Экранны дайджэст

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

Новыя старонкі класікі

/i/content/pi/cult/355/6775/6-2.jpg

 

"Экран і культурная спадчына Беларусі" - так называецца ўнікальны зборнік матэрыялаў, падрыхтаваны Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук. Ён выйшаў на пачатку снежня ў выдавецтве "Беларуская навука".

Расказаць пра новы зборнік карэспандэнт "К" папрасіў аўтара яго канцэпцыі - загадчыка аддзела кінаі тэлемастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, кандыдата мастацтвазнаўства Антаніну КАРПІЛАВУ.

- Антаніна Аляксееўна, двухтысячныя гады сталі вельмі актыўным перыядам для вывучэння беларускага кіно. Трэба прыгадаць унікальныя, знакавыя выданні "Усе беларускія фільмы" пад рэдакцыяй Ігара Аўдзеева і Ларысы Зайцавай, вельмі цікавы даведнік "Беларускае кіно. Персаналіі". І вось, новая кніга "Экран і культурная спадчына Беларусі" як своеасаблівае падсумаванне амаль дзевяностагадовага перыяду існавання нашага экраннага мастацтва...

 - Так, задума зрабіць такі зборнік узнікла даволі даўно і доўга выношвалася ў нашым інстытуце. Тэма культурнай спадчыны не толькі навуковая- гэтая праца падрыхтавана ў рамках дзейнасці па ажыццяўленні дзяржаўнай палітыкі нашай краіны, накіраванай на ахову культурных здабыткаў нашага народа, пад якімі разумеюць як матэрыяльную, так і духоўную культуру. Іх экранная частка з'яўляецца вельмі важным складнікам сферы. Такім чынам, гэта тэма яшчэ вельмі надзённая.

 - Колькасць аўтараў кнігі адразу выклікае павагу. Якім чынам фарміравалася іх кола? Што стала асноўнай тэмай даследавання?

- Напісаў кнігу калектыў, куды ўваходзіць 13 чалавек. Яго аснову склалі акадэмічныя кінаведы, але ёсць і кінакрытыкі, журналісты. Праца ішла хутка, бо амаль ва ўсіх аўтараў мелася шмат назапашаных матэрыялаў. Прычым даследавалася экранная спадчына комплексна: аб'ектамі вывучэння сталіся ігравое, дакументальнае ды анімацыйнае кіно. Патрэбна было стварыць цэласны малюнак асноўных кірункаў раскрыцця тэмы. Даследаваліся тры асноўныя аспекты: "Экран і народная культура", "Экран і прафесійнае мастацтва" (сувязь з літаратурай, жывапісам, музыкай, тэатрам) і непасрэдна "Экранная спадчына".

 - Зборнік адрозніваецца наяўнасцю ілюстрацый...

- Так, мы змясцілі шмат фотаздымкаў, кадраў з розных стужак, прычым ілюстрацыі ў кнізе не толькі чорна-белыя, але і каляровыя. На іх зафіксаваны працоўныя моманты здымак, партрэты выбітных дзеячаў беларускага кінамастацтва: рэжысёраў, аператараў, акцёраў. Апошнія - гонар нашага экраннага мастацтва - прадстаўлены ў выданні найбольш багата.

- Хочацца адзначыць, што вам і вашаму калектыву ўдалося захапіць практычна ўсе перыяды існавання нашага кіно.

- Адкрывае кнігу раздзел, падрыхтаваны старэйшынам нашага цэха кіназнаўцаў Анатолем Красінскім, які вельмі сімвалічна называецца "Яны былі першымі". У ім распавядаецца пра першаадкрывальнікаў кінамастацтва на Беларусі - рэжысёраў, сцэнарыстаў, аператараў... Далей ідуць старонкі, прысвечаныя дакументалістыцы, не забыліся мы і на крытыку як адзін з неад'емных складнікаў кінематографа. Кіраўнік Музея гісторыі беларускага кіно Ігар Аўдзееў апісвае ўнікальны вопыт захавання музейнай спадчыны. Што да сувязі кіно з іншымі відамі мастацтва, дык у кнігу ўвайшлі вельмі цікавыя даследаванні аб супрацоўніцтве нацыянальнага кіно з тэатрам, вялікая ўвага нададзена экранізацыям. Асобна хочацца адзначыць раздзел, напісаны адным з нашых самых паважаных крытыкаў Алай Бабковай. Ён прысвечаны адлюстраванню вайны на экране. Ёсць інфармацыя і аб неажыццёўленным кінапраекце, які рыхтаваў Уладзімір Караткевіч, асобны артыкул пра стужку Валерыя Рубінчыка "Вянок санетаў". Сувязь экрана і народнай культуры прадстаўлена падрабязным разглядам архетыпаў, міфалагічных мадэляў, якімі карысталіся нашы кінематаграфісты пры падрыхтоўцы сваіх твораў. Хачу адзначыць, што такі аб'ёмны і рознабаковы зборнік-даследаванне ўпершыню з'явіўся ў Беларусі. Зразумела, яго аўтары не прэтэндуюць на стварэнне абсалютна поўнага малюнка ўсёй экраннай спадчыны і культуры на экране.

 На здымку: Антаніна Карпілава з рэжысёрам Мікалаем Князевым і адказным рэдактарам "Белвідэацэнтра" Аляксандрам Купрыянавым у Інфацэнтры "Культура-інфа".

Фота Юрыя ІВАНОВА