Барва “Блакітнага санета”

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

Хто “спаткаўся” з Максімам у Гродне?

/i/content/pi/cult/355/6785/9-2.jpg

На мінулым тыдні беларуская грамадскасць адзначыла 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Не засталіся ўбаку ад святкаванняў і ў Гродне- тым горадзе, дзе будучы паэт правёў дзіцячыя гады. Свой погляд на асобу Максіма-кніжніка прапанавалі і мастакі горада над Нёманам.

Выстаўка "Я хацеў бы сустрэцца з Вамі..." адкрылася ў Авальнай зале і капліцы Новага замка. Экспазіцыя створана з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску і Музея Максіма Багдановіча ў Гродне. Выстаўка ўключае графіку, жывапіс, скульптуру, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама копіі фотаздымкаў, лістоў сям'і Багдановічаў, зборнікі вершаў, біяграфічныя матэрыялы. Да тэмы жыцця і творчасці паэта звярнуліся вядомыя беларускія мастакі, у тым ліку Уладзмір Кожух, Аляксандр Ксяндзоў, Віктар Цвірка, Аляксандр Ларыёнаў...

"Блакітны санет" - так паэтычна называецца выстаўка, прэзентацыя якой адбылася ў Гродзенскай выставачнай зале. Творчы праект, ажыццёўлены спецыяльна да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, складаецца з работ сямі мастакоў, што ўбачылі чароўны свет паэзіі праз прызму ўласнага светаадчування.

Валянціна Шоба паспрабавала "знайсці сляды Пегаса..." у серыі графічных работ "Мне снілася", вядома, пад уплывам "Веранікі". Юрый Якавенка прадставіў свой новы праект з нізкі "Незакончаны санет" - трынаццаць карцін, нібыта трынаццаць вершаваных радкоў недапісанага верша. Уладзімір Панцялееў стварыў скульптуру паэта "Ля сіняй бухты", а ягоны сябра з Магілёва Андрэй Вараб'ёў убачыў паэзію ў метале і камені, выканаўшы кампазіцыі "Мара", "Палёт", "Пацалунак"./i/content/pi/cult/355/6785/9-1.jpg

Вікторыя Ільіна абрала для сябе тэму прыроды: так, убачыўшы карціны "Цёплы вечар", "Дзічка-груша", "Лён", "Кветкі асеннія", мімаволі ўзгадваеш пейзажную лірыку Багдановіча. На палотнах Аляксандра Сільвановіча "Вянок", "Белае возера", "Сон", "Горад залаты", "Чырвоныя кветы" адлюстраваны загадкавы, нават казачны свет.

Вершаваныя радкі класіка беларускай літаратуры кранулі нават літоўскага мастака з Друскінінкая Саўлюса Рудзікаса, які вырашыў узяць удзел у гродзенскай выстаўцы. Аўтар ў карціне "Здзіўленне" стварае настрой з санета "Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі..."

Галоўныя ж святочныя мерапрыемствы прайшлі, вядома, у Доме-музеі Максіма Багдановіча. У дзень нараджэння паэта адбылося пасяджэнне літаратурнай гасцінай, тэатралізаваная экскурсія "Марыя Апанасаўна запрашае", а таксама прэзентацыя выстаўкі "Гродна - калыска паэта", якая адлюстроўвае горад над Нёманам часоў Максіма Багдановіча вачыма беларускіх мастакоў Яўгена Шунейкі, Антона Вырвы ды іншых майстроў пэндзля.

Дар'я ЧАРКЕС

Гродна