Налібоцкае люстэрка з Урэцкай мануфактуры

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

Дык дзе ж знаходзілася “беларускае Мурана”?

/i/content/pi/cult/355/6781/14-4.jpg

Пакрасавацца перад люстэркам, думаецца, любілі і нашы продкі тысячы гадоў таму. Але ўбачыць сваё адлюстраванне першабытны чалавек мог хіба што ў азёрнай роўнядзі - першым прыродным люстэрку. Верагодна, з'яве адлюстравання прадметаў прыпісвалі нашы прашчуры і розныя магічныя ўласцівасці. Невыпадкова ў наш час дзяўчаты ў ноч перад Калядамі варожаць, карыстаючыся вадой і люстэркам...

Паліруючы прылады, выкананыя з цвёрдых крышталічных парод, чалавек звярнуў увагу, што здольнасць адлюстравання прадметаў уласцівая не толькі вадзе. Першыя ж вырабленыя люстэркі былі знойдзены пад час археалагічных раскопак селішча ЧаталГуюк у Турцыі. Менавіта там навукоўцы выявілі вырабы з вулканічнай масы - абсідыяну,- што датуюцца 8- 7 тысячагоддзямі да нашай эры. Да таго ж, з абсідыяну ды пірыту выраблялі рытуальныя люстэркі плямёны індзейцаў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі. Пазней, у эпоху ранніх металаў, люстэркі пачалі рабіць з бронзы ці медзі.

Прыемна, што гэта вынаходства старажытнай цывілізацыі не абмінула і беларускія землі. У прыватнасці, на гарадзішчы ранняга жалезнага веку, размешчаным каля вёскі Ліскі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, былі знойдзены два люстэркі дыскападобнай формы, адлітыя з бронзы. На адваротным баку гэтых дыскаў, па цэнтры, зроблены ручкі ў выглядзе пяцелек. Датуюцца ж гэтыя люстэркі VІІ- VІ стст. да н.э. Варта адзначыць, што гэта самыя старажытныя люстэркі, знойдзеныя на Беларусі.

 Як сведчаць артэфакты, дыскападобная форма бронзавых люстэркаў першапачаткова перакачавала ў Візантыю, а адтуль прыйшла і на тэрыторыю Кіеўскай Русі. Да прыкладу, люстэрка некалькі разоў згадваецца ў літаратурным помніку XII стагоддзя "Слова Данііла Заточніка", звернутым да князя Яраслава Уладзіміравіча.

Але якімі б ні былі прывабнымі люстэркі з бронзы, яны усё ж мелі адзін істотны недахоп. Пад уплывам паветра паверхня бронзавых люстэркаў цямнела, затым яны станавіліся мутнымі і гублялі свой бляск. З гэтай уласцівасцю металу спрабавалі неяк змагацца. Напрыклад, бронзавыя люстэркі змяшчалі ў футарал, куды ўкладвалася і невялікая губка са здробненай у парашок пемзай./i/content/pi/cult/355/6781/14-5.jpg

Шырокія колы насельніцтва беларускіх зямель, як і ўсёй Русі, ужывала люстэркі куды больш простай формы. Гэта былі дыскападобныя накрывачкі дыяметрам 4- 5 см. Унутраная прастора адной з іх апрацоўвалася свінцовай фольгай, паверх яе ўкладвалася гладка адпаліраванае празрыстае шкло. Падобныя складныя люстэркі змяшчалі ў скураныя футаралы і падвешвалі да пояса, што давала магчымасць пры неабходнасці дастаць яго і паглядзецца. Люстэркі менавіта такога тыпу былі знойдзены пад час раскопак у Віцебску, а таксама ў Вялікім Ноўгарадзе і Пскове.

Будучыня ўсё ж была за шклянымі люстэркамі. Спачатку гэта былі проста кавалкі чорнага або цёмнага шкла. Пра гэта, галоўным чынам, сведчаць знаходкі археолагаў пад час раскопак у Егіпце і Пампеях. Аднак прыкладна ў III стагоддзі да шкляных лістоў пачалі прыкладваць тонкую пласціну золата, срэбра альбо медзі. Тым не менш, з-за таго, што шкло было непаліраваным, такія люстэркі давалі недакладную выяву.

У XV стагоддзі свінец замянілі алавяннай фольгай, на якую налівалі ртуць. Апошняя растварала волава і добра прыліпала да шкла. Але люстэркі атрымліваліся цёмнымі, бо, як вядома з фізікі, ртуць паглынае вельмі шмат святла. Не дзіўна, што ртуць вырашылі замяніць срэбрам. У выніку люстэркі сталі больш светлымі, праўда, разам з тым, істотна падаражэлі.

Нарэшце, у 1516 годзе браты Андрэа і Даменіка з Мурана (востраў у Венецыянскай лагуне) прапанавалі вырабляць люстэркі з суцэльнага крыштальнага шкла. Дзякуючы гэтаму ноу-хау Венецыя стала манапалістам па вытворчасці люстэркаў. Сакрэт стварэння іх настолькі дбайна аберагаўся венецыянцамі, што майстар, які адважваўся раскрыць гэтую таямніцу чужаземцам, мог быць асуджаны на смерць.

У XVIII стагоддзі з'яўляецца багемскае шліфаванае шкло, якое выраблялася ў Чэхіі. Пры гэтым была наладжана і вытворчасць люстэркаў. Адтуль гэтая тэхналогія перайшла ў Польшчу, а затым і ў Вялікае Княства Літоўскае. Варта адзначыць, што першую мануфактуру на тэрыторыі Беларусі, дзе арганізавалі вытворчасць люстэркаў, заснаваў у 1717 годзе князь Радзівіл у мястэчку Налібокі, што сёння знаходзіцца ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. А праз дваццаць гадоў, у 1737-м, Ганнай Радзівіл была заснавана Урэцкая шкляная мануфактура, якая першапачаткова называлася люстраной. Цікавы факт: у 1741 - 1765 гадах кіраўнік гэтай мануфактуры Т.Шэрбер укараніў у вытворчасць выпуск люстэркаў па французскім, багемскім і англійскім узорах. Вырабы майстроў Урэцкай мануфактуры былі настолькі якасна выкананы, што і сёння не перастаюць уражваць наведвальнікаў Эрмітажа, Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве, львоўскага Музея этнаграфіі і мастацкай прамысловасці, нацыянальных музеяў Кракава і Варшавы.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДПУ імя Максіма Танка