“Залатая калекцыя...” з караоке, або Нацыянальная музычная прэмія па версіі... статыстаў?

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

Дык хто ты, лаўрэат “карпаратыўнага” праекта?

/i/content/pi/cult/355/6771/4-2.jpg

Рэпліка музычнага крытыка з залы

Нарэшце, здзейснілася! 13 снежня ў Палацы Рэспублікі адбылося ўрачыстае ўшанаванне пераможцаў Першай Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне эстраднага мастацтва. Тэлевізійную версію ўзнагароджання і гала-канцэрт можна будзе ўбачыць роўна праз тыдзень, 24-га. А "Залатая калекцыя беларускай эстрады" - праект, накіраваны на захаванне песеннай спадчыны рэспублікі і неад'емны ад уручэння прэміі за год, выйдзе на экраны ажно 7 студзеня, хаця прайшоў у Палацы Рэспублікі 12 снежня. Так што некаторыя вынікі ў чаканні тэлевізійнай трансляцыі можна падводзіць ужо сёння.

 Талака ці ўсё ж - міжсабойчык?

Абодва праекты ладзіліся сумесна Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Сталічным тэлебачаннем. Да "Залатой калекцыі..." спрычыніўся таксама Маладзёжны тэатр эстрады. Усё было зроблена, здавалася, каб гэтыя акцыі атрымаліся насамрэч усенароднымі. Для кожнага фарміравалася шматлікае журы, экспертныя саветы, складзеныя з вельмі шаноўных, дасведчаных спецыялістаў, вядомых дзеячаў культуры. Заяўкі на прэмію можна было даслаць самастойна, без усялякіх узгадненняў з творчымі ці кіруючымі арганізацыямі. Удзельнікам мог стаць кожны! Дый галасаванне адбывалася, зноў-такі, талакой: той жа прыз глядацкіх сімпатый вызначаўся праз Інтэрнэт і тэлефонныя званкі ў прамым эфіры. А ў адборы песень для "Залатой калекцыі..." удзельнічалі, як неаднаразова падкрэслівалі арганізатары, цэлыя натоўпы студэнтаў і выкладчыкаў творчых навучальных устаноў, якія маюць непасрэднае дачыненне да эстрады.

Але на справе выходзіла не ўсё так добра, як, пэўна, хацелася б. Пра саму прэмію хоць нейкія звесткі нават большасць журналістаў атрымала толькі на прэс-канферэнцыі ў другой палове кастрычніка. Калі "К" праводзіла апытанне сярод дзеячаў культуры напярэдадні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне і, пазней, "круглы стол" пад час самога форуму, высвятлялася, што многія патэнцыйныя намінанты даведваліся аб заснаванні такой прэміі... менавіта ад нас. Дый прыём заявак, як вядома, давялося працягнуць, бо, відаць, спачатку колькасць удзельнікаў аказалася вельмі малой.

Некаторыя члены экспертнага савета "Залатой калекцыі...", можа, і дагэтуль не падазраюць, што дзесьці "ўдзельнічалі", бо хтосьці з тых, каму я тэлефанавала, убачыўшы іх прозвішчы на сайце, ні за што не галасавалі, бо папросту іх ніхто не папярэджваў.

Пералік больш як 100 песень, з якіх трэба было абраць 35, утрымліваў таксама шматлікія памылкі. Акрамя ўласна арфаграфічных (пэўна, у спешцы не паспелі праверыць), там меліся пытанні і з факталогіяй: няправільна былі пазначаны імёны і прозвішчы аўтараў. Іншымі словамі, песні адных творцаў прыпісваліся іншым. У беларускай музыцы і так хапае міфаў, звязаных са складанымі гістарычнымі ўмовамі яе развіцця. Навошта ж складаць новыя - тым больш, што называецца, на роўным месцы? Бо наяўнасць тых ці іншых твораў у кампазітараў старэйшага пакалення не адлюстравана, на жаль, у Інтэрнэце, але яе можна праверыць па даведніках. Ці хаця б асабіста - у спецыялістаў.

Падобнае "калекцыянаванне" (а дакладней, "селекцыя") павінна праходзіць рэгулярна. Але толькі цяперашні праект, у свой час ініцыяваны асабіста міністрам культуры Беларусі Паўлам Латушкам, здолеў зрушыць з мёртвай кропкі наша асэнсаванне культурнай спадчыны ХХ стагоддзя. Разнастайныя праекты, часцей звязаныя з той ці іншай тэматыкай, ужо былі. Але такога, які прэтэндаваў бы на "калекцыйнасць" ды імкнуўся ахапіць усё стагоддзе, пэўна, не існавала. Ідэя - бліскучая. А ўвасабленне?

 Калі ад вылучэння 35-ці "калекцыйных" песень да канцэрта, дзе яны павінны прагучаць, праходзіць літаральна некалькі дзён, дык вынік напрошваецца сам сабой. Можа, тыя песні абіраліся, зыходзячы акурат з таго, што магло прагучаць? Гэтак жа дзіўнавата глядзеліся некаторыя пераможцы Нацыянальнай прэміі.

Ацаніць адэкватнасць вынікаў маглі далёка не ўсе, хто сабраўся ў зале. У час уганаравання пераможцаў Нацыянальнай прэміі публіка магла азнаёміцца хіба з імёнамі намінантаў (некаторыя ўвогуле былі прадстаўлены на экране толькі ініцыялам ад імені і прозвішчам, бо цалкам гэтыя даныя не змяшчаліся ў адзін радок), але не з іх дзейнасцю. Прыйшоўшы на гала-канцэрт "непадрыхтаваным", немагчыма было атрымаць ніякіх звестак пра патэнцыйных пераможцаў. Дык на каго быў разлічаны канцэрт? І пра якую папулярызацыю беларускай эстрады можна казаць у такім выпадку? Ці, можа, усё гэта мы атрымаем у тэлеэфіры?

Па-беларуску!

Калі толькі задумвалася Нацыянальная музычная прэмія, многія звязвалі яе з папулярызацыяй беларускамоўных песень, тых творцаў, якія іх ствараюць, тых выканаўцаў, што падобныя песні маюць у сваім рэпертуары. І не ў "дацкім" - а ў штодзённым. Аказалася ж - усяму гэтаму была прысвечана толькі адна намінацыя - "Лепшая песня на беларускай мове". Прычым атрымлівала прыз яе выканаўца Алена Ланская. Уласна аўтары гэтай песні (музыка Уладзіміра Кандрусевіча, словы Вольгі Болдыравай) аказаліся быццам бы ні пры чым: ні яны самі, ні іх партрэты так і не з'явіліся перад гледачом у зале. Добра яшчэ, што хаця б назвалі імёны. Затое ў прозвішчы самой спявачкі пераблыталі націск. Памылкі былі і пры агучванні іншых імёнаў і назваў.

Але самае жудаснае, што папросту скаланула шчырых прыхільнікаў нацыянальнага мастацтва, гэта тое, што ўся цырымонія Нацыянальнай прэміі вялася па-руску. Дзякуй Анатолю Ярмоленку: як старшыня журы ён выступіў па-беларуску. Калі ж называлі членаў журы, на экране з'явілася: "Александр Бадак". Толькі дзякуючы партрэту можна было здагадацца, што пад гэтым змушаным "псеўданімам" схавалі вядомага паэта Алеся Бадака. Падаецца,гэта тое ж самае, што назваць Янку Купалу, скажам, Іванам.

Праўда, пры абвяшчэнні згаданай намінацыі найлепшай беларускамоўнай песні вядучая рэзка перайшла "на мову". Чым выклікала "жарцік" з боку свайго партнёра: маўляў, гэта спецыяльна для...

Але справа не толькі ўласна ў словах. Перайшоўшы на беларускую мову, вядучая, як добрая артыстка, нават тэмбр голасу свайго змяніла, наблізіўшы яго да вобраза гэткай "бабкі з кірмашу". Пэўна, такі гумар? Але смешна ад гэтага чамусьці не было - плакаць хацелася. Можа, вядучыя папросту не разлічылі свае "імправізацыі"? Але, разам з тым, наўрад ці гэта ўзнікла спантанна. У апошнім пераканаў наступны выпадак. Ганна Хітрык, выйшаўшы на сцэну са сваёй групай, нязмушана кінула вядучым: маўляў, вы пакуль паразмаўляйце яшчэ паміж сабой, у вас гэта добра атрымліваецца, а мы падключым апаратуру. І - наступіла маўклівая паўза. Перапыніла яе... сама артыстка, чым яшчэ больш узняла прэстыж Купалаўскага тэатра, адкуль яна "родам": карыстаючыся выпадкам, пачала віншаваць усіх прысутных з надыходзячымі святамі і зычыць усяго найлепшага. Малайчына, Ганна!

Яшчэ дзве ўзнагароды, у саміх назвах якіх прысутнічала азначэнне "беларускі", узніклі, відаць, у апошні момант. Бо іх не было ні ў пераліку намінацый, ні, як ні дзіўна, у спісе пераможцаў, што змясціла на сваім сайце СТБ. Народны артыст краіны, прафесар Міхаіл Фінберг і яго Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр былі ўшанаваны "За развіццё традыцый беларускай песні". А Уладзімір Мулявін, пасмяротна, адзначаны прызам "За ўнёсак у развіццё беларускай эстрады". Праўда, з уручэннем гэтай узнагароды выйшла замінка. Вядучыя не маглі ўцяміць, хто яе павінен быў атрымліваць. У рэшце рэшт на сцэну выйшаў Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры", прыз быў уручаны.

Між тым, нагадаем, прэс-канферэнцыя, прысвечаная Нацыянальнай прэміі, адбылася ў Музеі Уладзіміра Мулявіна, што месціцца ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. І сімвалічнасць гэтага падкрэслівалася неаднойчы. Чаму ж тады запрашэння на ўрачыстасць удава Вялікага Песняра Святлана Пенкіна... так і не атрымала? За тры-чатыры гадзіны да галаканцэрта ў музей патэлефанавалі з СТБ: маўляў, прыходзьце, толькі спачатку забярыце запрашальнік - у Беларускім саюзе кампазітараў. Але ж хіба так запрашаюць?

Можа, сітуацыю з "беларускасцю" неяк падправіла "Залатая калекцыя..."? Тым больш, што ў яе галаканцэрце гучалі выключна беларускамоўныя песні. Песні - добрыя, знаёмыя. А іх выкананне? Пралог, зроблены, па задумцы рэжысёра Аляксандра Вавілава, у жанры сінхрабуфанады, глядзеўся, даруйце, таннай студэнцкай самадзейнасцю. Мы чулі запісы мінулых гадоў з незабыўнымі галасамі Тамары Раеўскай, Нэлі Багуслаўскай, Ізмаіла Капланава, Віктара Вуячыча... А бачылі - нягеглыя скокі моладзі. Пэўна, у тэлеверсіі ўсё будзе куды лепей? Мы ўбачым асобныя адухоўленыя твары, агульны "ажыятаж" на сцэне, найбольш удалыя фрагменты сцэнічнай дзеі... Можа, усё так і задумвалася - менавіта для тэлегледачоў? Але ў выступленні той жа Ірыны Дарафеевай усё было надзвычай гарманічна, без аніякіх хібаў "карцінкі", што бачылася з залы. Пэўна, гэта і ёсць прафесіяналізм? Тым больш, што песня была зусім не "дарафееўская": спявачку папрасілі выканаць "Спадчыну" Ігара Лучанка на словы Янкі Купалы, якую звычайна бяруць у рэпертуар спевакі-мужчыны. Але яна зрабіла песню - найвыдатна! А на ўсе мае кампліменты прадзюсар артысткі Юрый Саваш ледзь не пакрыўдзіўся: маўляў, гэта далёка не тое, чаго трэба было дасягнуць. А можа патрабавальнасць - залог творчага даўгалецця і трывалых поспехаў?

Увогуле, прафесійных ва ўсіх сэнсах выступленняў на "Залатой калекцыі..." было зусім няшмат. Але сярод сапраўдных дыяментаў - Пётр Ялфімаў з надзвычай драйвавай "Чырвонай ружай" Уладзіміра Мулявіна на народныя словы, зробленай пераканальна, з густам і яркай творчай індывідуальнасцю. Вядомаму аматарскаму гурту беларускай Беласточчыны "Прымакі", можа, было цяжкавата выступаць адразу пасля Ірыны Дарафеевай, тым больш, што пачалі яны выступленне з яшчэ адной лучанкоўскай песні - "Мой родны кут" на словы Якуба Коласа. Але калі кіраўнік гэтага гурта нашых суайчыннікаў Юрка Астапчук упаў на калені, дараваць можна было ўсё. Не толькі таму, што наступная песня "Прымакоў" - беларуская народная "Цячэ вада ў ярок" - прагучала папраўдзе бездакорна. Шчырасць на сцэне - сапраўдны падарунак для публікі! І апошнім часам - з'ява даволі рэдкая. Асабліва, на жаль, калі спяваюць па-беларуску...

 Канцэрт "Залатой калекцыі..." часам нагадваў караоке. Былі і песні, амаль цалкам разбураныя новым "адзеннем", калі акампанемент "засланяў" сабой мелодыю. Быў і адкрыты, жудасны фальш, і абсалютныя несупадзенні "вобраза песні" з паводзінамі выканаўцаў. Часам думалася: а ці разумеюць самі артысты, пра што спяваюць? Некаторыя песні былі прадстаўлены так, што пазнаць іх было немагчыма - не таму, што гэта была творчая, нечаканая версія, а таму, што іх перайначылі, зыходзячы з прынцыпу "каб было не так, як раней" - папросту супрацьлегла.

Асобна можна казаць пра гукарэжысуру. Некаторыя песні яшчэ можна было б выратаваць, каб пусціць іх у адшліфаваным ва ўсіх сэнсах... запісе. Пэўна, так і станецца ў тэлеэфіры?

 У сцэнаграфіі "Залатой калекцыі..." у вочы кідаліся выявы вялізных кружэлак, што зачынялі праходы, праз якія выходзілі артысты. Але глядзеліся яны ці то гільяцінай, ці то няўмольнымі дзвярыма ў касмічнае вымярэнне. У любым выпадку, сваім чарноццем яны наўрад ці выклікалі пазітыўныя эмоцыі. Зноў-такі, у эфіры іх можна і не акцэнтаваць. Дык гледачы ў зале былі за статыстаў?

 На дарожку - выходзьце! Але хто?..

Слова "статысты" неаднаразова гучала і ад саміх артыстаў - у час шэсця па "чырвонай дарожцы", у ролі якой выступалі чорна-белыя "клавішы"прыступкі лесвіцы ў фае Палаца Рэспублікі. Бо ўсе ішлі натоўпам, безназоўна. І двойчы - каб камеры маглі гэта засняць з абодвух бакоў. Гучала музыка. Як і абяцалі, джазавы ансамбль, струнны квартэт, пасаджаны ледзь не "ў нябёсы", вакальны калектыў, пераапрануты ў "спеўныя дрэвы". Здымалі іх усіх - паасобку. Ігралі ж яны - разам. І хаця змешчаны былі ў розных кутках, гледачы, што прыйшлі ў Палац, наўрад ці маглі нацешыцца агульнай гармоніяй.

Што папраўдзе ў Нацыянальнай прэміі было добрым, дык гэта знешняе афармленне. Вельмі разнастайнымі, цікавымі і часам сапраўды арыгінальнымі былі так званыя "падводкі" да намінацыі, калі выносіўся канверт з імем чарговага пераможцы. Тут былі і спевы, і танцы (прычым ва ўсіх стылях), і цыркавыя ды спартыўныя выступленні, дэманстрацыя мод, малюнкі з пяску... Канверты выносілі Мядзведзь, Бегемот, іх хавалі ў адзенні і прадметах сцэнічнага антуражу... Ды што там казаць! Часам усё гэта, прыдуманае рэжысёрам Вячаславам Паніным, было куды больш цікавым, чым уся астатняя дзея і, галоўнае, самі песні пераможцаў. Дык, можа, трэба было толькі гэта і пакінуць? Тут табе і шоу, і гатовая канцэртная праграма - дарэчы, з музыкай. А вось скласці асобную цікавую праграму адно з пераможных нумароў Нацыянальнай прэміі, пэўна, было б складаней, бо некаторыя выступленні запрошаных на гала-канцэрт гасцей, якіх нават не было сярод намінантаў, часам пераўзыходзілі лаўрэатаў.

А пра адбор песень, якія патрапілі ў "Залатую калекцыю...", і вызначэнне пераможцаў прэміі можна ўвогуле разважаць асобна. Сярод публікі ў зале ўзнікла насцярожанасць: няўжо сімпатычная Ірына Відава магла абысці па колькасці "глядацкіх сімпатый" самога Дзмітрыя Калдуна? І толькі калі апошні атрымаў галоўны прыз - "За лепшую песню", прыхільнікі спевака крыху супакоіліся. Але з "сімпатыямі" было больш ці менш зразумела: за каго тэлефанавалі- той і перамог.

А што было крытэрыем у вызначэнні "Залатой калекцыі..."? Папулярнасць? Пазнавальнасць? Тады чаму ў яе не ўвайшлі многія сапраўдныя хіты, што сталіся ўжо амаль "народнымі" песнямі? І наадварот, некаторыя з "адзначаных" і блізка ніколі не падыходзілі да такой вядомасці. Можа, галоўным крытэрыем была мастацкасць? Адметнасць мелодыкі, арыгінальнасць тэкстаў? Зноў-такі, пад гэтыя азначэнні падыходзяць далёка не ўсе песні-абранніцы. Пэўна, у кожнага былі свае ўласныя крытэрыі? Натуральна. І ўвогуле, як ацэньваць песню? У яе першым выкананні ці ў сучасным "вяртанні"? Ці як музычны матэрыял, перспектыўны для далейшых апрацовак? Што ні кажыце, а пры такіх "размытых" умовах члены экспертнага савета таксама пачувалі сябе ў ролі праславутых "статыстаў".

Звернем увагу, што сярод абраных песень не аказалася ніводнай патрыятычнай - нават Уладзіміра Алоўнікава (лучанкоўскія "Спадчына" і "Мой родны кут" усё ж больш лірычныя, "асабістыя"). А сярод тых, што былі прапанаваны для галасавання, - ніводнай пра Вялікую Айчынную вайну. Мабыць, не пісалі іх па-беларуску? Праўда, у апытальніку было прапанавана, калі трэба, унесці свой "дадатак". Толькі хто ж за яго, прабачце, прагаласуе?

Увогуле, большасць абраных песень тычылася папраўдзе залатых (у лепшым сэнсе гэтага слова) 1970-1980х. Але ў гэтым, між іншым, заслуга тых, хто "праектаваў" гэты росквіт. Найперш, тагачаснага рэдактара радыё і тэлебачання Людмілы Палкоўнікавай, якая папросту замаўляла творцам неабходныя песні, адсочвала тэксты, музыку, аранжыроўкі, запісы, рабіла перадачы і суцэльныя фестывалі, накіраваныя на папулярызацыю беларускай песні. Дык, можа, сёння акурат і не хапае такой намінацыі? І сярод тых жа "музычных журналістаў" павінны быць прадстаўлены не газетчыкі, а супрацоўнікі радыё? Тыя, якія даюць (ці, можа, не даюць, калі ёсць за што) у эфір песні ў іх "першасным" выглядзе - як спалучэнне музыкі і слова. Што ні кажыце, а "карцінка" ў песні з'явілася пазней.

 Кампазітары акадэмічных жанраў, дарэчы, даўно зрабілі сваю "Залатую калекцыю...". У Алега Хадоскі ёсць сімфонія "Белая Русь" - гэткая "музычная гісторыя" нашай краіны. Сярэднявечча прадстаўлена знаменным распевам, эпоха барока - кантам, класіцызм і рамантызм - цытатай з оперы Антонія Генрыха Радзівіла "Фауст". А ХХ стагоддзе - наступнымі песнямі: "Бывайце здаровы" Ісака Любана, "Вы шуміце, бярозы" Эдуарда Ханка, "Майскі вальс" Ігара Лучанка. Хто аспрэчыць гэты выбар? У ім - папраўдзе наша гісторыя. А Дзмітрый Лыбін, напісаўшы "Класік-Авангард-сімфонію", уключыў у яе песні І.Любана і У.Алоўнікава, апрацаваўшы іх у стылі венскіх класікаў. І тым самым спалучыў гісторыю беларускай музыкі з еўрапейскай. Дарэчы, ці задумваўся хто калі, што ў той жа песні "Бывайце здаровы", якая ў гэтай сімфоніі загучала па-мацарціянску, як менуэт "а ля Гайдн", можна заўважыць інтанацыі канта і беларуска-ўкраінскай песні "Нясе Галя воду"? А ўсё таму, што гэта - наша інтанацыйная спадчына, "слоўнік эпохі", які складаецца з запазычанняў мінулых эпох і іншых культур.

Што ж уласна да прэміі - пакуль яна відавочна не дацягнула да ганаровага звання Нацыянальнай. Можа, цырымонія ўсё сапсавала? Але, мабыць, не толькі гэта. Надалей трэба і рыхтаваць усё гэта больш працягла, і ставіцца да ўсяго больш адказна.

Увогуле, цяперашняя прэмія ў галіне эстраднага мастацтва ахапіла, пасутнасці, не паўнавартасна эстрадны, але амаль выключна папсовы сегмент. Ледзь не адзіным калектывам, які "разбавіў" гэтую тусоўку, аказалася "Троіца", прызнаная лепшым музычным гуртом. Паказальна, што "Троіца" нават не выступіла! Проста выйшла ў поўным складзе на сцэну - з глядзельнай залы. Усе астатнія лаўрэаты выходзілі за ўзнагародамі з-за кулісаў. Цікава, што падобны паварот падзей нават выклікаў прапанову "скараціць" прэмію адно да папулярнай музыкі. А можа, усё наадварот? Можа, трэба пашыраць? Бо эстраднае мастацтва куды больш маштабнае і разнастайнае за ўласна папсу. Яно ахоплівае шмат жанраў, стыляў, кірункаў: хаця б ад рока да фолька.

І яшчэ - пажаданне. Калісьці таленавіты беларускі, а цяпер сусветна знакаміты харэограф Раду Паклітару паставіў на нашай сцэне балет, назва якога была пазычана ў М.Метэрлінка: "Свет не заканчваецца ля дзвярэй дома". Сапраўды, сімвалічная фраза. Бо свет музыкі, паўтаруся, таксама не заканчваецца на парозе эстраднага мастацтва, ён куды шырэйшы. Але (вось парадокс!) менавіта з эстрады музыка пачынаецца - з эстрады ў яе самым шырокім сэнсе як сцэнічнай пляцоўкі. Бо не агучаная, яна не можа дайсці да слухача і застаецца ўсяго толькі "бульбінкамі" нот, складзеных стосам на палічцы. Таму вельмі хацелася б, каб з цягам часу Нацыянальная музычная прэмія сталася не толькі больш дасканалай (гэта і без таго зразумела), але і пашырылася, ахапіўшы іншыя жанры і напрамкі. Можа, побач з акадэмічнай музыкай, дзе заваёвы беларускіх музыкантаў на сёння пакуль куды больш значныя, чымсьці ў галіне поп-музыкі, і наша эстрада "падцягнулася" б і пачала б імкнуцца да прафесіяналізму і, адпаведна, еўрапейскасці, на фоне якой можна не згубіцца толькі з дапамогай індывідуальнасці.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"