адной з самых прызнаных у свеце Кітры: з гэтай партыяй, якую вы выконваеце яшчэ з харэаграфічнага каледжа, вас запрашаюць у лепшыя тэатры. Такія паездкі былі і сёлета. Але як вы ўсё паспяваеце?

- Мне так хочацца ўсё паспець! І ахапіць не толькі балет, але і іншыя віды мастацтва. Усё гэта пакуль толькі мары, але... Хочацца і ў драматычным тэатры сябе паспрабаваць, і, можа, у кіно зняцца. І нават "прымерыць" на сябе працу фотамадэлі.

- А гэта не будзе "здрадай" балету?

- Мне ўсё цікава! Я з нецярплівасцю чакаю новых прэм'ер у нашым тэатры: спачатку будзе новая "Жызэль" у пастаноўцы Мікіты Далгушына, а ў маі - "Анюта" з харэаграфіяй Уладзіміра Васільева. Але артыст балета, як і ўсялякі творца, павінен быць адкрыты свету. У тым ліку свету мастацтва - папраўдзе бясконцаму, які немагчыма спасцігнуць раз і назаўсёды, а тым больш - адразу і да канца. Але ж паспрабаваць - трэба! Чым больш рознабаковымі будуць прыхільнасці артыста, тым больш цікавым ён будзе для публікі. Бо ў танцы, як і ў музыцы, і ў жывапісе, адлюстроўваецца ўсё, чым чалавек жыве і дыхае.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"