Не заснуць мне без “Сну…”

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

У дзень нараджэння Максіма Багдановіча тэлеканал “Беларусь 1” паказаў прэм’еру аўтарскага музычнага дакументальнага фільма Надзеі Гаркуновай “Сны Максіма”.

/i/content/pi/cult/355/6776/6-3.jpgМузычны фільм? З гэтым жанравым азначэннем у многіх асацыююцца хіба кінамюзіклы. А "музычны дакументальны"? Сапраўды, наконт "дакументальнасці" тут можна было і паспрачацца: напісанай высокім стылем сінтэзу мастацтваў аказалася гэта стужка. Хіба бывае штосьці падобнае на цяперашнім тэлебачанні?/i/content/pi/cult/355/6776/6-4.jpg

Да старых "песняроўскіх" запісаў далучыліся два харавыя творы ў выкананні калектыву Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі - бы таямніча сімвалічная рамка, сугучная еўрапейскасці паэта і адначасова яго зусім не плакатнай, а вельмі кранальнай беларускасці. Кожнай з песень папярэднічалі вершы, якія чытаў "сам паэт" у абліччы таленавітага артыста Купалаўскага тэатра Рамана Падалякі, і некалькі літаратуразнаўчых радкоў, што моўчкі месціліся побач. Гэтыя "падводкі"-трыялеты, дапоўненыя навуковымі "каментарыямі", быццам раскрывалі новы, не заўважаны раней сэнс такіх знаёмых кампазіцый "Песняроў" на чале з Уладзімірам Мулявіным. Тая ж "Лявоніха" раптам аказалася сугучнай "Вераніцы" - сваім болем расстання з каханай і прызнаннем за ўсё, што было: "спамяну цябе", "ніколі не забуду цябе я".

Чорна-белая "карцінка" не глядзелася як наўмыснае "рэтра". Гэты прыём дапамагаў засяродзіцца на тонкасцях амузычанай паэзіі і паэтычнай музыкі. А змест каляровых арнаментаў-кветак, што быццам "вышываліся" пад час песень па баках ад "іканапісных" выяў "Песняроў", растлумачыў харавы фінал: спявачкі перадавалі адна адной вышыты беларускі ручнік - сімвал душы нацыі і яе адданага сына Максіма.

Фільм адразу захацелася паглядзець яшчэ ды яшчэ. Вось толькі... хто яго ўвогуле ўбачыў - у будны дзень у 12.30? А між тым, выдадзеныя на дысках, "Сны Максіма" маглі б стаць цудоўным "метадычным дапаможнікам": паглядзеўшы іх з каментарыямі выкладчыка, моладзь атрымала б сапраўдны ўрок патрыятызму. І мастацкасці! А яшчэ ўмення "чытаць" паэтычную і музычную мову сродкамі кіно.

На здымках: Максім Багдановіч у акцёрскім увасабленні Рамана Падалякі і ў музычным - Уладзіміра Мулявіна.  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"