Пазачасавы раман: версія “Людзей на балоце”

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

Як паставіць класіка, маючы “двухразовы” мележаўскі вопыт?

/i/content/pi/cult/354/6758/pic_5.jpgУ лютым знакаміты раман Івана Мележа "Людзі на балоце", якім распачынаецца трылогія пісьменніка "Палеская хроніка", у чарговы раз стане спектаклем Купалаўскага. Праўда, пад гэтай назвай схаваецца сюжэтная лінія не толькі першай, але і другой часткі трылогіі- "Подых навальніцы". 

- Праца над спектаклем,- кажа рэжысёр Аляксандр Гарцуеў,- у самым разгары. Мастаком запрошаны Ігар Анісенка. Ён стаў ужо, можна сказаць, масквічом, але ў гэтым спектаклі- у нашай камандзе. Музыку піша Дзмітрый Фрыга, які паралельна працуе з Андрэем Курэйчыкам над кінафільмамі. Так што праца ідзе і нават знаходзіцца на піку.

- А як размеркаваліся ролі? Колькі, дарэчы, у вас будзе акцёрскіх складаў?

- Два. Але Васіля, думаю, сыграюць трое артыстаў: Раман Падаляка, Аляксандр Паўлаў і зусім малады Павел Астравух. Ён прыйшоў у наш тэатр у гэтым сезоне, пачаў з невялічкіх роляў у "Паўлінцы", "Каханні ў стылі барока", "Ночы на Каляды", выходзіў у ролі нямецкага салдата ў маім спектаклі "Не мой" - і зараз спрабуе ўвасобіць няпросты характар Васіля.

- Ганнай, пэўна, стане ваша дачка Валянціна? Яна натуральна пачувае сябе не толькі ў лірычных і камічных ролях. Мяркуючы па яе глыбокім, псіхалагічна тонкім пранікненні ў няпростыя характары Людмілы ў "Дзецях Ванюшына", Паліны ў згаданым вамі спектаклі "Не мой" і асабліва Франкі ў "Хаме", гэта роля - акурат для яе.

- Ганну сыграе таксама Вікторыя Чаўлытка. Яўхіма - Павел Харланчук.

- А старэйшае пакаленне? Гэтыя акцёры заўсёды ствараюць асаблівую атмасферу.

- Глушака ўвасобяць Генадзь Аўсяннікаў і Сяргей Краўчанка. Глушачыху - Наталля Качаткова і Тамара Міронава.

- І ў кожнага артыста, зыходзячы з яго індывідуальнасці, атрымаецца свой персанаж. Здаецца, гэта будуць не проста два склады, але і два розныя спектаклі. Дарэчы, чаму вы не выкарысталі ранейшую інсцэніроўку? Гістарычны эпас Івана Мележа калісьці ўжо ўвасабляўся на купалаўскай сцэне.

-Так, гэта быў спектакль, пастаўлены Барысам Эрыным. Я таксама ў ім іграў - як кажуць, "па маладосці", таму добра яго памятаю. Інсцэніроўку рабілі Тамара Абакумоўская і Зінаіда Браварская. Пачынаючы працу, я хацеў перагледзець той тэкст, але за 40 гадоў ён, відаць, папросту згубіўся ў архівах тэатра, бо мы яго не знайшлі. А калі б і знайшлі, усё роўна, мяркую, рабіў бы новую інсцэніроўку. Бо час ідзе, і хаця сам твор Мележа застаецца тым жа, змяняецца нашае прачытанне яго. Раней у ім акцэнтаваўся разлом эпох, каханне ж праходзіла хіба фонам. У мяне ж, наадварот, менш падкрэсліваюцца працэсы калектывізацыі, больш- каханне. Бо гэта папраўдзе вечнае пачуццё, якое хвалюе людзей незалежна ад часу і прасторы - ва ўсе эпохі і на любой тэрыторыі.

- Многія, дарэчы, памятаюць і кінастужку Віктара Турава...

- Я таксама ў гэтым фільме ўдзельнічаў. Там было шмат прыгожых краявідаў і ўвогуле прыроды. Але я раблю свой спектакль. Ён - найперш пра людзей. Многія пытаюць мяне: чаму, маўляў, Мележ, навошта сёння "Людзі на балоце"? Гэта добры беларускі матэрыял, наша класіка. І яна, як і тэма кахання, ужо знаходзіцца ў пазачасавай прасторы: кожнае новае пакаленне будзе знаходзіць у ёй штосьці сваё.

На здымку: Валянціна Гарцуева і Раман Падаляка ўжо маюць вопыт ігры ў дуэце ў спектаклі "Translations".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"