Чып для Чыпаліна

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

Музычная капэла “Санорус” пад кіраўніцтвам Аляксея Шута радуе дзятву новым музычна-тэатральным пачастункам — “Чыпаліна”.

/i/content/pi/cult/355/6790/10-4.jpg

Рэцэпт прыгатавання наступны: казка Джані Радары + музыка з аднайменнага балета + лялечны тэатр аднаго акцёра. І ўсё гэта - прыблізна за 50 хвілін. Падобная практыка ўвасаблення музыкі для калектыву не навінка. Прыблізна гэтак жа, на сінтэзе мастацтваў, будавалася знаёмства з музыкай балета "Стойкі алавянны салдацік" беларускага кампазітара Марыны Марозавай, з класікай П.Чайкоўскага - "Шчаўкунок", іншымі творамі. Падобным тэатралізаваным чынам была ўвасоблена і опера Андрэя Мдзівані "Маленькі прынц", за якую кампазітар быў уганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Але галоўнае - праз такія "мабільныя" і адначасова жывыя сімфанічныя паказы да акадэмічнай музыкі далучаецца не толькі сталічная, але і, у першую чаргу, перыферыйная аўдыторыя: капэла выступае і ў маленькіх гарадках, і на сяле, дзе ёсць адпаведныя ўмовы.

Сцэнаграфія "Чыпаліна" - гэта шырма ў выглядзе куба, бакі якога можна гартаць, бы кніжныя старонкі. Астатні "рэквізіт" - вялізныя плоскія лялькі, каляровыя ды вясёлыя. Дзіцячая радасць забяспечана! Вось толькі... аркестр у "Чыпаліна" атрымліваецца на другім плане. І справа не толькі ў празрыстай завесе, якая адмяжоўвае яго ад публікі і лялечнага відовішча. Пэўна, літаратурны тэкст, пры ўсім артыстызме яго пераказу, можна было б скараціць, ахвяраваўшы некаторымі падрабязнасцямі. Пры жаданні бацькі потым перачыталі б гэту казку дзецям самі. Тады ў спектаклі атрымалася б больш не толькі музыкі, але і ўласна эмацыйнага настрою, які яна павінна выклікаць, не застаючыся ўсяго "ілюстрацыяй" да відовішча. Тым больш, што яна таго вартая - з запамінальнымі, выразнымі мелодыямі, у выдатным выкананні.

Фота Пятра ОВАДА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"