Час, адліты ў бронзе

№ 52 (1023) 24.12.2011 - 06.01.2011 г

Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў пазіцыянуе сябе і як своеасаблівы "аналітычны цэнтр", што адсочвае і асэнсоўвае працэсы "свайго" сегмента беларускай культуры.

Пацвярджэннем адказнай ролі стала навукова-практычная канферэнцыя "Сучаснае манументальна-дэкаратыўнае мастацтва Беларусі: стан і перспектывы", што адбылася 22 снежня. Яна падводзіла вынікі года, які ў айчыннай культурнай прасторы прайшоў таксама і пад знакам манументальнага мастацтва.

У сваім слове да ўдзельнікаў канферэнцыі першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі падкрэсліў тую важную ролю, якую адыгрывае манументальнае мастацтва ў фарміраванні духоўных прыярытэтаў нацыі. Рэктар Акадэміі Міхаіл Баразна ў дакладзе падкрэсліў узрастанне грамадскай актуальнасці айчыннай мастацкай школы пасля набыцця краінай незалежнасці. Паводле яго слоў, ад цяперашняга пакалення творцаў трэба чакаць перадусім увасаблення іх бачання свайго часу, а ён, як вядома, не стаіць на месцы. Дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ Армэн Сардараў прааналізаваў развіццё айчыннага манументальнага мастацтва, - ды зрабіў выснову аб яго цяперашняй "дэсакралізацыі" і рэдукцыі каштоўнасных арыенціраў.

Амаль усе закранулі ў сваіх дакладах такія праблемы сферы, як непаразуменні з заказчыкамі, якія нярэдка дыктуюць аўтарам сваю волю альбо скажаюць задумы, так і пасіўнасць ды "спажывецкую" пазіцыю, уласцівыя некаторым мастакам. На думку загадчыка сектара сучаснай сусветнай архітэктуры і дызайну ІМЭФ імя К.Крапівы НАН Беларусі Алы Шамрук, нізкі ўзровень многіх увасабленняў сучаснай пластыкі нельга тлумачыць толькі воляй заказчыкаў: шмат што залежыць і ад аўтараў. Дыскусія сабрала кагорту прафесіяналаў усіх пакаленняў. Але, як адзначыў Міхаіл Баразна, плён яна займее тады, калі яе вынікі стануць адчувальнымі і для тых мінакоў, што шыбавалі міма вокнаў галерэі БДАМ.