Указ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 6 ад 5 студзеня 2012 г. Аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2011 года

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Разгледзеўшы прадстаўленні Міністэрства культуры і савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, пастанаўляю:

1. За выдатныя дасягненні ў галіне мастацтвазнаўства, выяўленчага, музычнага і тэатральнага мастацтва, аматарскай мастацкай творчасці, музейнай справы, навучання і выхавання творчай моладзі, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысудзіць спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2011 года:

Алейнік Кацярыне Васільеўне, артыстцы балета (салістцы) - вядучаму майстру сцэны дзяржаўнай тэатральна-відовішчнай установы "Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь", - за значны ўклад у развіццё сучаснага харэаграфічнага мастацтва, стварэнне яркіх сцэнічных вобразаў у балетных спектаклях тэатральнага сезона 2010/2011 года;

ансамблю салістаў "Класік-Авангард" установы "Беларуская дзяржаўная ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармонія" - за шматгадовую плённую працу па прапагандзе музычнага мастацтва Беларусі, стварэнне канцэртных праграм на музыку айчынных кампазітараў розных часоў;

Гладкову Яўгенію Пятровічу, загадчыку кафедры струнных народных шчыпкова-ўдарных інструментаў установы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі", прафесару, народнаму артысту Беларусі, - за выдатныя дасягненні ў галіне навучання і выхавання творчай моладзі, падрыхтоўку лаўрэатаў міжнародных конкурсаў;

Заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь "Харэаграфічны ансамбль "Зорка" дзяржаўнай установы "Цэнтр культуры "Віцебск" - за значны ўклад у эстэтычнае выхаванне дзяцей і падлеткаў, актыўны ўдзел у культурным жыцці Рэспублікі Беларусь і міжнародных творчых праектах;

калектыву дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль" - за значны ўклад у музейную справу, захаванне і прапаганду гісторыка-культурнай спадчыны, вялікую працу па развіцці міжнародных культурных сувязей;

Лазуку Барысу Андрэевічу, загадчыку аддзела старажытнабеларускай культуры дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", - за стварэнне кніг "Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе" і "Гісторыя сусветнага мастацтва. XVII - XVIII стагоддзі";

Масумян Бэле Амікаўне, артыстцы вышэйшай катэгорыі дзяржаўнай установы "Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага", народнай артыстцы Беларусі, - за высокае прафесійнае майстэрства і стварэнне высокамастацкіх вобразаў у спектаклях тэатральнага сезона 2010/2011 года;

творчаму калектыву рэстаўратараў установы "Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь" - за правядзенне рэстаўрацыі дзесяці твораў сакральнага жывапісу і ікон Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра, арганізацыю выстаўкі "Адкрыццё святой прыгажосці. Новае жыццё старажытных абразоў";

Шутаву Генадзію Фёдаравічу, мастаку-графіку, члену грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў", заслужанаму дзеячу мастацтваў Рэспублікі Беларусь, - за значны ўклад у развіццё сучаснага выяўленчага мастацтва і стварэнне ўнікальных нацюрмортаў.

2. Міністэрству культуры ажыццявіць выплату спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2011 года са сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

3. Вызваліць сумы прэмій, атрыманых у адпаведнасці з дадзеным Указам, ад абкладання падаходным падаткам з фізічных асоб.

4. Дадзены Указ уступае ў сілу з дня яго падпісання.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А.ЛУКАШЭНКА

5 студзеня 2012 г.

г. Мінск.