Экстэрнам — “курс маладога сцэнарыста”

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

“Калядная казка” як будучыня беларускай анімацыі

/i/content/pi/cult/355/6774/6-1.jpg

 

Беларускаму кіно - 87! Напярэдадні чарговай даты заснавання айчыннай кінавытворчасці звычайна падводзяць вынікі пройдзенага перыяду і падсумоўваюць планы на будучыню. З вынікамі нашага кінагода чытач можа азнаёміцца на стар. 7, а вось пра гісторыю і бліжэйшую будучыню нацыянальнага кінамастацтва гаворка ідзе ў матэрыялах гэтага развароту.

Айчынная анімацыя бадай што самая паспяховая сфера айчыннага кінамастацтва. Але, як і іншым нашым кінематаграфістам, аніматарам вельмі не стае якасных сцэнарыяў. Таму не дзіўна, што ўсе датычныя да нацыянальнай анімацыі з ўвагай сачылі за ходам Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу на лепшы сцэнарый для анімацыйнай стужкі, вынікі якога былі падведзены напярэдадні свята айчыннага кіно, а прызёры і дыпламанты ўшанаваны на ўрачыстым вечары ў сталічным кінатэатры "Дом кіно" 16 снежня.

Інтрыга конкурсу трымалася да самага моманту абвяшчэння вынікаў: маладыя сцэнарысты выказалі вялікую цікавасць. У творчым спаборніцтве ўдзельнічала больш за дваццаць драматургічных твораў. Гэта, прынамсі, болей, чым у аналагічных ігравых і дакументальных конкурсах, якія прайшлі ў апошнія два гады. Але... першай прэміі не атрымаў ніводзін з удзельнікаў, затое другіх прэмій адразу дзве, як і трэціх, таксама вызначана пяць спецыяльных дыпломаў журы.

Якімі будуць беларускія мультфільмы ў бліжэйшым будучым? Каб адказаць на гэта пытанне, "К" вырашыла звязацца з уладальніцай другой прэміі Рэспубліканскага конкурсу маладых сцэнарыстаў Аленай Беланожка, аўтарам сцэнарыя "Калядная казка". Дарэчы, Алена працуе ў Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і дасугу.

- Алена, дазвольце павіншаваць вас з узнагародай. Якім чынам вы прыйшлі да думкі напісаць сцэнарый анімацыйнай стужкі і прыняць удзел у конкурсе?

 - Па прафесіі я- рэжысёр святаў і абрадаў, працую ў гэтай якасці даволі даўно, але паралельна займаюся літаратурнай дзейнасцю. У мяне выйшаў зборнік, які называецца "У кроку ад неба", друкуюся ў перыядычных выданнях, размяшчаю сваю творчасць у Інтэрнэце, актыўна ўдзельнічаю ў літаратурным жыцці, конкурсах. Рыхтую да выдання другі зборнік вершаў, працую над рукапісам рамана. Дарэчы, апошнім часам пішу па-беларуску. Звярнуцца да сцэнарнага жанру вырашыла таму, што ў мяне ёсць верш, які так і называецца - "Калядная казка". Інфармацыю аб конкурсе знайшла на сайце Міністэрства культуры і падумала: чаму б не паўдзельнічаць? Я ведаю, як не хапае сцэнарнага матэрыялу, і таму заўсёды заклікаю сваіх калег-літаратараў: "Пішыце сцэнарыі, бо калі не мы, то хто будзе гэта рабіць?"

- Але гэты сцэнарый, наколькі я разумею, у вас не першы?

- У 2008 годзе я атрымала прыз пад назвай "Шанц" на сцэнарным конкурсе "Моладзь. Сям'я. Грамадства", які таксама быў зладжаны Міністэрствам культуры краіны. Але над тым матэрыялам трэба было яшчэ папрацаваць. Дарэчы, ён дасюль у архівах Нацыянальнай кінастудыі. Сёлета я вырашыла паспрабаваць напісаць сцэнарый менавіта анімацыйнай стужкі. Спадзяюся, у мяне гэта атрымалася.

- Ці ёсць у вас жаданне працаваць у нацыянальным кіно ў якасці сцэнарыста і далей?

 - Так, я планую супрацоўнічаць з "Беларусьфільмам". Мне вельмі пашанцавала з рэдактарам на студыі, якой я прынесла сцэнарый у першую чаргу. Яе завуць Алена Калюнова, і яна адразу ўзялася за матэрыял. Гэта чалавек, які мне ўсё вельмі дакладна растлумачыў, дзякуючы ёй я, так бы мовіць, экстэрнам прайшла "курс маладога сцэнарыста", і "Калядная казка" адбылася менавіта як сцэнарый. І, калі ўсё будзе добра, над ім пачнуць працаваць аніматары.

- На якую анімацыю вы арыентаваліся, калі пісалі "Калядную казку"? Якія "малюнкі" ўзнікалі ў вас падчас працы над сцэнарыем?

 - Думаю, гэтыя вобразы былі бліжэй да класічнай савецкай анімацыі, тых старых, "добрых" мульцікаў, на якіх вырасла не адно пакаленне. Што да сучаснай камп'ютарнай тэхналогіі, то яна мне зусім не падабаецца. Хочацца ўбачыць на экране нешта сапраўды жывое, да чаго дакраналася чалавечая рука. З'яўляюся прыхільніцай прыгожага ў мастацтве, таму мне вельмі падабаюцца ранейшыя дыснееўскія маляваныя мультфільмы. Добра я адношуся і да таго, каб усе сцэнарныя дэталі ў анімацыйнай стужцы былі вельмі добра "прапрацаваны". Узорам тут для мяне з'яўляецца тая ж дыснееўская стужка "Геркулес", дзе аўтары шматкроць працавалі са старажытнымі міфамі.

- Да каго з беларускіх рэжысёраў вы хацелі б "патрапіць"?

 - Ведаеце, у нас такая моцная школа нацыянальнай анімацыі, што для мяне, як аўтара-пачаткоўцы, будзе цікавым працаваць як з вопытным майстрам, так і з маладымі.

- А якія ў вас наступныя творчыя задумы?

- Я напісала дзве творчыя заяўкі на сцэнарыі анімацыйных стужак, пакуль не ведаю, якім чынам складзецца іх лёс, але на "Беларусьфільме" іх ужо прынялі да разгляду. Тым больш, яны падыходзяць па тэматыцы. Мне неверагодна падабаецца пісаць сцэнарыі - першы раз за жыццё я адчуваю сябе цалкам задаволенай як творчая асоба. Здаецца, я намацала тое, чым хачу займацца. Канешне, тыя масавыя відовішчы, над якімі я працую цяпер, гэта цудоўна, але кіно дае больш магчымасцей для аўтарскага самавыяўлення.