Трэнды спадчыны

№ 52 (1023) 24.12.2011 - 06.01.2011 г

Выніковасць 2011-га: паўтара мільёна цаглінак для замка і сцены для сядзібы Орды

/i/content/pi/cult/356/6802/pic_6.jpgУ справе адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны гэты год выдаўся ўраджайным. Некаторыя "пасевы" нядаўніх даробкаў ужо "ўскаласілі", некаторыя яшчэ толькі паказаліся па-над зямлёй, бы тыя рэшткі вежаў і муроў Навагрудскага замка... Працэс, як кажуць, ідзе - без асаблівай спешкі, якая, у дадзеным выпадку, зусім недарэчы. І гэта сведчыць пра паслядоўнасць дзяржаўнай палітыкі ў справе захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей. Прыгадайма толькі некаторыя з сёлетніх набыткаў у дадзенай галіне, прааналізуем зробленае, а таксама паспрабуем акрэсліць перспектыўныя кірункі. 

 

Што такое музейны перформанс?

Нясвіжскі замак ізноў з'явіўся ў стужках навін вельмі дарэчы: акурат у той час, калі людзі зазвычай плануюць свае навагоднія святы. Ды і нагода была не абыякая - адкрыццё пасля рэстаўрацыі трох новых залаў: Каміннай, Бальнай і Малой Сталовай. Як адзначыла намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Наталля Жарко, цікавасць да яго турфірм адразу прыкметна ўзрасла. Тым больш, неўзабаве яна была падмацавана і іншай інфармацыйнай нагодай: Нясвіж перахапіў эстафету акцыі "Культурная сталіца Беларусі" на наступны год. Наталля Жарко таксама паведаміла, што ўжо да праваслаўнага Ражджаства турыстаў, магчыма, будуць чакаць новыя падарункі...

Паэтапнае адкрыццё Нясвіжскай рэзідэнцыі стала досыць арыгінальным па беларускіх мерках эксперыментам: турысты былі дапушчаны на той аб'ект, дзе яшчэ шчыравалі рэстаўратары. Адважыўшыся на яго, спецыялісты вырашылі, што гэтае суседства не будзе перашкаджаць абодвум бакам. Запытаў у навуковага кіраўніка аб'екта Сяргея Друшчыца, ці спраўдзіла сябе такая практыка.

- Так, мы пераканаліся ў тым, што некаторыя рэстаўрацыйныя работы цалкам могуць спалучацца з экскурсіямі. Зрэшты, за мяжою гэта практыкуецца ўжо даўно, і калі вы зойдзеце, скажам, у знакаміты рымскі сабор Пятра і Паўла, дык абавязкова пабачыце ў адным з яго куткоў рыштаванні, якія цягам апошніх гадоў, падаецца, ніколі не знікаюць, а толькі перасоўваюцца з месца на месца. Назіраць за працай рэстаўратараў турыстам нават цікава...

Па словах навуковага кіраўніка, прасоўванню справы перашкаджалі не турысты, але нематываваная крытыка ў некаторых СМІ і на прасторы Інтэрнэта, аўтары якой не скупіліся на эпітэты і не заўсёды дбалі пра аргументацыю ўласных высноў.

- Людзі, не абцяжараныя грунтоўным багажом ведаў па гісторыі і архітэктуры, безапеляцыйна выказваюць уласную пазіцыю: маўляў, зроблена не тое і не так, - кажа Сяргей Друшчыц, - адным махам перакрэсліўшы ўсе тыя шматгадовыя высілкі, якія рабілі навукоўцы, архітэктары, рэстаўратары, будаўнікі, мастакі... Калі б тыя "крытыкі" звярнуліся па каментарыі да аўтарытэтных спецыялістаў, альбо калі б яны побач са сваёй пазіцыяй агучылі і альтэрнатыўную - як гэтага і вымагае журналісцкая этыка, - такія публікацыі не былі б настолькі аднабаковымі ды перадузятымі. Зрэшты, нешта тлумачыць можна толькі тым, хто хоча слухаць...

Ацэньваючы працу рэстаўратараў, многія абапіраюцца выключна на ўласны густ альбо ўяўленні. Так, пра іх спрачацца не выпадае, але... Права выносіць вердыкты ў такой дыялектычна складанай справе, як аднаўленне даўніны і прыстасаванне яе да сучасных патрэб, маюць толькі аўтарытэтныя спецыялісты. Па словах Сяргея Друшчыца, першыя іх водгукі ўжо былі атрыманы.

- Мерваванні экспертаў UNESCO ў цэлым станоўчыя, - кажа ён. - Па лініі гэтай арганізацыі мы атрымалі прапанову ўжо налета правесці ў Нясвіжскай рэзідэнцыі першую міжнародную навуковую канферэнцыю. Мы прапанавалі такую тэму, як рэстаўрацыя манументальнага жывапісу. Гэта звязана з тым, што на Беларусі выконваюцца папраўдзе ўнікальныя нават па сусветных мерках работы - я маю на ўвазе рэстаўрацыю фрэсак СпасаЕфрасіннеўскай царквы ў Полацку. Дарэчы, вялікія плошчы роспісаў былі адноўлены і ў самім Радзівілаўскім замку, а неўзабаве распачнуцца работы па рэстаўрацыі фрэсак нясвіжскага касцёла Божага Цела...

Праўда, па словах архітэктара, для правядзення сімпозіумаў на такім высокім узроўні ў Нясвіжы пакуль бракуе добрага гатэля - той, які неўзабаве адкрыецца ў колішняй стайні, прызначаны перадусім для "шараговых" турыстаў, а не для VIP-гасцей.

 Зрэшты, "абрастанне" замка належнай інфраструктурай на любы густ і кішэню - гэта не адзіная актуальная задача на будучыню. Няспынна развівацца будзе і само котлішча Радзівілаў: ставіць кропку ў рэстаўрацыі не выпадае нават пасля афіцыйнага адкрыцця аб'екта.

- На маю думку, галоўнае ў нас атрымалася, але казаць пра тое, што мы стопрацэнтна выканалі рэстаўрацыйнааднаўленчыя работы, пакуль не выпадае, - мяркуе Сяргей Друшчыц. - За лічаныя гады, бадай, немагчыма знайсці тыя сродкі ды магчымасці, што патрэбны для адраджэння назапашанай пакаленнямі Радзівілаў велічы замка. Так, нам удалося агулам сфарміраваць яго інтэр'еры ў адпаведнасці з дакументальнымі крыніцамі, але з часам да іх патрэбна будзе вяртацца для дапрацоўкі асобных дэталей. Натуральна, гэтая карпатлівая праца спешнасці не патрабуе...

Як ужо паведамлялася раней, у бліжэйшай будучыні зменіць сваё аблічча і адна з вежаў замка, выгляд якой пасля рэстаўрацыі ўжо не першы год з'яўляецца мішэнню для крытыкі, гэтым разам- цалкам матываванай.

- На сённяшні дзень ужо распрацавана праектная дакументацыя, згодна з якой, вежа зноў набудзе барочны выгляд, - кажа Сяргей Друшчыц. - Вядзецца і збор грошай - як вядома, гэтыя работы будуць выкананы за кошт пазабюджэтных сродкаў. І я ўпэўнены, што з часам праблема вырашыцца. Гэта не толькі наша прынцыповае рашэнне, але і парада экспертаў UNESCO...

Як адзначыла Наталля Жарко, не завершыцца пасля адкрыцця і фарміраванне ды ўдасканальванне музейнай экспазіцыі. Установа прадоўжыць "паляванне" на артэфакты патрэбнага перыяду, што раз-пораз з'яўляюцца на аўкцыёнах.

А вось тыя арыгінальныя рэчы, што калісьці напаўнялі інтэр'еры радзівілаўскай рэзідэнцыі, сёння раскіданы па музеях і прыватных калекцыях, не раўнуючы, усяго свету. Натуральна, гутарка пра іх рэстытуцыю наўрад ці можа весціся. Але ж ёсць і іншыя механізмы вяртання радзівілаўскіх набыткаў у Нясвіж: праз стварэнне выставак альбо перадачу на дэпазіт.

- Спадзяюся, з часам гэтак і адбудзецца, - кажа Сяргей Друшчыц. - А дзе што знаходзіцца і да каго звяртацца, мы, збольшага, ведаем...

Балазе для гарантыі захаванасці музейных прадметаў у замку створаны ўсе ўмовы: сістэма бяспекі з відэанаглядам, сістэма кандыцыянавання паветра, супрацьпажарная сістэма... І ўся гэтая тэхнічная начынка адпавядае найстрогім міжнародным патрабаванням.

Без сумневу, налета прадоўжыцца і традыцыя правядзення культурных імпрэз у радзівілаўскім замку. Прычым не толькі "прывазных", але і ўласнага аўтарства. Своеасаблівая прэзентацыя анімацыйнай праграмы, створанай самім музеем-запаведнікам, адмыслова для трох нядаўна адкрытых залаў, адбудзецца 28 снежня.

- У нашым штаце цяпер ёсць два супрацоўнікі, якія займаюцца менавіта гэтай працай, - кажа Наталля Жарко.

На сайце новая атракцыя пазначана як "музейны перформанс". А вось падрабязна тлумачыць, што ж гэта такое, Наталля Жарко пакуль адмовілася. Маўляў, калі раскрыць усе карты, дык знікне інтрыга, а для падобных дзей яна патрэбна, бы соль для ежы.

 

Схаванае стала бачным

У Сяргея Друшчыца будзе бракаваць часу на адпачынак і ў наступным годзе: адзін яго аб'ект амаль завершаны, але другі - акурат "распачынаецца"...

Яшчэ ўвесну начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры краіны Ігар Чарняўскі абяцаў грамадскасці , што работы ў Навагрудскім замку могуць распачацца ўжо сёлета. Прагноз спраўдзіўся. На Замкавай гары сёння можна ўбачыць шмат новага і цікавага.

Не так даўно многія лічылі, што ад Навагрудскага замка ацалелі толькі руіны дзвюх вежаў. І хіба "далучаныя" адмыслоўцы ўсведамлялі няпоўнасць такіх уяўленняў, бо пад слоем грунту хаваліся і парэшткі іншых пабудоў. Дзякуючы археалагічным раскопкам (распачатым, дарэчы, пад час "прэс-суботніка", арганізаванага рэдакцыяй "Культуры" з нагоды Міжнароднага дня помнікаў і памятных мясцін) цяпер можна займець куды лепшае ўяўленне пра колішні выгляд замка.

- Раскопкі дазволілі раскрыць тое, чаго яшчэ не бачыў ніхто з нашых сучаснікаў,- кажа Сяргей Друшчыц.- Як выявілася, муры сям-там захаваліся на вышыню ажно ў два метры!..

Плануецца, што амаль усё раней "схаванае" назаўсёды стане яўным. Выключэнне складуць толькі тыя фрагменты, ператварэнне якіх у "трывалую (і бяспечную!) руіну" крайне праблематычнае - нават з дапамогай тых інжынерных хітрыкаў, што плануецца выкарыстаць для большага змацавання між сабою старых камянёў.

Як адзначыў Сяргей Друшчыц, распрацаваную яшчэ ў мінулым стагоддзі канцэпцыю лёсу знакамітага замка (кансервацыя руін плюс частковае аднаўленне Шчытоўкі для стварэння там музейнай экспазіцыі) сёння можна лічыць планам дзеяння. Яна была адобрана і Рэспубліканскай навукова-метадычнай радай, і ўладнымі структурамі, і незалежнымі спецыялістамі ў галіне рэстаўрацыі... Досыць рэдкі ў гэтай галіне выпадак, калі паразуменне стала лёгкім ды ўсеагульным.

Што да частковай рэстаўрацыі Шчытоўкі... На думку навуковага кіраўніка, стварэнне там музейнай экспазіцыі і турбюро мае "стратэгічную" важнасць: Замкавая гара не павінна заставацца без пастаяннага дагляду, а ажыццяўляць яго без канкрэтнага "гаспадара" даволі праблематычна.

Добра запоўніўся рэкламны пасыл: купляючы білет латарэі "Скарбніца", грамадзянін нібыта дадае ўласную цагліну, патрэбную для захавання старадаўніх муроў. Паводле папярэдніх падлікаў, усяго такой цэглы спатрэбіцца прыкладна паўтара мільёна адзінак.

 - Гэта не так і шмат,- кажа Сяргей Друшчыц. - Але тая цэгла, натуральна, павінна быць зроблена паводле ўзораў сапраўднай. З гэтым якраз і праблема. Спадзяёмся, што нам удасца вырашыць яе сіламі беларускіх вытворцаў...

З першымі замаразкамі работы прыпыніліся: наступіў халодны перыяд, ды і з іх фінансаваннем узніклі пэўныя праблемы - як перакананы Сяргей Друшчыц, часовыя. І калі зямля зноў адтае, на Замкавай гары з'явяцца археолагі, а потым і рэстаўратары.

 

Сцены вырастаюць з падмуркаў

Да эпітэту Беларусі як "Краіны замкаў" сёй-той дадае: "...І палацаў". Таму падводзячы вынікі года, нельга не згадаць і адкрыццё пасля рэстаўрацыі шыкоўнай сядзібы ў Жылічах, і адчувальных змен у абліччы палаца ў Косаве, і доўгачаканы пачатак аднаўлення былой велічы Залесся Агінскіх...

Ініцыятыва дзяржавы па перадачы "незапатрабаваных" помнікаў спадчыны ў прыватныя рукі прасоўваецца зусім не сямімільнымі крокамі, нярэдка "буксуючы" на месцах. Але ж адчувальны плён яна ўжо прыносіць. Напрыканцы года адразу тры былыя сядзібы былі выстаўлены на аўкцыёны. Маёнтак Патоцкіх у Беразіне займеў новага гаспадара, а вось не меншая, здавалася б, турпрыцягальнасць сядзіб у Падароску і Савейках, на жаль, пакуль што засталася патэнцыйнай.

Заканамерна, што асаблівую ўвагу на колішнія палацы звярталі пад час сваіх праверак супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Большасць з гэтых помнікаў спадчыны сёння стаіць закінутая, намінальныя ўласнікі ды мясцовыя ўлады па-ранейшаму не робяць нават першачарговых крокаў па іх захаванні. У той самы час, з'явіўся прэцэдэнт зусім іншага кшталту. Дом, дзе нарадзіўся знакаміты мастак і кампазітар Напалеон Орда, аднаўляецца, фактычна, з нуля.

- Акурат на пачатку месяца пачалі ўзводзіць яго сцены, - распавёў начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзімір Шэляговіч. - Папярэдне ж былі ўмацаваны падмуркі, адрэстаўраваныя аўтэнтычныя скляпенні... А ў наступны год мы плануем асвоіць каля мільярда рублёў - і, такім чынам, збольшага, завяршыць будаўнічыя работы. Ведаючы стаўленне да гэтага аб'екта нашага губернатара Канстанціна Сумара, я спадзяюся, што нам удасца ўрэчаісніць задуманае...

Аднаўленне палаца мае стаць толькі першым этапам ажыццяўлення праекта. На падставе архіўных даследаванняў і археалагічных раскопак плануецца аднавіць і гаспадарчыя пабудовы маёнтка (агульным лікам 21), сажалкі, прысады...

Пакуль што ўсе работы вядуцца за муніцыпальныя сродкі - як абласныя, так і раённыя. Але райаддзел культуры не спыняе і сваіх пошукаў інвестара. І таму можна спадзявацца, што адноўленая сядзіба стане адметным досведам дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва. І не выпадае сумнявацца ў тым, што апошняе стане адметнай тэндэнцыяй у сферы адраджэння спадчыны на наступныя гады.