“Грыф” для касцельнага аргана

№ 52 (1023) 24.12.2011 - 06.01.2011 г

Пра што распавёў музейны экспанат?

/i/content/pi/cult/356/6808/pic_15.jpgНа Пружаншчыне спрадвеку жылі прадстаўнікі розных рэлігій. Сапраўдным адкрыццём для даследчыкаў мінуўшчыны сталі 20 адзінак дакументаў, якія захоўваюцца ў фондах Музея-сядзібы "Пружанскі палацык". Дзякуючы ім удалося ўзнавіць падрабязную храналогію падзей, звязаных з гісторыяй касцёла Узнясення Святой Дзевы Марыі ў Пружанах, які сёлета адзначае 130-годдзе з часу пачатку будаўніцтва. 

Згодна з архіўнымі дакументамі, 21 снежня 1878-га быў зацверджаны праект новага касцёла ў Пружанах і выдаткавана на яго ўзвядзенне 22 тысячы рублёў. Але дазвол меў абмежаванне: храм не мусіў стаць вышэйшым за іншыя будынкі ў павятовым горадзе. Менавіта таму архітэктар адмовіўся ад узвядзення вежаў, а скляпенні былі выведзены пад самы дах, каб максімальна выкарыстаць унутраны аб'ём. Асноўны акцэнт зроблены на галоўны фасад, які атрымаў строгую сіметрычную двух'ярусную кампазіцыю, характэрную для неакласіцызму. І вось 29 верасня 1883 г. касцёл Узнясення Святой Дзевы Марыі, Святой Ганны і Святога Караля Барталамея сустрэў вернікаў. З дакументаў вядома, што справа ад святыні ўзвялі амаль васьміметровую двухпавярховую званіцу. Алтар яе ўпрыгожвалі старыя іконы, у тым ліку "Маці Божая Вострабрамская".

Вялікія нястачы зведаў храм у час Першай сусветнай вайны: быў пашкоджаны будынак касцёла, амаль знішчана арганная частка. Але неўзабаве ў касцёле распачаліся аднаўленча-будаўнічыя работы. Пры падтрымцы шляхцічаў Пружанскага павета Дзяконскага і Марачэўскага ўдалося аднавіць арганнае памяшканне. Храм цалкам адрамантавалі: атынкавалі, пафарбавалі, замянілі дах і вокны, падлогу і ганкі вымуравалі, правялі электрычнасць. Прыкладна ў гэты час мог пачацца роспіс касцельнай столі.

Падрабязны інвентар 1933 г. апавядае і пра ўнутраны строй касцёла. У прыватнасці, ля алтара знаходзіліся скульптуры святых Пятра і Паўла, захоўваліся рэліквіі святога Казіміра. Разам са шматлікімі іконамі, адзеннем, сцягамі, культавымі прадметамі, мэбляй у храме меліся каштоўныя дакументы - метрычныя і шлюбныя кнігі, пачынаючы з 1663 г. Гонарам жа касцёла з'яўляўся дзесяцігалосны арган.

...Асобую старонку гісторыі касцёла складаюць падзеі, што адбыліся пасля Вялікай Айчыннай вайны. Узнавіць іх падрабязную храналогію дазволілі справаводчыя дакументы канца 1940 - пачатку 1950-х. Актам ад 2 сакавіка 1948-га ўказвалася: згодна з рашэннем выканкама Пружанскага райсавета ад 21 лютага 1948 г. №142 "О закрытии костела в гор. Пружаны", будынкі храма і званіцы апячатваліся, а маёмасць захоўвалася паводле вопісу ад 5 студзеня 1948-га.

Паводле ліста ад 24 жніўня 1950 г. №1103 Брэсцкага аблвыканкама памяшканне касцёла ў Пружанах аддавалася пад лекцыйную залу і стваралася камісія для зверкі наяўнасці апісанай маёмасці і вызначэння яе кошту. Камісія мусіла да 4 кастрычніка 1950 г. завяршыць работу і выказаць прапановы па выкарыстанні прадметаў. Для большай часткі рэчаў кошт так і не быў вызначаны. Напрыклад, грыфы "утиль" атрымалі падсвечнікі і крыжы, а "не ценятся" - рэлігійнае адзенне, абразы, сцягі, званы, келіхі, спавядальнікі. Размеркаванне храмавага начыння адбывалася паводле рашэння мясцовага выканкама ад 19 красавіка 1951 г. У дакуменце гаварылася: "Передать бесплатно Пружанскому Дому Соцкультуры для создания театральных кастюмов <...> капы, орнаты, знамена, чехлы, пояса. <...> Все остальные предметы, указанные в описи, использовать при ремонте Дома Соцкультуры, металические и другие негодные предметы сдать в утиль".

Складаная сітуацыя склалася і з арганам. 29 лістапада 1954 г. парткамісія райвыканкама склала акт, у якім гаварылася: "...Музинструмент "орган" не может быть использован где-либо в культпросветучреждениях республики (т.к. в нем нет нужды) и находится в разобранном виде. <...> Его металлические детали окислились, а деревянные - поточены червями и пришли в негодность. <...> Имеющиеся металлические части органа сдать по накладной в заготконторе "Вторцветмет", <...>деревянные в количестве 1,5 м3 заприходовать в РДК как дрова и израсходовать для отопления здания".

...Толькі 1 лютага 1993 г. касцельны будынак быў перададзены вернікам і распачаліся работы па яго рэстаўрацыі. Датай новага нараджэння касцёла Узнясення Святой Дзевы Марыі можна лічыць 1998 год. Акт аб яго рэкансэкрацыі ад 14 жніўня захоўваецца ў храмавым архіве.

Наталля ПРАКАПОВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Музея-сядзібы "Пружанскі палацык"