“Зіма” і іншыя трохкутнікі

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

Пра рух і эфект ветразя

/i/content/pi/cult/355/6787/9-5.jpg

 

У сталічнай "Галерэі мастацтва" праходзіць выстаўка жывапісных работ "Шматкроп'е" мастака Андрэя Савіча.

 Атрымаўшы адукацыю ў Беларусі і за мяжой, ён выпрацаваў уласную творчую манеру і з'яўляецца арыгінальным прадстаўніком сучаснага беларускага мастацтва. На выстаўцы прадстаўлены новыя эксперыментальныя творы майстра.

Жывапісная творчасць Андрэя Савіча ілюструе сутнасць такога кірунку сучаснага жывапісу, як абстрактны экспрэсіянізм, заснаваны на традыцыях "класічнага" абстрактнага экспрэсіянізму сярэдзіны ХХ стагоддзя, але з уласцівым сучаснікам пераасэнсаваннем творчай спадчыны прадстаўнікоў мадэрнізму. Мастак знаходзіць цікавыя для сябе формы, трансфармуе іх у іншыя субстанцыі, насычае індывідуальнымі асаблівасцямі. У выніку атрымліваецца зусім новы твор - і па форме, і па змесце.

Калі форма ў працах Андрэя Савіча блізкая па стылістычных асаблівасцях еўрапейскім і амерыканскім майстрамдадаістам ХХ стагоддзя, то змест свае карані вядзе ад нацыянальнай глебы: натхненне аўтар чэрпае ў прыродзе роднага краю. Менавіта беларускім краявідам прысвечана вялікая частка яго твораў.

Таксама атрымала водгук тэма, якая хвалявала авангардыстаў пачатку ХХ стагоддзя. Гаворка пра тэорыю колеру ў жывапісе, да якой Андрэй Савіч звяртаецца даволі часта: "Чырвоны", "Рух чырвонага да белага", "Золата", "Белы", "Срэбра". Майстра прыцягваюць формы, якім уласцівая дынаміка, у асноўным, трохкутнай канфігурацыі, але аўтар адлюстроўвае іх статычна: канцэптуальна вырашаючы сутнасць паняцця "рух"- "Вяршыня", "Трохкутнікі", "Зламаная дыяганаль", "Ветразь" і іншыя працы.

Выяўленчыя сродкі Андрэя Савіча вельмі разнастайныя для станковага жывапісу: ён часта выкарыстоўвае чорны колер, уводзячы яго альбо ў тонкую па жывапісным каларыце храматычную, альбо ў эфектную ахраматычную гаму; звяртаецца да буйнарэльефнай фактуры, зверху яе наносячы экспрэсіўную каліграфію. Асновай фармальнай пабудовы кампазіцый з'яўляюцца геаметрычныя або адвольныя па форме плямы. У многіх творах ролю кампазіцыйнага цэнтра іграе яркая каляровая, як можа падацца на першы погляд, клякса ("Рух", "Маланка", "Нататнік"). Аднак, як бы густа ні былі насычаны працы хаатычнымі плямамі, размашыстай каліграфіяй, якая мімаволі імкнецца за межы палатна, адчуваецца клопат з боку аўтара аб дэкаратыўным размеркаванні фарбаў, аб спалучальнасці гэтых плямаў. Гэта сведчыць аб надзвычайным дары Андрэя Савіча даводзіць да гледача сваю ідэю ў найбольш лаканічнай форме, даносіць першапачатковую задуму ў яе архетыпе.

Андрэй Савіч лічыць: "Жывапіс як сродак самавыяўлення не саступае музыцы, а пры неабходнасці можа быць больш дакладным, чым слова, бо валодае сваім уласным унікальным сродкам, базавай адзінкай - колерам". І выстаўка "Шматкроп'е" гэтаму пацвярджэнне: тут мы бачым вялікую любоў да жывапісу, да творчай спадчыны беларускага і замежнага мадэрнізму. "Шматкроп'е" - гэта не канец, а пачатак новага этапу ў эксперыментальнай творчасці мастака, этапу адкрыццяў, пераўтварэнняў і смелых рашэнняў.

Вераніка ЮРЭВІЧ-МАЛАШЧУК