Усё пачалося 15 гадоў таму…

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

32 рознажанравыя творы выкладчыкаў Беларускай акадэміі мастацтваў склалі экспазіцыю, якую слынныя мастакі прысвяцілі 15-годдзю Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава. Менавіта таму выстаўка так і называецца — “Юбілейны вернісаж”. Кожны з 14 творцаў нават у двух-трох карцінах змог заявіць аб самабытнасці свайго таленту.

 /i/content/pi/cult/131/678/15let.jpg
  М.Данцыг. "Лазенька". 
Як трыпціх і па каларыце, і па філасофскім светаадчуванні выглядаюць карціны Гаўрылы Вашчанкі “Забытая памяць”, “Мальба”, “Вечнасць”. У кожнай з іх — абагуленасць сімвалаў, трывожнае разуменне адыходзячага часу...
Васіль Шаранговіч прадставіў аўталітаграфіі з серыі “Памяці вогненных вёсак”. Абедзьве карціны — шматлюдныя, поўныя псіхалагічнага трагізму. Але калі “Хатынскае полымя” прываблівае сваёй жывапіснасцю, то ў “Мішэні” яскрава адчуваецца яшчэ і шматасацыятыўная метафарычнасць.
Анатоль Бараноўскі паказвае творы, якія экспанаваліся ў многіх краінах. Асабліва “павандравалі” яго “Бярозы”. Святло прасторы, ці прастора святла, уладарна заяўляе аб сабе ў гэтым вельмі лірычным пейзажы! А яго “Срэбраны люты” пашырае сцены галерэйнай залы да бязмежнасці.
З творчасцю Мая Данцыга светлагорцы знаёмяцца ўпершыню. Яго карціны пераканаўча пацвярджаюць, што пры ўсёй звычайнасці абраных тэм ён застаецца вельмі незвычайным мастаком — пранізлівым, абвострана адчувальным і псіхалагічна дакладным. Менавіта так выглядаюць яго “Лазенька”, “У порце”, “Зімовы вечар”.
Усяго адным творам прадстаўлены на выстаўцы Уладзімір Зінкевіч. Яго “Старое віно” — з вядомага цыкла аб старых рэчах. Вельмі пазнавальныя афорты Валерыя Славука “Восеньскі сад”, “Гульня ў шары”, з іх казачнай вычварнасцю сюжэтаў. Міхал Баразна — таксама не ўпершыню паказвае свае мастацкія фотаздымкі. Яго “Турэцкія дзённікі” так і хочацца назваць графічнымі творамі. Выклікае захапленне Валянціна Сідарава. Складанасць кампазіцыі, знітаванасць не менш складанага каларыту і нечаканасць афармлення яе карцін “Сіні дождж у гонар Ганса Гольбейна” і “Дарога ў Кентэрберы” нагадваюць, што гэтая мастачка — сапраўды наватарскага таленту.
Пазнавальныя для светлагорцаў і карціны В.Альшэўскага, В.Герасімава, Р.Раманкі, М.Кірэева. Такія розныя па стылістыцы і ў той жа час вельмі блізкія па таленавітым адчуванні зямной і нябеснай прыгажосці.
Упершыню мы маем магчымасць пазнаёміцца з творчасцю маладых выкладчыкаў акадэміі Ларысы Макатун і Уладзіміра Клімушкі. Дэкаратыўнасць, фрагментарнасць, імкненне да пошукаў новых жывапісных магчымасцей — вось што іх вылучае.
Нагадаем, што адкрылася галерэя 19 верасня 1992 г. Дзякуючы творчым сувязям з Беларускім саюзам мастакоў, Беларускай акадэміяй мастацтваў, Нацыянальным мастацкім музеем, Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва і, вядома ж, паўсядзённаму клопату раённага выканаўчага камітэта, галерэя цягам гэтага часу падтрымлівае зусім не правінцыйны ўзровень сваёй працы. Яна знаёміць з творчасцю знакамітых мастакоў Беларусі. Традыцыйнымі сталі рэспубліканскія і міжнародныя пленэры па жывапісе і скульптуры, да якіх галерэя мае дачыненне. У яе фондзе — 390 твораў выяўленчага мастацтва, у тым ліку карціны расійскіх, украінскіх, балгарскіх, армянскіх, нямецкіх мастакоў. З фондам нашай галерэі знаёміліся жыхары сталіцы, Гомеля, Бабруйска, Веткі.Добры рэзананс, у прыватнасці, выклікала выстаўка “Мастацтва са светлага горада”, паказаная ў Нацыянальным мастацкім музеі.
Не забывае галерэя і пра мясцовых мастакоў. Адбыліся персанальныя выстаўкі М.Пранішнікава, Б.Башынскага, У.Юшпраха, Ф.Пішчалы, І.Рагавой, Г.Лазарэнкі. У пастаяннай экспазіцыі — творы Г.Пранішнікава, у гонар якога названа галерэя. Толькі за апошнія 5 гадоў праведзена 2550 экскурсій, галерэю наведала 58 636 чалавек, адбылося 96 выставак.
Выстаўкай выкладчыкаў Беларускай акадэміі мастацтваў мы завяршылі 15-ты і распачалі 16-ты год карціннай галерэі.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ,
дырэктар Светлагорскай карціннай галерэі
“Традыцыя” імя Германа Пранішнікава