(Заканчэнне. Пачатак у № 51.)
...Адрыян Віктаравіч як чалавек выхаваны ў шляхецкім асяроддзі спачатку перажываў гэтую меладраматычную гісторыю моўчкі, усё трымаў у сабе. А потым, відаць, не стрымаўся. Прыйшоў у царкву, дзе Урубель угары, на будаўнічых рыштаваннях, прарысоўваў фігуры святых. Паглядзеў-паглядзеў на гэтую прыгажосць Прахаў і крыкнуў: "Міхаіл Аляксандравіч, калі ласка, спусціцеся ўніз!.." Урубель паслухмяна спусціўся. "Натурай вам, відавочна, паслужыла мая жонка?" - Прахаў кіўнуў на постаць Багародзіцы. Падабенства было відавочнае. Мастак маўчаў. "Павінен вас папярэдзіць, гэта дабром не скончыцца. Ваша безрозумавае захапленне маёй жонкай кампраметуе яе. Да таго ж, партрэтнае падабенства ў іканапісе зусім не да месца. Баюся, калі так пойдзе далей, пра новы заказ не можа быць і гаворкі. А пакуль я вам раю за мой кошт з'ездзіць у Венецыю і павучыцца тэхніцы мазаікі. Магчыма, гэта спатрэбіцца вам пры апрацоўцы Уладзімірскага сабора. Магчыма..."
І Урубель з'ехаў у Італію, каб папрацаваць і забыцца. Там з галавой акунуўся ў работу, вывучаў каларыт твораў венецыянцаў Карпача і Беліні, а па вяртанні зрабіў у гэтым ключы натхнёныя вобразы Святога Пісання.
Калі Урубель вярнуўся ў Кіеў, яго да Прахавых ужо не запрашалі. Вось тады да яго і прыйшла дзёрзкая задума Дэмана. Аднак і тут першыя накіды гэтага злога духа знаходзілі падабенства з Э.Прахавай, праўда, замест анёльскай чысціні Урубель выявіў на твары Дэмана грубую пачуццёвасць і хітрыкі. "Яна, зноў яна... Як жа мне пазбавіцца ад гэтай жанчыны?" - пакутаваў мастак.
Асабліва яго засароміла фраза Эміліі Львоўны: "Вы, Мішэль, надта дбаеце пра сябе. Гэта ўсім перашкаджае жыць і засмучае тых, каго вы думаеце, што любіце, а на самой справе засланяеце ўсё сабой у розных тэатральных позах. Любоў жа павінна быць дзейснай і самаахвярнай". Карацей, з прычыны высокага духоўнага і фізічнага напружання, любоўнай няўдачы Урубеля пачалі мучыць прыступы мігрэні (ці не тады пачалася яго хвароба, якая і прывяла яго 8 лютага 1910 г. да смерці ў пецярбургскай псіхбальніцы?)...
Яшчэ ён спрабаваў змагацца. Адправіў у камісію па будаўніцтве Уладзімірскага сабора серыю акварэльных эскізаў роспісу з тлумачэннем: "Я намагаўся зрабіць ілюзію Хрыста, па магчымасці, самай цудоўнай". Але эскізы забракавалі: маўляў, разыходзяцца з праваслаўным іканаграфічным канонам. І тут усё пайшло, як кажуць, шыварат-навыварат. Мастак пачаў моцна піць, стаў захапляцца іншымі жанчынамі, галоўным чынам - заезджымі актрысамі і танцоўшчыцамі, нядбайна ставіцца да сваіх твораў: мог парваць гатовую карціну, зверху скончанай маляваць іншую...
Распавяду пра адзін такі выпадак. Аднойчы да Урубеля прыйшлі А.Прахаў і В.Васняцоў (апошні таксама шмат працаваў ва Уладзімірскім саборы). Прыйшлі і пабачылі, што Міхаіл Аляксандравіч у ап'янелым стане храпе на сваёй маленькай канапе, а побач, на мальберце, - цудоўная карціна, якую мастак намаляваў, відаць, ноччу: "Маленне пра чашу, або Хрыстос у Гефсіманскім садзе". Узрушаныя карцінай нязваныя госці тут жа адправіліся ў Бібікаўскі завулак, у дом №12 да буйнога мецэната і калекцыянера Мікалая Цярэшчанкі і ўгаварылі яго, маўляў, пакуль не позна, паехаць да Урубеля. Узялі брычку і хутка прыехалі да мастака. Той ужо прачнуўся, сядзеў, увесь ускудлачаны, раз'юшаны, на канапе, відаць, марыў, як бы апахмяліцца. Палатно "Маленне..." вельмі спадабалася Цярэшчанку. Ён заявіў Урубелю: "Мілы Міхаіл Аляксандравіч, я купляю палатно за трыста рублёў, вось задатак. Толькі, прашу вас, больш нічога не рабіце, я заўтра раніцай прыеду, прывязу астатнія грошы!" "Так-так, канешне!" - пагадзіўся мастак. Тады гэта былі вялікія грошы.
Калі наступным ранкам Цярэшчанка разам з Прахавым прынёс грошы, Урубель драмаў, але не спаў. Побач стаяла карціна, дакладней, усё, што ад яе засталося: на палатне была намалявана экспрэсіўная напаўголая фігура рыжай цыркачкі на кані. Аказалася, гэта была італьянка Анна Гаппэ, якая працавала наезніцай. Убачыўшы нямое маўчанне гасцей, Урубель развёў рукамі: "Дарагія мае Мікалай Арцем'евіч і Адрыян Віктаравіч, я рад вас бачыць! Вось учора ўвечары хадзіў у цырк, потым захацелася намаляваць свае ўражанні... Палатна не было, дык я- зверху той карцінкі: раз і гатова! Не разумею вашых перажыванняў... Паглядзіце: гэта ж значна лепш!.."
Словам, паступова Урубель стаў расчароўваць сваіх сяброў несабранасцю і непаслядоўнасцю, "рассеяным вобразам жыцця" (словы яго бацькі). Нейкі час жыў без мэблі ў пакоі, які не ацяпляўся, кепска апранаўся. А зусім жа нядаўна быў час, калі зграбнасць, элегантнасць, вытанчанасць Міхаіл цаніў вышэй за ўсё, і не толькі ў жывапісе, але і ў адзенні. Калі пэцкаліся манжэты, ён ішоў купляць новую кашулю, хаця мог такім чынам застацца без абеду. Бывала, не меў грошай, але раніцай умываўся духамі, выліваючы ў тазік па цэлым флаконе. Аддаваў свае карціны за капейкі, каб купіць лішні цыліндр, гальштук або пару белых пальчатак. Віктар Васняцоў і Канстанцін Каровін, гледзячы на яго, бывала, шапталіся: "Еўрапеец, ганарысты пан, не тое што мы з табой, уцюгі!".
І вось здарылася такое... Але ўласнай галечы Урубель нібыта не заўважаў. Пісаў родным: "У мяне цудоўны пакой". Убачыўшы гэты "цудоўны пакой", тата, які наведаў Мішу ў 1886 годзе, жахнуўся: "Уся мэбліроўка - два простыя табурэты і ложак. Ні цёплай коўдры, ні цёплага паліто... Можа быць, у закладзе. У кішэні ўсяго пяць капеек, літаральна... Балюча, горка да слёз мне было ўсё гэта бачыць. Столькі ж было бліскучых надзей! А ўжо 30 гадоў. І што ж?"
Канешне ж, Урубель мог звярнуцца па дапамогу да Прахава, але тут ужо гордасць не дазваляла зневажацца перад учарашнім дабрадзеем, хаця той зрабіў для маладога Урубеля вельмі шмат чаго... У той жа час, як ні дзіўна, вельмі многа маляваў і рысаваў у сваіх блакнотах або проста на кавалачку паперы. Але яму ўжо было чым ганарыцца: галоўнае ў яго кіеўскім жыцці - ён распісаў сцяну Кірылаўскай царквы без папярэдняй прарысоўкі, і так экспрэсіўна, з глыбокім разуменнем формы, што ўсе ахнулі, у тым ліку і сам Прахаў! Канешне, ігнараванне з боку Прахава Урубель успрымаў як асабістую знявагу, але ўсё ж прыходзіў да яго і прапаноўваў свае паслугі ў распрацоўцы хаця б асобных элементаў роспісу. Бо Урубель, канешне ж, мог бы прэтэндаваць на такія работы ва Уладзімірскім саборы: ён ужо, як я казаў вышэй, зрабіў для гэтага шмат накідаў, акварэльных эскізаў біблейскіх сюжэтаў для сцен бакавых прыдзелаў.
Але вось тут і сыграла сваю негатыўную ролю тое самае няшчаснае каханне Урубеля да жонкі Прахава. І аднойчы Прахаў, відаць, не вытрываўшы сваіх душэўных перажыванняў, ад паслуг Урубеля, які вярнуўся з Італіі, адмовіўся. І гатовы ўрубелеўскі роспіс амаль напалову, дакладней, арнаменты, перапісаў, на больш нізкім узроўні, іншы мастак - Павел Свядомскі, узяўшы за аснову шэсць сюжэтаў з апошніх дзён жыцця Хрыста. Ну, а Міхаіл Урубель у 1889 г. пераехаў у Маскву, дзе, пасябраваўшы з Савай Мамантавым, зрабіў свае лепшыя творы. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя ў шчаслівай і, у той жа час, вельмі трагічнай біяграфіі Урубеля, не звязаная з маім сённяшнім героем. І таму яе апускаю...
Канешне, мяне як мастацтвазнаўцу вельмі цікавіць Адрыян Прахаў у якасці аўтара работ па гісторыі старажытнаегіпецкага, старажытнагрэчаскага і візантыйскага мастацтва, як буйны археолаг і рэстаўратар, які з сярэдзіны 1870-х гадоў пачаў выступаць мастацкім крытыкам, хаця ў гісторыю мастацтва ён увайшоў перш за ўсё як буйны археолаг, рэстаўратар, адкрывальнік фрэсак XII ст. у кіеўскай Кірылаўскай царкве, кіраўнік будаўніцтва і ўнутранага аздаблення Уладзімірскага сабора ў Кіеве. Дарэчы, ён рэдагаваў мастацкі аддзел штотыднёвага часопіса "Пчела", дзе пісаў пад псеўданімам "Прафан". А галоўным рэдактарам быў беларус Міхаіл Мікешын - той самы, які разам з земляком Іванам Шрэдэрам стварыў у Ноўгарадзе славуты "Помнік 1000-годдзю Расіі".
Захоплены сацыяльным мастацтвам перадзвіжнікаў, Адрыян Прахаў усведамляў іх гістарычную значнасць і імкнуўся садзейнічаць поспеху новага мастацтва. Гэты нядоўгі час (2-я палова 1870-х) найбольшага збліжэння з дэмакратычным жывапісам можна лічыць найлепшым у дзейнасці Прахава, які ў цэлым, трэба сказаць праўду, вылучаўся нейкай нясталасцю, хісткасцю ў поглядах, і ў рэшце рэшт "завязаў" з крытычнай дзейнасцю. Цікава, што першыя лекцыі Прахава ў Пецярбургскім універсітэце і ў Акадэміі мастацтва, яго першыя артыкулы выклікалі насцярожанасць і непрыязнасць дэмакратычнай мастацкай грамадскасці. Напрыклад, У.Стасаў у сваёй універсітэцкай лекцыі (26 лютага 1874 г.) яго наўпрост абвінавачваў за падтрымку тэорыі "мастацтва для мастацтва", "нявольнай і неўсвядомленай творчасці". З іншага боку, Прахаў у непрыстойна рэзкай форме мог без цырымоній высмеяць Стасава, які іншым разам захвальваў пасрэдныя, слабыя творы, а рэалізм разумеў вузка, толькі ў плане сюжэта, і мала надаваў увагі форме, не кажучы ўжо пра тое, што адмаўляў усё рускае мастацтва XVIII - 1-й паловы XIX стст.
Правадыр перадзвіжнікаў Іван Крамской таксама пільна сачыў за выступленнямі "пагардлівага ментара" Прахава, выказваючы нездавальненне ягонымі ідэямі, яго "ідэалістычнай эстэтыкай". Думка крытыка пра тое, што толькі праз "прыгажосць, дасканаласць формы выяўлення можна прыйсці да мастацкага твора ў сапраўдным сэнсе слова", з'яўлялася для Крамскога, прыхільніка дэмакратычнай тэндэнцыёзнасці, канешне ж, далёкай ад яго эстэтычных прынцыпаў.
Аднак хутка Прахаў перайшоў на іншыя рэйкі сваіх поглядаў на мастацтва перадзвіжнікаў. Перайшоў сам, незалежна ад прэсінгу яго апанентаў. І ўжо той жа самы Крамской у артыкуле "Рускія мастацкія крытыкі" кажа пра Прахава як пра выдатнага мастацтвазнаўцу, які "правільна разумее" крытычны рэалізм. Ды і Стасаў перастаў прылічваць Прахава да "тормаза рускага мастацтва", ацэньваючы таго як крытыка і "буйнога вучонага". Што і казаць, у Прахава была вельмі тонкая мастацкая інтуіцыя. Скажам, ён першым пабачыў своеасаблівы талент В.Сурыкава ў ягонай, яшчэ вучнёўскай, карціне "Апостал Павел перад судом Ірада Агрыпы". Празорліва вылучыў талент В.Васняцова і прадказаў яму славу гістарычнага мастака, адзначаючы яго "шчырасць і народнасць ва ўзнаўленні сцэн старадаўняга рускага жыцця і гісторыі". Першым адкрыў Тараса Шаўчэнку як таленавітага мастака. Захапляўся творамі Крамскога, Пярова, Ярашэнкі, Рэпіна, Макоўскага, Шышкіна, Куінджы, якія станавіліся яму ўсё бліжэй і больш зразумелымі. І тут жа кажа, што "рускае мастацтва" з Акадэміі знікла, і яно перастала быць цэнтрам галоўных мастацкіх сіл. Гэтая роля перайшла да "новага цэнтра" - Таварыства перасоўных выставак, якое складаецца з тых, каго "кансерватыўная кліка" выгнала з Акадэміі. Рэалізм - "Праўда, праўда, праўда!" - вось што патрэбна новаму часу, усклікае Прахаў. І падкрэслівае: "Па-за народнасцю няма мастацтва; толькі мастацтва Акадэміі можа быць касмапалітычнае - тое мастацтва, якому рашуча ўсё роўна, што адлюстроўваць, г. зн. яно нічога асабліва не любіць і нічога асабліва не ненавідзіць... Мастацтва ідэй, мастацтва ўнутрана перакананае, заўсёды глыбока нацыянальнае..." Мне здаецца, такая думка і сёння, зусім у іншы час, мае права на існаванне. Ці не так?..
Пасля закрыцця "Пчелы" і спынення чытання лекцый па гісторыі мастацтва ў Акадэміі, якая была незадаволена Прахавым з прычыны яго вельмі захопленых прызнанняў заслуг перасоўнікаў і рэзка крытычных водгукаў пра акадэмічныя метады выкладання, Адрыян Віктаравіч пераязджае ў Кіеў. Тут, цягам многіх гадоў, ён, як я ўжо расказаў, кіруе работамі па рэстаўрацыі старажытных цэркваў і па роспісе Уладзімірскага сабора (у апошніх удзельнічалі Урубель, Васняцоў, Несцераў). Толькі напрыканцы 1890-х гадоў Прахаў вяртаецца ў Пецярбург, дзе чытае лекцыі ва ўніверсітэце, вядзе аддзел у часопісе "Художественные сокровища России", але крытыкай больш не займаецца.
Адрыян Прахаў перажыў Урубеля на шэсць гадоў і пайшоў з жыцця 14 мая 1916га ў Ялце, але ў гісторыі мастацтва, акрамя ўсяго іншага, застаўся першым практычным настаўнікам вялікага Урубеля, якому ён даў дарогу ў бессмяротнасць... А Эмілія Львоўна перажыла свайго мужа на шэсць гадоў...
P.S. І яшчэ адно невялікае ўдакладненне. У мінулым нумары "К" паведамлялася пра ўстаноўку мемарыяльнай дошкі Адрыяну Прахаву. Дык вось, з'явілася яна на будынку Мсціслаўскага гісторыка-археалагічнага музея.