Конкурс на… Міндоўга

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

Велічная постаць першага і адзінага караля Вялікага княства літоўскага Міндоўга, увекавечаная ў скульптурнай кампазіцыі, у хуткім часе з’явіцца ў яго родным Навагрудку.

 

Першым крокам у гэтым кірунку стала абвяшчэнне Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Гродзенскім аблвыканкамам конкурсу на стварэнне эскізных праектаў помніка Міндоўгу.

У выніку плануецца знайсці найбольш выразны вобраз гэтага знакавага для гісторыі нашай краіны чалавека, асоба якога сімвалізуе глыбокія традыцыі існавання беларускай дзяржаўнасці. Невыпадкова арганізатарамі конкурсу выступілі Міністэрства культуры краіны і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Аднак студэнты гэтай навучальнай установы змогуць пакуль што толькі павучыцца і ацаніць работы, прадстаўленыя на конкурс, у якасці гледачоў, паколькі ўдзельнікамі спаборніцтва паводле Палажэння змогуць стаць скульптары, якія ўжо маюць адпаведную прафесійную адукацыю.

Як паведамілі "К" у Міністэрстве культуры, плануецца, што на пачатку сакавіка конкурсныя матэрыялы будуць разгледжаны кампетэнтным журы. Пасля чаго мусіць адбыцца грамадскае абмеркаванне будучага помніка і з бюджэту выдаткуюць неабходныя сродкі на стварэнне скульптурнай кампазіцыі.