Утульны Мінск 1960-х

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылася выстаўка Георгія Скрыпнічэнкі, прысвечаная 940-годдзю Мінска. На ёй вядомы беларускі жывапісец і графік прадставіў свае раннія творы — шматлікія алоўкавыя і акварэльныя замалёўкі старых вулачак і будынкаў сталіцы.

 /i/content/pi/cult/131/680/Minsk.jpg
Г.Скрыпнічэнка. "Дворык ля Універсітэта".  
Гарадскія эцюды сталі для Г.Скрыпнічэнкі своеасаблівай школай майстэрства: ён рабіў іх дзесяткамі, а пасля складваў на паліцах — як чарговы этап мастакоўскай працы. Але яны былі таксама і магчымасцю выпрабоўваць ідэі, якія наталялі яго творчасць у грунтоўных і знакавых жывапісных палотнах.
На гэтых невялікіх работах некаторыя будынкі і завулкі пазнаеш адразу. Але многія відарысы для маладзейшага гледача застаюцца загадкай, якую можна разгадаць, толькі прачытаўшы назву. Дзівішся таму, як выглядала, напрыклад, Свіслач з боку Дома афіцэраў, праспект, вулачкі са старымі дамкамі, якіх сёння ўжо няма ў сталіцы. Іх ціхае і нетаропкае жыццё адпавядала няспешнай хадзе таго часу. Яны амаль бязлюдныя, напоўненыя спакоем, ціхамірнасцю — такому ўражанню спрыяе мяккая і пластычная мадэліроўка формы. Тут мастак акцэнтуе ўвагу на натурным бачанні. Але ў некаторых з ранніх работ тоіцца прадчуванне позніх. У іх ёсць пэўная ўмоўнасць у адлюстраванні асяроддзя, графічнасць выяў, лакальнасць і спрошчанасць колеравай гамы, сімволіка, якая ўводзіцца ў прастору палатна ненавязліва, але мэтанакіравана.
Гэтыя работы — зусім не настальгічнае назапашванне ўспамінаў: проста, мастак некалькі гадоў запар вельмі добрасумленна занатоўваў гарадскія відарысы. Тут не адчуваецца сум аб былых культурных рэаліях, але ёсць выразна выяўленыя мастакоўскія эмоцыі ад угледжанага ўтульнага асяроддзя. Мастак кадрыруе віды, фіксуе іх фрагментарна, і гэтым надае работам адчуванне «імгненнасці». Але такі кампазіцыйны прыём не азначае выпадковасці матываў — у іх яскрава выяўлена ўнутранае жыццё горада з пазіцыі зацікаўленага аўтарскага ўспрымання.

Наталля ШАРАНГОВІЧ