Падзарадка для рэалізму?

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

Суб’ектыўнае кола вядучага кірунку

/i/content/pi/cult/355/6782/8-2.jpg

Працягваючы рэалізоўваць канцэпцыю максімальна шырокага прадстаўлення беларускага выяўленчага мастацтва, Палац мастацтва адкрыў у сваіх сценах выстаўку "Суб'ектыўны рэалізм".

Выстаўка "Суб'ектыўны рэалізм" дазваляе атрымаць уяўленне пра тое, у якім стане знаходзіцца сёння рэалістычнае мастацтва, ацаніць патэнцыял далейшага развіцця. На сучасным этапе развіцця беларускага мастацтва неабходна, перш за ўсё, разабрацца з тэрміналагічнымі асаблівасцямі. У значнай ступені гэта тычыцца тэрміна рэалізм. Англійскі жывапісец Джон Канстэбль з уяўнай прастатой раіў мастакам задавольвацца напісаннем толькі таго, што яны бачаць; маўляў, ім варта раз і назаўсёды адмовіцца ад усялякіх класічных, барочных, неакласічных або рамантычных дзівацтваў ды фантазій і проста глядзець вакол, адлюстроўваць тое, што адкрываецца іх воку...

Такім было паходжанне рэалізму. Насамрэч гэты падыход не такі просты, як можа падацца на першы погляд, паколькі, калі справа даходзіць да малюнка, мастакі, сапраўды, вельмі рэдка адлюстроўваюць рэальнасць дзеля яе самой. Памежная лінія, якая праводзіцца зараз паміж рэалізмам і "фармальным" мастацтвам, ляжыць не на стыку мастацкіх плыняў, у літаратурна-сюжэтнай плоскасці. Сёння складваецца сітуацыя, калі "разуменне" сюжэта паступова становіцца асноўным паказчыкам рэалістычнасці твора. І гэта няправільны шлях развіцця, які дазваляе мастаку хавацца за сюжэтам, ігнаруючы прафесійнае ўдасканаленне. Пачынаючы з 1990-х гадоў у творчым асяроддзі вядуцца спрэчкі аб тым, якім шляхам павінна развівацца беларускае выяўленчае мастацтва. За гэты перыяд было прыведзена мноства довадаў на карысць розных меркаванняў, але большасць экспертаў сыходзяцца ў наступным: найважнейшай задачай на цяперашнім этапе развіцця з'яўляецца захаванне і развіццё акадэмічных традыцый у беларускім мастацтве.

/i/content/pi/cult/355/6782/8-1.jpgТэматычная шматфігурная кампазіцыя стала найбольш спрэчнай часткай экспазіцыі. Не падлягае сумненню, што развіццё гэтага жанру з'яўляецца важным аспектам для ўсяго напрамку рэалістычнага жывапісу. З іншага боку, стварэнне шматфігурных карцін патрабуе ад мастака найвышэйшага майстэрства і сур'ёзнай акадэмічнай падрыхтоўкі. Першая небяспека, якая падсцерагае мастака, які рызыкнуў звярнуцца да сацыяльнай тэматыкі, заключаецца ў другараднасці мастацкіх задач суадносна з літаратурнымі. З гэтай найскладанай задачай спраўляюцца далёка не ўсё, але пры гэтым можна адзначыць і ўдачы, як, напрыклад, працы Уладзіміра Уродніча і Аляксея Панцюка-Жукоўскага.

Паказальным момантам з'яўляецца тое, што праяўляюць актыўнасць маладыя мастакі. Пераканаўча глядзяцца маладыя аўтары, якім давядзецца вызначаць у найбліжэйшай будучыні твар "новага" беларускага рэалістычнага мастацтва. Сярод іх - Вера Асядоўская, Васіль Пяшкун, Павел Масленікаў, Вольга Мельнік, Ганна Конанава, Усевалад Швайба. Складнікам паспяховага развіцця любога працэсу з'яўляецца "падсілкоўванне" яго новымі ідэямі, і менавіта на маладое пакаленне ўжо цяпер ускладаецца гэтая задача.

Важнае месца ў экспазіцыі заняў пейзаж. Валерый Шкаруба і Мікалай Ісаёнак паказваюць, які шырокі спектр трактоўкі гэтага жанру, што працягвае аказваць найважнейшы ўплыў на развіццё рэалістычнага мастацтва.

Сабраўшы шырокае кола ўдзельнікаў, выстаўка "Суб'ектыўны рэалізм", тым не менш, глядзіцца цэласна. Задачы, якія ставілі перад сабой арганізатары, у цэлым дасягнуты. Пры тым, што творчы працэс заўсёды выклікае мноства супярэчлівых эмоцый, рэалістычнае мастацтва застаецца найважнейшым кірункам беларускай выяўленчай культуры.

 Аляксандр ЗІНКЕВІЧ