Ігнацьеўская вастрыня

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

Пра жыццё ў “кіношных джунглях”

/i/content/pi/cult/355/6783/8-3.jpg

 Яўген Ігнацьеў... Выдатны мастак беларускага кіно. Таленавіты жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. А яшчэ ён быў цудоўным, камунікабельным чалавекам, якому было што расказаць - і пра сваё доўгае жыццё ў "кіношных джунглях", і пра сяброўства з такімі зорнымі асобамі, як В.Тураў і Г.Шпалікаў, В.Нікіфараў і У.Дзяменцьеў, М.Пташук і В.Рыбараў, Ю.Марухін і У.Бычкоў, Д.Зайцаў і Г.Гарбук, А.Забалоцкі і В.Чацверыкоў...

Як мастак-пастаноўшчык Яўген Ігнацьеў зрабіў шмат кінафільмаў, адзін з якіх - "Праз могілкі" - увайшоў у 1994 г. у лік лепшых 100 фільмаў свету пра вайну. Акрамя кіно, Яўген Аляксеевіч усё жыццё маляваў карціны, пейзажы, нацюрморты ў перапынках паміж кіназдымкамі альбо ў часы "бескарціння", калі быў свабодны ад "калектыўна-вытворчага". А калі выйшаў на пенсію, калі пакінуў кінастудыю "Беларусьфільм", цалкам перайшоў на станковы жывапіс, які стаў яго адзінай любоўю і ўцехай да самых апошніх дзён. А кіно... Кіно засталося ва ўспамінах як, відаць, найлепшая частка яго жыцця. Нагадаю толькі некаторыя яго стужкі: "Трэцяя ракета", "Чорнае сонца", "Магіла льва", "Чужая бацькаўшчына", "Радуніца", "Мяне завуць Арлекіна", "Чакай мяне, Ганна", "Усходні калідор", "Полымя", "Час выбраў нас" і, канешне ж, знакамітыя "Людзі на балоце".

Яўген Ігнацьеў належаў да тых майстроў, якія імкнуліся перадаць у кінадэкарацыі характар і своеасаблівасць літаратурнага і рэжысёрскага сцэнарыя, знайсці адэкватнае выяўленне зместу будучага фільма. Канешне, ад першых яго карцін да апошніх - як кажуць, вялікая адлегласць. Але усе гэтыя творы, нягледзячы на розніцу ў падыходах да тэматыкі і сюжэта, валодалі асаблівай ігнацьеўскай вастрынёй кампазіцыйных пабудоў, асаблівай "мяккасцю" яго мастакоўскіх адносін да ўсяго, да чаго дакраналася яго рука: ці то на здымках у павільёне кінастудыі, ці то на натуры альбо ў доўгіх кінаэкспедыцыях. Для яго дэкарацыя - не проста ігравая прастора. Гэта цэлы свет, свет эмацыянальнага ўплыву, свет сацыяльнай арыентацыі, свет жыцця "тыповых характараў" у "тыповых акалічнасцях", прапанаваных рэжысёрам. У той жа час - гэта свет і ігнацьеўскі, які як бы набывае і самастойнае значэнне.

Зусім маленькую частку кінематаграфічнай спадчыны мастака сёння можна пабачыць на выстаўцы твораў Яўгена Ігнацьева, што экспануецца ў Музеі гісторыі беларускага кіно. Экспазіцыя прымеркавана да Дня нашага экраннага мастацтва. Там таксама ёсць і станковы жывапіс, і некаторыя "прадметныя" рэчы мастака, так бы мовіць, пастаянныя спадарожнікі нястомнага шукальніка прыгажосці і для сябе, і для сваіх калег, і, галоўнае, для нас, удзячных гледачоў...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"