ДЗЕ ЗНАЙСЦІ “АПЕКУНА” АПЯКУНСКАМУ САВЕТУ?

№ 52 (1023) 24.12.2011 - 06.01.2011 г

Он-лайн-канферэнцыя: у пошуках сацыяльнага партнёрства. Ці бываюць інвестары, што не мысляць эканамічнымі катэгорыямі?

/i/content/pi/cult/356/6806/pic_12.jpgРэдакцыйны Інфацэнтр "Культура-інфа" правёў напрыканцы года восьмую сёлета он-лайн-канферэнцыю. Яна была прысвечана падвядзенню пэўных вынікаў 2011-га і тэме наладжвання сацыяльнага партнёрства паміж сферай культуры і дзяржаўна-прыватным бізнесам. Тэма такога партнёрства - адна з вядучых для сферы культуры і, адпаведна, для "К". Мы пастаянна асвятляем дзейнасць рэгіянальных аддзелаў культуры ў новых сацыяльна-эканамічных умовах. Праблем тут, як паказвае практыка, яшчэ вельмі шмат. Між тым, кіраўніцтвам краіны пастаўлена канкрэтная задача: няўхільнае развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства, абавязковае прыцягненне дадатковых сродкаў для далейшага развіцця ўстаноў культуры. І яшчэ адна дэталь. Міністэрства культуры не так даўно прааналізавала вынікі ажыццяўлення пастановы Савета Міністраў краіны "Аб зацвярджэнні Палажэння аб апякунскім савеце ўстаноў культуры" па фарміраванні складаў названых саветаў, якія і павінны стаць адмысловымі каталізатарамі пэўнага паляпшэння матэрыяльнай базы і паспяховага ажыццяўлення самых смелых творчых праектаў. Аналіз работы паказаў, што на месцах дадзенае пытанне іншым разам вырашаецца фармальна. Ёсць, гэтаму, як паказвае практыка, і шэраг аб'ектыўных тлумачэнняў. Безумоўна, парадак стварэння апякунскіх саветаў - добраахвотны. Але іх дзейнасць, па перакананні Міністэрства, адказвае надзённым інтарэсам перш за ўсё саміх устаноў культуры. Мэтазгоднасць саветаў відавочная там, дзе кіраўнікі арганізацый культуры шукаюць новыя формы і спосабы ўзаемадзеяння з патэнцыйнымі інвестарамі. А хто аспрэчыць актуальнасць і неадкладнасць дадзенага пошуку? Карацей, тэма дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва стане для рэдакцыйнага аддзела рэгіянальнай культуры прыярытэтнай і ў 2012 годзе. З гэтай нагоды мы распачнём новую рубрыку, канцэпцыю якой можна прыблізна вызначыць як "Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства". "К" мае намер прааналізаваць дзейнасць аддзелаў культуры ў звязцы з дзяржаўнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі, у кантакце з прыватным бізнесам. Як падаецца, менавіта за такім шчыльным узаемадзеяннем - будучыня. Сённяшняя он-лайн-канферэнцыя - працяг нашых ранейшых аналітычных разваг, а таксама - пачатак для серыі публікацый наступнага, 2012-га, года. Тэме сацыяльнага партнёрства будуць прысвечаны і аўтарскія артыкулы, а таксама нашы традыцыйныя "круглыя сталы" і "гарачыя лініі". Пагадзіцеся, грунт для зацікаўленай гаворкі - больш чым сур'ёзны... У он-лайн-канферэнцыі 2011 года ўзялі ўдзел начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ, старшыня Рагачоўскага райвыканкама Віктар БАНЧУК, намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандр ЧАГАН, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ, галоўны спецыяліст аддзела культуры Клімавіцкага райвыканкама і арганізатар пазабюджэтнай дзейнасці Наталля ГЕРАСІМАВА, начальнік аддзела культуры Івацэвіцкага райвыканкама Любоў ФОСЦІКАВА, дырэктар Абухаўскай дзіцячай школы мастацтваў Гродзенскага раёна Яўген ЯСЬКОЎ. 

 

adm:

- Вітаем усіх удзельнікаў нашай чарговай он-лайн-канферэнцыі! Мы сёння збіраемся і вынікі адыходзячага года падвесці, і прадоўжыць гаворку пра дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва, сацыяльнае партнёрства. Пачнем з вынікаў 2011га. Наколькі плённым у творчым плане ён стаўся для кожнага з вас?

Tsiarentsyeu:

- Вітаю ўсіх! Безумоўна, у нас назапашаны пэўны вопыт узаемадзеяння і доўгатэрміновых канструктыўных адносін з сацыяльнымі партнёрамі. Падстава для іх - галіновыя пагадненні паміж Віцебскай абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў культуры і ўпраўленнем культуры аблвыканкама, якія прадугледжваюць канкрэтныя меры па абароне законных працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў - членаў галіновага прафсаюза. adm: - А што адметнага ў сферы раённай культуры зроблена за 2011-ы на Рагачоўшчыне? Якія аб'екты здадзены, якія буйныя творчыя праекты рэалізаваны?

Banchuk:

- Добры дзень! Галоўная падзея года - адкрыццё новага будынка ДШМ, у тым ліку і з мастацка-эстэтычным кірункам дзейнасці для дашкольнікаў (на бюджэтнай і пазабюджэтнай аснове). Цяпер маем магчымасць навучаць больш за 600 дзяцей. Усяго на рамонт і добраўпарадкаванне з мясцовага бюджэту пайшло больш за 500 мільёнаў рублёў... "К" пісала пра стварэнне нашага экамузея "Беларуская лялька". У Ільічэўскім СДК распачаў дзейнасць Інфармацыйна-камунікацыйны цэнтр па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Тут ёсць пяць камп'ютараў, скайпкамера, набор сучаснай капіравальнай тэхнікі. Падобны цэнтр адкрываецца і ў пасёлку Беліцк.

adm:

- А ці шмат прыкладаў сацыяльнага партнёрства?

Banchuk:

- Без такога партнёрства пражыць цяпер няпроста. Святы вёсак, да прыкладу, ярка і цікава праходзяць там, дзе яны падтрымліваюцца сельвыканкамамі ды школамі. І ў нас такіх прыкладаў шмат. А аддзел культуры, у сваю чаргу, дапамагае арганізацыям ды прадпрыемствам ў святкаванні юбілеяў, урачыстасцей, у падрыхтоўцы рэкламна-інфармацыйнай прадукцыі.

adm:

- Наколькі цікавым быў 2011-ы для Івацэвіччыны?

Fostsikava:

- Вітаю ўдзельнікаў канферэнцыі! Вельмі коратка пра сёлетнія вынікі. Правялі ІІ Раённае свята фальклору "Край чарнічны, край музычны", Абласны фестываль "Тэатральнае Палессе". Амяльнянскі СДК адсвяткаваў 30-годдзе. Майстар-кераміст з вёскі Соміна Ала Капыціч стала членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Шмат перамог на самых розных конкурсах ды фестывалях здабылі нашы самадзейныя калектывы і асобныя творцы. Карацей, звыклы для нас, па-добраму напружаны, год.

adm:

- Напэўна, ёсць шмат прыкладаў і сацыяльнага партнёрства?

Fostsikava:

- Самы красамоўны з іх, як падаецца, - дзейнасць нашага аўтаклуба, што вельмі шчыльна супрацоўнічае з чатырма дзясяткамі раённых арганізацый і службаў.

adm:

- І ўсё ж канкрэтныя прыклады маюцца?

Fostsikava:

- Трэба ўлічыць, што ў зоне абслугоўвання мабільнай установы - 73 вёскі, гэта больш за сем тысяч жыхароў. Натуральна, без пастаянных кантактаў з сельвыканкамамі і старастамі вёсак тут проста не абысціся. Не менш уплывовыя партнёры - тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. А таксама - сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, медыцынскія арганізацыі, усе без выключэння раённыя службы. І з кожнай мы заўжды знаходзім паразуменне. Больш за тое: і прыватны бізнес не пакідае нас паза ўвагай. Да прыкладу, неабыякавымі да нашых праблем застаюцца такія індывідуальныя прадпрымальнікі, як Вензелева, Кавановіч, Піскун, Курылік...

Banchuk:

- У нас жа прыватны бізнес стаў больш, так бы мовіць, успрымальным да творчых праектаў, што рэалізоўваюцца ў раёне. Менавіта такую актыўнасць праяўляюць гаспадары аграсядзіб "Спатканне", "Залаты Рог", дзе прадаецца наша сувенірная прадукцыя. Дзякуючы прыватнаму бізнесу ў нас з'явілася выставачная зала.

Jaskou:

- Добры дзень, калегі! Наша школа - сельская, невялікая, 117 вучняў. Тым не менш, дзейнасць яе пабудавана збольшага на пастаянным супрацоўніцтве з абласной філармоніяй. Так што з канцэртамі ў нас пабывалі самыя знаныя музыканты. А прадстаўнікі Гродзенскага музычнага каледжа падтрымліваюць нас метадычна, рэгулярна ладзяць у ДШМ майстар-класы... Дарэчы, у 2014-м наша ўстанова адзначыць 25-годдзе.

adm:

- А якія, цікава, у сельскай невялікай ДШМ пазабюджэтныя даходы і з чаго яны складаюцца?

Jaskou:

- Складаюцца з платных паслуг, бацькоўскай платы за навучанне, канцэртнай дзейнасці, спонсарскай дапамогі... Сёлета ў адпаведнасці з планам заробім каля 11 мільёнаў рублёў.

 adm:

- Сума, шчыра скажам, не з малых. Ёсць, напэўна, і праблемы з выкананнем "пазабюджэткі"?

Jaskou:

- Праблема - з пошукам канцэртных пляцовак. Свае паслугі можам прапанаваць толькі сельгасвытворчаму кааператыву, школе і дзіцячаму садку. А ў Гродзенскім раёне - шэсць музычных школ і школ мастацтваў, ды плюс філіялы. Уявіце, якая канкурэнцыя! Таму наша ДШМ дае канцэрты (як у вёсцы, так і ў раёне) разам з Цэнтрам культуры і дасугу.

adm:

- Адзін са складнікаў пазабюджэтных даходаў - спонсарская дапамога. У сувязі з гэтым патрэба ў апякунскім савеце - больш чым надзённая?

Jaskou:

- Натуральна! І мы ўжо вядзём работу ў гэтым кірунку. На мой погляд, у савет павінны ўвайсці прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, арганізацый розных форм уласнасці, прадпрымальніцкіх колаў, грамадскіх аб'яднанняў, педагогі і бацькі навучэнцаў - усе тыя, хто зацікаўлены ў развіцці ўстановы... Але пакуль асновай застаецца дзяржаўны ўклад. Толькі на набыццё музычных інструментаў з райбюджэту выдаткоўваецца штогод ля ста мільёнаў рублёў. Тут мы, напэўна, першыя ў вобласці.

adm:

- Якім павінен быць апякунскі савет у сферы культуры?

Chagan:

- Вітаю ўсіх! Савет павінен працаваць у рамках прававога поля, бо дзейнасць савета звязана з грашовымі сродкамі. Таму ўсё павінна быць празрыстым, дакладна акрэсленым і рэгламентаваным. Апякунскі савет аб'ядноўвае неабыякавых людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і дакладным разуменнем патрэб культурнай сферы.

Fostsikava:

- А я лічу стварэнне апякунскіх саветаў не заўжды мэтазгодным. На маю думку, гэта досыць фармальнае фарміраванне, якое не надта паўплывае на фінансавую падтрымку нашых устаноў. Уявіце, колькі трэба папер, каб зарэгістраваць савет, каб правесці заканадаўча кожную дабрачынную капейчыну! Стаўку робім не на гэта, а на асабісты аўтарытэт кожнага з кіраўнікоў нашых устаноў культуры. Яны са спонсарамі кантактуюць непасрэдна, забяспечваючы такім чынам падтрымку, якую атрымлівае ўстанова ў адпаведнасці з заканадаўчымі нормамі.

Jaskou:

- Відаць, няма вялікай патрэбы ў стварэні апякунскага савета, скажам, для маленькага сельскага клуба. А ДШМ па сваёй грамадска-сацыяльнай структуры не можа існаваць у, так бы мовіць, адасобленай прасторы... Іншая справа, што для выніковай дзейнасці апякунскага савета, як я лічу, варта забяспечыць умовы для з'яўлення фондаў па падтрымцы бюджэтных арганізацый. У такія фонды і ўкладалася б частка падаткаў дзяржаўных ці прыватных прадпрыемстваў. Будучыя спонсары і мецэнаты павінны на ўласныя вочы пераканацца, што культура - важкая частка нашай ідэалогіі.

Banchuk:

- Апякунскія саветы неабходна разглядаць як працяг і ўдасканаленне тактыкі сацыяльнага партнёрства сферы культуры і прадстаўнікоў грамадскай, гаспадарчай, вытворчай сфер ды бізнесу. Асновай дзейнасці такога савета можа стаць куратарства і суправаджэнне самых розных творчых праектаў.

Kamarouskaja:

- Добры дзень! Дабрачынны савет Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа быў створаны ў 2010 годзе. На агульным сходзе калектыву ўстановы старшынёй абраны Анатоль Грэкаў, колішні начальнік аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама. У склад савета ўвайшло 38 чалавек, сярод якіх- шмат творцаў, але і не толькі яны з намі ўзаемадзейнічаюць.

adm:

- Якія мэты і задачы апякунскага савета пры Музеі Якуба Коласа?

Kamarouskaja:

- Яны досыць разнастайныя. Гэта і распрацоўка праектаў, скіраваных на развіццё нашай установы, і прыцягненне фінансавых сродкаў юрыдычных і фізічных асоб на мерапрыемствы па ўшанаванні памяці Якуба Коласа ў Беларусі і за яе межамі. Нашы апекуны аказваюць дапамогу ў набыцці і фарміраванні музейных фондаў, у наладжванні міжнароднага супрацоўніцтва, у правядзенні канферэнцый, семінараў, выязных выставак. Укараненне сучасных інфармацыйных тэхналогій, мемарыялізацыя мясцін, звязаных з асобай Якуба Коласа, аказанне кансультатыўнай і фінансавай дапамогі па захаванні нерухомых мемарыяльных аб'ектаў, якія ўваходзяць у склад музея (ці знаходзяцца на балансе апошняга), - гэта таксама задачы нашага дабрачыннага савета. Апекуны дапамагаюць нам у ажыццяўленні выдавецкай і рэкламнай дзейнасці, садзейнічаюць арганізацыі і правядзенню сацыяльна-культурных мерапрыемстваў. adm: - А якія прыклады спонсарства ў Клімавічах?

Gerasimava:

- Вітаю ўсіх! Апякунскі савет (праўда, афіцыйна ён пакуль не зарэгістраваны) быў створаны для падтрымкі Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці "Залатая пчолка". Сёлета яго ўдзельнікамі сталі звыш тысячы дзяцей з краін далёкага і блізкага замежжа. Зразумела, для правядзення падобнага маштабнага мерапрыемства патрабуюцца значныя фінансавыя сродкі. Наш райвыканкам у бягучым годзе звярнуўся да дырэктараў арганізацый і ўстаноў Магілёўскай вобласці з просьбай аказаць падтрымку ў правядзенні фестывалю. Партнёрам мы гарантавалі размяшчэнне рэкламы ды іх інфармацыйнае прасоўванне.

adm:

- І ці шмат было партнёраў?

Gerasimava:

- Так: 15 арганізацый. Гэта мясцовыя прадпрыемствы, скажам, Клімавіцкі лясгас, Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод, абласныя кшталту "Прадбудтэхсэрвісу" Магілёўскай фабрыкі марожанага, а таксама буйныя рэспубліканскія, аператар мабільнай сувязі... Напрыклад, фабрыка марожанага набыла для ўсіх удзельнікаў фестывалю глазіраваныя сыркі, а Клімавіцкі цэментны завод - мяккія цацкі, "Беларусбанк" закупіў ноўтбук...

 adm:

- Пытанне - да намесніка старшыні Дзяржынскага райвыканкама. Ці задаволены вы сённяшнім станам дабрачынных спраў у раёне? Ці хапае "баяздольнасці" вашым апякунскім саветам? Калі не, дык у чым прычына гэтага?

Chagan:

- Не задаволены. На маю думку, галоўная сённяшняя праблема - адсутнасць у кіраўнікоў устаноў культуры навыкаў і ўменняў работы з грамадскімі аб'яднаннямі, увогуле з грамадскасцю раёна. Няма ў іх камунікатыўных навыкаў, яны, на жаль, не топ-мэнэджары, бо не мысляць эканамічнымі катэгорыямі, а спадзяюцца толькі на бюджэтнае фінансаванне. А для таго, каб прыцягнуць да сябе мецэнатаў, трэба ўмець паднесці, прэзентаваць сваю ўстанову культуры, патрэбна абавязкова мець аўтарытэт і пэўную вагу ў сацыякультурным жыцці свайго рэгіёна.

adm:

- А цяпер давайце пагаворым пра перспектывы...

Banchuk:

- У нас - шмат перспектыўных задумак. У райцэнтры збіраемся адкрыць Палац Кнігі. Ёсць намер падключыць да Інтэрнэта ўсе сельскія бібліятэкі, пабудаваць для ДШМ канцэртную залу. Для вядучых творчых калектываў клубных устаноў мяркуем вырабіць сцэнічныя касцюмы, прыдбаць сучасную апаратуру... Усё гэта вымагае значных фінансавых сродкаў.

Fostsikava:

- На 2012-ы запланавалі рэканструяваць кінатэатр у Косаве пад Дом культуры. У бюджэце для гэтага закладзена больш за два мільярды рублёў. Плануем завяршыць рамонт Івацэвіцкага гісторыкакраязнаўчага музея, які пераведзены ў новы будынак... Натуральна, праблемы ёсць, але механізмы іх вырашэння закладзены ў Дзяржпраграме "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады.

adm:

- Пытанне - да Уладзіміра Цярэньева. Якія прыярытэты дзейнасці ўстаноў культуры ў наступным годзе, у тым ліку і ў развіцці сацыяльнага партнёрства? Якія праблемы варта вырашаць найперш?

Tsiarentsyeu:

 - У 2012-м рыхтуемся да святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 1150-годдзю Полацка, да Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім, да Рэгіянальнага свята мастацтваў "Дзвіна - Двина- Daugava", да Рэспубліканскага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні "Халіхало-2012". Гэта не лічачы нашых традыцыйных фестываляў "Звіняць цымбалы і гармонік", "Браслаўскія зарніцы", "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне"...

adm:

- А якія мэты ў Музея Якуба Коласа?

Kamarouskaja:

- Адна з асноўных - збор сродкаў на стварэнне і ўстаноўку скульптурнай кампазіцыі "Якуб Колас. Роздум" на тэрыторыі музея ў Мінску. Аўтар - заслужаны дзеяч мастацтваў краіны Андрэй Заспіцкі. На адкрыты рахунак (3642935450040 у філіяле № 529 "Белсувязь" ААТ "ААБ Беларусбанк", МФО 153001720, УНП 190267001) паступаюць сродкі ад неабыякавых людзей. У наступным годзе з дапамогай апякунскага савета плануем устанавіць памятны знак з нагоды першай сустрэчы Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сядзібе Смольня, рэстаўраваць леснічоўку "Ласток", дзе будучы паэт жыў з бацькамі з 1885 па 1890 гады, мяркуем стварыць там экспазіцыю "Сымон-музыка"...

adm:

- А што ўжо зроблена?

Kamarouskaja:

- За час дзеяння савета ў дар музею паступіла звыш 500 адзінак захоўвання, сярод якіх - чатыры ілюстрацыі да паэмы "Новая зямля" Васіля Шаранговіча, часопіс "Исторический вестник" 1896 года, "Энциклопедический словарь" Бракгауза і Эфрона, грашовыя знакі... Пры падтрымцы і ўдзеле старшыні савета два гады запар ладзім фестывалі юных талентаў "Сымонкавы нашчадкі", пленэры "Блакіт незабудак", арганізавалі турнір па міні-футболе "на прыз" Якуба Коласа, на Мемарыяльнай сядзібе "Смольня" закладзены сквер "Дрэва жыцця"...

Gerasimava:

 - У 2012-м збіраемся стварыць апякунскі савет у Клімавіцкай дзіцячай школе мастацтваў. Ён будзе садзейнічаць паспяховай дзейнасці ўстановы культуры, прыцягваць пазабюджэтныя і іншыя дадатковыя крыніцы фінансавання, аказваць дапамогу ў пошуку партнёраў для супрацоўніцтва і гэтак далей.

adm:

- Што, па вашым меркаванні, патрэбна зрабіць, каб спонсарства і мецэнацтва сталіся звыклай з'явай?

Chagan:

- Лічу, неабходна надаць увагу двум кірункам: захаванню традыцыйнай культуры Дзяржынскага рэгіёна, а таксама максімальнаму павелічэнню колькасці і якасці відаў культурных паслуг для насельніцтва. Напэўна, толькі так можна павялічыць інвестыцыі ў развіццё масавай культуры... Каб спонсарства і мецэнацтва сталіся звыклай з'явай, магчыма, трэба рабіць дзяржзаказ на правядзенне сацыяльна значных культурных акцый і мерапрыемстваў з прыцягненнем, да прыкладу, 20 працэнтаў спонсарскіх сродкаў на рэалізацыю таго або іншага праекта. У такім конкурсе могуць прымаць удзел усе ўстановы культуры (па аналогіі з новым механізмам фінансавання кінавытворцаў).

Замест рэзюмэ

Як бачна нават з гэтай он-лайн канферэнцыі, наладжванне партнёрства, дзяржаўна-прыватных стасункаў у сферы культуры, а таксама стварэнне апякунскіх саветаў ва ўстановах галіны сям-там знаходзіцца ў, мякка кажучы, зародкавым стане. Канечне, тое ж сацыяльнае партнёрства ў клубнай, бібліятэчнай, музейнай дзейнасці можна звесці і да адно толькі ўнутрыпрафсаюзнага стасункавання, скіраванага на абарону працоўных правоў. Але тройчы правы намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандр Чаган, калі запэўнівае ўдзельнікаў нашага сённяшняга он-лайна ў тым, што ў кіраўнікоў устаноў культуры адсутнічаюць, на жаль, навыкі і ўменні работы з грамадствам і грамадскімі аб'яднаннямі, а таксама жаданне "мысліць эканамічнымі катэгорыямі". У тых установах культуры, дзе такое жаданне ёсць, знаходзяцца і сацыяльныя партнёры, найпершыя з якіх (у вясковых рэгіёнах) - кіраўнікі сельвыканкамаў, сельгасвытворчых кааператываў, не толькі дзяржаўных, але і прыватных прадпрыемстваў. Безумоўна, у гэтым кірунку наша рэгіянальная культура робіць першыя крокі. І галоўнае тут, як падаецца, - усё ж такі рабіць гэтыя крокі, а не таптацца на месцы.

Матэрыялы он-лайн-канферэнцыі падрыхтавалі Яўген РАГІН і Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ