- Як вядома, тады быў цалкам разбураны горад Спітак, тысячы чалавек загінулі, а яшчэ больш засталіся без жылля, - распавяла Галіна Бушмакіна. - І мы вырашылі ўзяць на выхаванне дзетак з Арменіі. Але, як нам, падзякаваўшы, адказалі, Арменія сваіх дзяцей выхавае сама, нягледзячы ні на што...
Ды запал Бушмакіных не згас. Яны звярнуліся ў мясцовы дзіцячы дом з той жа прапановай, і ўзялі на выхаванне двух маленькіх дзетак. А 26 кастрычніка 1991 года быў створаны дзіцячы Дом сямейнага тыпу аддзела адукацыі Нясвіжскага райвыканкама, дзе на пасадах бацькоў-выхавальнікаў распачалі сваю працу Ігар Вітальевіч і Галіна Леанідаўна.
- Нам з мужам дапамагае тое, што мы маем спецыяльную адукацыю, - кажа Галіна Бушмакіна. - Ён - фельчар, а я, акрамя таго, што з'яўляюся па адукацыі псіхолагам і працую ў Нясвіжскім раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, яшчэ маю дадатковую спецыяльнасць - "рэжысёр". Гэта дазваляе мне заўсёды ставіцца да дзяцей з увагай і цярпеннем, арганізоўваць іх і прывучаць да самастойнай дзейнасці. А таксама - прымаць іх такімі, якія яны ёсць...
Дарэчы, некаторыя з выхаванцаў Бушмакіных звязалі свой лёс са сферай культуры. Напрыклад, дзве дзяўчыны - Святлана Еўтух і Алена Барысава - з'яўляюцца на сёння выкладчыкамі мясцовай дзіцячай школы мастацтваў. Святлана навучае дзяцей граць на скрыпцы, а Алена - маляваць.
Ды і сёння ў сям'і Бушмакіных выхоўваецца яшчэ пяцёра прыёмных дзяцей. Выгадаваць з іх годных людзей і дапамагчы ім у выбары свайго творчага і працоўнага шляху - вось задача для Ігара Вітальевіча і Галіны Леанідаўны. І яны з ёй, безумоўна, спраўляюцца.