Тэст на “Рукатвор”

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

У Малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстаўка беларускага каліграфа, кніжнага дызайнера Генадзя Мацура “Рукатворы”.

Зазначым, што падобны від графікі ў айчынных выставачных залах - не часты госць: за апошнія колькі гадоў згадаюцца хіба адна-дзве персанальныя экспазіцыі айчынных каліграфаў.

Дык што ж такое каліграфія: рамяство, мастацтва, філасофія, дух? Адказ на гэтае пытанне ў сваім праекце і спрабуе знайсці мастак. Выхаванец Мінскага мастацкага вучылішча імя А.К. Глебава, Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, лаўрэат нацыянальных і міжнародных конкурсаў мастацтва кнігі, Генадзь Мацур мае досвед для слушнага адказу.

Усе "Рукатворы" на выстаўцы ідуць "ад рукі", хоць і з дапамогай розных прылад- ад традыцыйных пяра, пэндзля і паперы да камп'ютарнай графікі. Праект падзяляецца на тры часткі. Першая - росчыркі, малюнкілініі, што ўяўляюць з сябе асацыяцыі і вобразы. Другая - канкрэтныя літары ці алфавіты, у аснову якіх пакладзены скорапіс - пісьмо, што было распаўсюджана на беларускіх землях у XVI стагоддзі. Трэцяя - словы і тэксты, творы з радкамі Святога Пісання, цытатамі знакамітых людзей, асобныя назвы і паняцці.