Пагадненне і супрацоўніцтва

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

13 снежня ў Культурна-дасугавым цэнтры органаў пагранічнай службы ў Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія падпісання Пагаднення аб узаемадзеянні і супрацоўніцтве паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным пагранічным камітэтам нашай краіны. У мерапрыемстве прынялі ўдзел міністр культуры Павел Латушка і старшыня Камітэта генерал-маёр Ігар Рачкоўскі.

 

Дакументам прадугледжана правядзенне разнастайных сумесных мерапрыемстваў, арганізацыя сустрэч з пісьменнікамі, кампазітарамі, акцёрамі, мастакамі на заставах і ў воінскіх частках, ваенных установах адукацыі. Акрамя таго, Міністэрства культуры Беларусі акажа Дзяржпагранкамітэту краіны падтрымку ў правядзенні разнастайных конкурсаў, культурна-відовішчных імпрэз, камплектаванні бібліятэк.

Як зазначыў пад час мерапрыемства старшыня Дзяржпагранкамітэта генералмаёр Ігар Рачкоўскі, Пагадненне будзе садзейнічаць развіццю і папулярызацыі беларускай культуры сярод ваеннаслужачых, выхаванню іх духоўнасці і патрыятызму, далучэнню пагранічнікаў да гістарычнага мінулага Беларусі, яе традыцый і культуры.

- Паспяховае развіццё нашай краіны, пагранічнага ведамства залежыць ад грамадзянскай пазіцыі ваеннаслужачых, ад іх патрыятызму,- зазначыў Ігар Рачкоўскі.- Таму мы надаем значную ўвагу патрыятычнаму выхаванню пагранічнікаў. І падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры Беларусі дазволіць нам падключыць да гэтага выхавання ўвесь пласт беларускай культуры.

 Па словах міністра культуры краіны Паўла Латушкі, супрацоўніцтва Міністэрства і Дзяржпагранкамітэта развіваецца паспяхова і носіць сістэмны характар.

- Дзякуючы намаганням Дзяржпагранкамітэта ў нашай краіне ўзведзены чатыры помнікі, - паведаміў Павел Латушка. - Адзін з іх- унікальны помнік героям-пагранічнікам у Брэсцкай крэпасці- сапраўды выбітны твор манументальнага мастацтва. Адкрыццё манумента прайшло сёлета пры ўдзеле Кіраўніка дзяржавы. Да таго ж, у культурных рэспубліканскіх мерапрыемствах актыўна ўдзельнічае ўзорнапаказальны аркестр пагранічных войск Беларусі. Я цалкам пагаджуся з Ігарам Рачкоўскім у тым, што сёння вельмі важнай з'яўляецца роля афіцэра, пагранічніка як высокакультурнай асобы, якая цікавіцца сучаснай беларускай культурай, ведае нашу гісторыка-культурную спадчыну і з'яўляецца патрыётам нашай дзяржавы.

Пасля падпісання Пагаднення міністр культуры краіны Павел Латушка ўрачыста ўручыў нагрудныя знакі "За ўклад у развіццё культуры Беларусі" старшыні Дзяржпагранкамітэта генерал-маёру Ігару Рачкоўскаму і ягонаму намесніку генерал-маёру Васілю Гарбаценку. Такім жа нагрудным знакам быў узнагароджаны стваральнік скульптурнай кампазіцыі "Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёю крочылі ў бяссмерце", лаўрэат Ленінскай прэміі, скульптар Валянцін Занковіч. У сваю чаргу, старшыня Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Ігар Рачкоўскі ўручыў знакамітаму творцу нагрудны знак органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь "За дапамогу".

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"