“Ва-а-аў!” пакуль не скажаш?

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Цэнтр сучасных мастацтваў: паверх за паверхам, але і без лішняга

/i/content/pi/cult/358/6812/6_1.jpegНапрыканцы мінулага года на культурнай карце Мінска з'явіўся новы тапонім: Цэнтр сучасных мастацтваў. Яго з'яўленне было падтрымана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь яшчэ напрыканцы 2010-га, а ў снежні 2011 года Кіраўнік дзяржавы пад час сустрэчы з таленавітай моладдзю краіны сказаў: "Хочацца, нарэшце, убачыць і рэальныя вынікі працы Цэнтра сучасных мастацтваў".

"Спуск карабля на ваду" быў даволі сціплы - без пырскаў шампанскага, але і без мыльных бурбалак. Рэвалюцыі ў мастацкім жыцці не адбылося, а вось эвалюцыйныя працэсы, хочацца верыць, будуць няўхільнымі ды яшчэ дадуцца ў знакі.

Гібрыд майстэрні і галерэі

Цяжка не пагадзіцца з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам у тым, што творчая моладзь даўно чакала гэтую пляцоўку для рэалізацыі сваіх творчых ідэй. А не так даўно Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры, запачаткаваныя легендарным Міхаілам Савіцкім (яны і сталі базай для новага ўтварэння), адзначылі сваё трыццацігоддзе. Юбілейная выстаўка супала з прэзентацыяй праекта, які прадугледжвае досыць сур'ёзную змену самога "фармату" ўстановы. Дарэчы, цяпер яна мае падвойную назву: да старой дадаліся словы "Цэнтр сучасных мастацтваў".

Не кожны аматар мастацтва сёння падкажа вам шлях да гэтай зграбнай камянічкі на вуліцы Някрасава. Яно і не дзіва: да нядаўняга часу наведвальнікаў тут не чакалі. Паўтара дзясятка мастакоў стваралі ў "стэрыльнай" цішы вялізных майстэрняў, дзе ніхто старонні не перашкаджаў ім сваёй увагай. Цяпер жа "рабочыя" плошчы суседнічаюць з экспазіцыйнымі, а ў недалёкай перспектыве гэтае спалучэнне і наогул будзе адбывацца паводле формулы "два ў адным".

Яшчэ ля ганка цябе сустракае металічная скульптура. Заходзіш унутр - і адразу разумееш, што трапіў у сцены, "намоленыя" некалькімі пакаленнямі творцаў. Бо нават такія зусім службовыя, здавалася б, памяшканні, як фае ды калідоры, былі пераўтвораны ў выставачныя залы.

На першым паверсе наведвальнік аглядае творы аднаго з першых "насельнікаў" Майстэрняў - самабытнага жывапісца Уладзіміра Кожуха. Узняўшыся на другі, нібы трапляеш у знакаміты берлінскі кунстхауз "Тахелес"  - балазе капрамонт у Майстэрнях таксама даўно не рабіўся, і графіці добра спалучаюцца з падцёкамі на столі. Гэтая прастора аддадзена на водкуп арт-групе "Неонавая галава", прыхільнікам творчасці Станіслава Лема, дзе філасофія спалучаецца з гульнёй, а фантастыка - з філасофіяй.

- Калі праз неонавае поле прапусціць ток, яно пачынае свяціцца, - распавядае кіраўнік групы Зміцер Шапавалаў, які па атрыманні дыплома Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў стаў працаваць у гэтых майстэрнях. - Прыкладна так і адбываецца творчы працэс. Ёсць сіла, якая запальвае нейкія электроды ў галаве. І мы выяўляем гэтую энергію ў самых розных ды нязмушаных формах: ад традыцыйнага жывапісу і да карцінак, створаных у прымітыўных камп'ютарных праграмах...

Назіраючы за вынікамі гэтых працэсаў, непазбежна задаешся пытаннем: ці не зашкодзіць новая функцыя камяніцы на Някрасава яе "старому", адпачатковаму, прызначэнню? Гэта важна яшчэ і таму, што праект Майстэрняў, прызначаны падтрымаць маладых мастакоў у ці не самы складаны перыяд іх творчага жыцця - на пачатку самастойнага шляху, - без сумневу, засведчыў сваю паспяховасць. Амаль усе "выпускнікі" гэтай своеасаблівай "аспірантуры" спраўдзілі чаканні ды інвестыцыі. Некаторых ужо сёння называюць жывымі класікамі...

Зрэшты, як запэўніў дырэктар установы - мастак Віктар Альшэўскі,  - добры пачын Міхаіла Савіцкага ні ў якім разе не спыніцца. Наадварот: ёсць намеры з цягам часу павялічыць колькасць тых, хто атрымае "прапіску" ў гэтых сценах (пакуль гэта ўсяго 15 чалавек у адначассе). Але варта ўдакладніць, што і гэтая задума, і паўстанне Цэнтра на сённяшні дзень становяцца магчымымі перадусім дзякуючы "ўшчыльненню" і пераразмеркаванню плошчаў. Дырэктар установы не бачыць у гэтым вялікай праблемы. І сапраўды: па сваёй плошчы кожная з майстэрняў "пацягне" на выставачную залу.

Гібрыд майстэрні і галерэі для нас пакуль што даволі нязвыклы. Хаця менавіта ў айчынных умовах ён можа стацца сапраўднай панацэяй пры вырашэнні галоўнай праблемы - наладжвання камунікацыі паміж мастаком і рэцыпіентам (а таксама - патэнцыйна - і кліентам).

"У спадчыну" ад савецкіх часоў беларускія мастакі атрымалі прасторныя ды амаль бясплатныя майстэрні і, разам з тым, сур'ёзную праблему: востры брак галерэй. На жаль, сітуацыя прынцыпова не змянілася і ў новую эпоху, а прагназаваць імклівы рост арт-рынку наўрад ці выпадае і ў бліжэйшай будучыні. Таму самы эрганамічны алгарытм вырашэння праблемы падаецца і найбольш актуальным.

І ў свеце, і на Беларусі далёка не кожны мастак мае магчымасць стварыць персанальную галерэю (або дачакацца "дзядзькі"-мецэната, які зробіць гэта за яго). Затое ён можа проста адкрыць дзверы ва ўласную майстэрню для ўсіх, каго цікавіць яго творчасць, сэканоміўшы такім чынам і на арэндзе, і на персанале. Як сведчыць замежны досвед, пры належнай "раскрутцы" такі фармат арт-жыцця функцыянуе даволі эфектыўна. Турыстам цікава бачыць не толькі вынікі, але і сам працэс, а ў некаторых раптам з'яўляецца жаданне набыць твор, што яшчэ пахне фарбай, - ці, прынамсі, рэпрадукцыю з аўтографам мастака.

 - Не думаю, што ўвага публікі перашкодзіць творцу працаваць, - кажа Зміцер Шапавалаў. - Наадварот, яна павінна быць стымулам...

Але для таго, каб гэтая схема запрацавала і на вуліцы Някрасава, патрэбны ці не самы важны складнік - гледачы. Няма сумневаў у тым, што папулярызацыя арт-цэнтра расцягнецца ў часе. Але ж менавіта пачатковая яе стадыя мае асаблівую важнасць. Далей пачне працаваць закон інерцыі ды эфект сарафаннага радыё.

Карціна ў шафе

Цяперашняя экспазіцыя зроблена сіламі саміх "насельнікаў" Майстэрняў. Але Віктар Альшэўскі падкрэслівае, што гэтая пляцоўка адкрыта для ўсіх, хто мае арыгінальныя ідэі і прагне іх рэалізаваць. Перформансы, канцэрты, літаратурныя вечары, сінтэз розных відаў і жанраў - усё гэта будзе абавязкова. У перспектыве ж плануецца нават пэўны аналаг праграмы "Artist in Residence": маладыя мастакі атрымаюць час і майстэрні для працы над канкрэтнымі праектамі.

- Усё маладое, незвычайнае, нетыповае, - так Віктар Альшэўскі акрэсліў дыяпазон дзейнасці Цэнтра. - Наша задача - акумуляваць і выяўляць творчы інтэлект менавіта гэтага пакалення мастакоў, дазваляць публіцы пачуць кантрасны і пульсуючы рытм часу...

Пытанне пра механізм адбору праектаў наўрад ці магло застацца па-за нашай гутаркай. У некаторых замежных арт-цэнтрах вырашальнае права голасу мае куратарская рада, у іншых - валюнтарызм дырэктара. Праўдападобна, што ў Мінску на гэты конт пакуль не задумваюцца, бо проста не было злабадзённых аказій. Але калі канфліктныя прэцэдэнты ўсё ж з'явяцца, - што цалкам магчыма, зважаючы на "ментальны клімат" нашага (ды і любога) творчага асяроддзя, - паўстанне такога механізма, зразумелага ды празрыстага, стане жыццёвай неабходнасцю.

Здараецца, творы сучаснага мастацтва маюць шалёны "сабекошт", які ўключае распрацоўку спецыяльных тэхналогій, стварэнне ўнікальнага абсталявання і паслугі інжынераў ды рабочых. Але часам яны адмыслова робяцца менавіта з тандэтных рэчаў, чый утылітарны тэрмін службы ўжо скончаны. Тое ж самае адбылося і ў Цэнтры сучасных мастацтваў. Прыкладам, "неонавыя галовы" засведчылі, што старыя плафоны ад лямпаў могуць стаць асновай для цікавага светлавога жывапісу.

- Я прапанаваў маладым творцам выкарыстаць тую старую мэблю, што ў нас пылілася, - распавядае Віктар Альшэўскі. - Мы паставілі задачу: з дапамогай гэтых прадметаў стварыць арыгінальнае арт-асяроддзе. І трапляючы ў яго, нават традыцыйныя віды мастацтваў - скажам, жывапіс або графіка - пачынаюць "гучаць" па-іншаму. Мабыць, многім ужо надакучылі банальныя белыя сцены выставачных залаў. А вось карціна ў шафе выглядае куды цікавей, ці не так?..

Сапраўды, і шкілет у шафе, і карціна ствараюць адмысловую аўру загадкавасці. Незлічоных наведвальнікаў таго самага "Тахелеса" вабіць перадусім своеасаблівая "татальнасць" тамтэйшай арт-прасторы. Адмысловы genius loci там узнікае яшчэ з парога, а фактура сцен, столі, падлогі задзейнічаны ў яго стварэнні не менш, чым самі карціны ды скульптуры, якія дэманструюцца ў гэтым атачэнні.

Віктар Альшэўскі натхнёна дэманстраваў мне чарговы ўдалы досвед арт-апрапрыяцыі ламачча ды распавядаў пра тое, што старая мэбля можа стаць тэмай для асобнага канцэптуальнага праекта - дарэчы, патэнцыйна цікавага для такіх прывабных спонсараў, як айчынныя вытворцы мэблі. Я згодна ківаў галавой, але думаў усё ж трохі пра іншае.

"Бюракратычны" выраз "матэрыяльна-тэхнічная база" - насамрэч, вельмі трапны ды красамоўны. Бо рэалізацыя эфемерных творчых задум немагчымая без трывалай матэрыяльнай асновы. Як зладзіць канцэрт без гукавой апаратуры? Як дэманстраваць відэаарт без відэапраектара? І тут мы пакуль кажам пра элементарныя рэчы, нават і не марачы пра нейкія нечуваныя дагэтуль тэхнічныя "ноу-хау", якіх у дастатку можна было ўбачыць, скажам, на апошнім Маскоўскім біенале.

У Мемарыяльным кабінеце Міхаіла Савіцкага стаіць зусім старэнькі камп'ютар, на якім дэманструюцца фільмы пра мэтра. Па сутнасці, гэтай музейнай прыладай усе дасягненні сучаснай цывілізацыі ў Цэнтры сучаснага мастацтва пакуль і вычэрпваюцца.

Затое ёсць задумы. Чаму б, напрыклад, не ўстанавіць у Майстэрнях вэб-камеры, каб публіка магла назіраць за працэсам творчасці не толькі ўвачавідкі, але і он-лайн? Праект выглядае арыгінальным нават па сусветных мерках - прамых аналагаў мне сустракаць не даводзілася. Але... З дапамогай старых шафаў яго не рэалізуеш.

Разведка боем

Па словах Віктара Альшэўскага, Цэнтр сучаснага мастацтва будзе адкрыты і для тых аўтараў, якіх з пэўнай доляй умоўнасці называюць "традыцыяналістамі". Ды і назва першай яго выстаўкі даволі красамоўная: "Праз класіку да сучаснасці".

- Мы і ў далейшым будзем працягваць даследаваць гэты неабсяжны дыяпазон - "ад" і "да", - кажа дырэктар Цэнтра.

У майстэрні, дзе цягам амаль трох дзесяцігоддзяў працаваў Міхаіл Савіцкі, яшчэ захаваўся мальберт мастака. Сіламі студэнтаў-практыкантаў там ужо выкананы роспіс, які стварае своеасаблівы інтэр'ер. А спонсар не так даўно падарыў піяніна. Карацей, амаль усё зроблена для пераўтварэння гэтай прасторы ў камерную ды ўтульную "гасцёўню". У той самы час, у двухпавярховым будынку ўжо сёння можна знайсці і прастору для тых эксперыментальных праектаў, якія не разлічаны на камфорт. У планах і засваенне ўнутранага дворыка Цэнтра - някепскага месца для арт-кавярні...

- Урэшце, калі тут стане зацесна, можна ж і надбудаваць новыя паверхі, - кажа Віктар Альшэўскі, і ты шчыра верыш, што мастак не жартуе, але акрэслівае патэнцыйную доўгатэрміновую перспектыву.

Неаспрэчна і тое, што дзейнасць Цэнтра не будзе абмяжоўвацца толькі сценамі. Прыкладам, ужо наступнай восенню ў Мінску чакаецца беспрэцэдэнтна вялікі фэст сучаснага мастацтва, які будзе зладжаны на досыць нетыповай для арт-выставак пляцоўцы.

Канцэптуальна стварэнне айчыннага Цэнтра сучасных мастацтваў магло адбывацца двума спосабамі. Першы з іх - гэта "ўсё і адразу": паўстанне новай установы, шыкоўнай, звышзатратнай і... даволі статычнай у сваім развіцці. Другі - паступовае і паэтапнае развіццё менавіта "з нуля", паверх за паверхам.

Апошні шлях падаецца куды менш эфектным: прыйшоўшы сёння ў згаданую камянічку на Някрасава, чалавек не выгукне "Вау!". Але затое ў выніку можа паўстаць менавіта той Цэнтр сучасных мастацтваў, які найбольш адпавядае нашым надзённым патрэбам. Паэтапна ўзводзячы паверх за паверхам, няма пагрозы пабудаваць лішні. Ды і вышыню столі ў кожным з іх можна разлічыць куды больш дакладна.

Як запэўніў Віктар Альшэўскі, пошукі аптымальнай мадэлі на падставе аналізу замежнага досведу спакваля адбываюцца і цяпер, у працэсе станаўлення. Менавіта тактыка "разведкі боем" дазволіць вызначыць як перспектыўныя напрамкі, так і тыя задумы, якія прывабныя толькі ў сваёй ідэальнай форме, альбо і ўвогуле з'яўляюцца "мёртванароджанымі". І ўжо ў працэсе карэкціраваць вектар развіцця, што, вядома, куды прасцей і танней, чым "работа над памылкамі".

- Рым жа таксама не адразу будаваўся, - кажа з гэтай нагоды Віктар Альшэўскі.

Будоўля - справа, якая не патрабуе спешкі. Але важна, каб яна ішла без прастояў. Аднак пры адсутнасці таго ж відэапраектара такі аптымістычны варыянт падзей наўрад ці можна прагназаваць.