“Terra Nova” ў “Ракурсе”

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

або ракурс новай зямлі?

/i/content/pi/cult/355/6786/9-3.jpg

У мінскай галерэі "Ракурс" на другім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося адкрыццё ІІІ фестывалю лічбавага мастацтва "Terra Nova" - форуму, які за нядоўгі час свайго існавання здолеў прыцягнуць увагу аматараў і майстроў лічбавай камеры, камп'ютарных фотарэдактараў і відэапраграм.

 На адкрыцці форуму дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі пацвердзіў зацікаўленасць бібліятэкі ў мерапрыемствах падобнага кшталту. Ён сказаў: "Мерапрыемства сапраўды іміджавае і, у тым ліку, дзякуючы яму Мінск становіцца адным з цэнтраў лічбавага мастацтва Усходняй Еўропы". Галоўны куратар фестывалю Фёдар Ястраб зазначыў, што форум развіваецца вельмі хутка, з кожным годам становіцца ўсе больш работ у жанры відэа-арта, камп'ютарнай графікі і лічбавага фота. Усе больш замежных мастакоў прадстаўлена ў Мінску (у гэтым годзе выстаўляюцца творцы з сямі краін - Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Кітая, Нарвегіі, Украіны). "Міжнацыянальны дыялог стваральнікаў новага мастацтва - гэта адна з галоўных задач форуму. Аўтарам не ставяцца нейкія тэматычныя рамкі, ўсе прадстаўленыя работы праходзяць жорсткі адбор па якасці, сэнсавай напоўненасці, але творцы могуць выказвацца па ўсіх пытаннях, якія іх хвалююць", - зазначыў куратар.

Тым не менш, можна вылучыць нейкую ніць, якая існуе ў большасці прадстаўленых на фестывалі работ, - гэта канфлікт: як унутраны, экзістэнцыйны, так і вонкавы - з навакольным грамадствам і, што вельмі сімвалічна, з прыродай, якая ў "лічбавага" чалавека выклікае адначасова трымценне і захапленне.

/i/content/pi/cult/355/6786/9-4.jpg Сярод прадстаўленых на фестывалі работ можна вылучыць некалькі груп твораў. Адна - гэта працы, зробленыя толькі на камп'ютары, без выкарыстання фотаасновы (напрыклад, "The Bird" Ларысы Кулік, "Хваля?" Анатоля Бяляўскага), другая - лічбавае фота, дзе пасляздымачная апрацоўка выкарыстоўваецца толькі як дадатак дзеля вылучэння найлепшых бакоў здымка ("Выдыхаючае возера" Лолы Підлускай), і трэцяя - самая вялікая група - фотакалажы, дзе здымкі рэальных людзей, мясцін ці рэчаў фантасмагарычным вобразам змяняюцца, пераплятаюцца паміж сабою, уводзяцца ў нейкі іншы, "лічбавы" свет ("Пранікненне салюту з Дня Перамогі" Уладзіміра Сытчанкі, "Гіперсям'я" Наталлі Пятроўскай, безназоўныя працы Эвальдаса Іванаўкуса). Увогуле, на прыкладзе прадстаўленых работ можна вельмі дакладна ўбачыць эвалюцыю лічбавага мастацтва, паколькі сярод іх ёсць як і вельмі захапляльныя, са складанай тэхнікай, але некалькі пуставатыя сэнсава работы (падобных было вельмі шмат гадоў сем таму ў час актыўнага станаўлення лічбавага мастацтва ў нашай краіне), так і больш стрыманыя, але напоўненыя гульнёй зместаў ды большым густам творы. Варта спадзявацца, на наступным, IV-м, фестывалі апошніх будзе яшчэ больш.

Форум "Terra Nova" будзе доўжыцца больш за месяц. За гэты час у розных залах Нацыянальнай бібліятэкі, акрамя пастаяннай выстаўкі, адбудуцца прагляды відэа-арта, праграмы кароткаметражных стужак фестывалю "КінаVарка", рэкламных ролікаў, музычных кліпаў ды анімацыі. А 18 студзеня пройдзе ўрачыстае закрыццё фэсту і ўручэнне дыпломаў лаўрэатам па наступных намінацыях: "Лічбавае фота", "Камп'ютарная графіка", "Лічбавы жывапіс", "Відэаарт", "Відэакліп музычны", "Анімацыя", "Рэкламны ролік", "Кароткі метр".

Ф.А.