Вярнуцца відушчымі...

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

Праз Слова — спазнаць свет

/i/content/pi/cult/354/6755/14-4.jpg

Культурнае супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана за апошні месяц набыло яшчэ большую трываласць. Гомель прыняў выстаўку сучасных мастакоўграфікаў Мусеіба Амірава і Эльнура Бабаева "NEO BRATIMOE" у рамках Дзён культуры Азербайджана ў Культурнай сталіцы Беларусі і СНД-2011, Баку сустрэла і беларусаў на І Міжнароднага біенале лялек "Fusion Doll". А ў Нацыянальнай бібліятэцы беларускай сталіцы адбылася прэзентацыя кнігі, прысвечанай сусветна вядомаму азербайджанскаму вучонаму-афтальмолагу ХХ стагоддзя, акадэміку Зарыфе Аліевай. Чым не нагода згадаць пра паняцці "культура здароўя", "культура здабытку інтэлекту і рук чалавека"?

Гісторыі жыцця выдатных людзей Азербайджана цяпер даступныя для айчыннай аўдыторыі. У галоўнай кніжнай скарбніцы нашай краіны чытач зможа пазнаёміцца з беларускай версіяй выдання, якое ў Мінску, акрамя шматлікіх гасцей, прэзентаваў і сам аўтар кнігі- вядомы пісьменнік, дэпутат Парламента Азербайджана Гусейнбала Міраламаў.

Кніга "Зарыфа Аліева"- зборнік успамінаў і жывых сведчанняў. Больш за сотню чалавек сталі аўтарамі сапраўды маляўнічага партрэта гэтай яркай, велікадушнай і таленавітай асобы. Самы ж моцны бок кнігі, падаецца, у тым, што кожная яе старонка напоўнена любоўю. Сапраўднай, добрай, шчодрай, той, якую адчувала і дарыла людзям сама Зарыфа Ханум Аліева.

Пераклад кнігі ініцыявала Пасольства Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і, у прыватнасці, Пасол Ісфандзіяр Бахтыяр аглы Вагаб-задэ: дыпламат асабіста кантраляваў працэс выпуску кнігі. Па яго словах, у найбліжэйшых планах Пасольства- выпуск шэрагу выданняў на беларускай мове, што паспрыяе яшчэ большаму збліжэнню беларускай і азербайджанскай культур.

Дык хто ж яна, гераіня кнігі?

...Дванаццацігадовай Назіле, дачцэ простых сялян з невялікага сяла, пасля цяжкай хваробы лекары вынеслі страшны прысуд- поўная страта зроку. Гэтая вестка адняла сілы маці дзяўчынкі, якая пасля шматлікіх паходаў да дактароў страціла надзею на выздараўленне дачкі, пакуль... лёс выпадкова не звёў яе з доктарам Аліевай. А праз шэсць месяцаў дзяўчынка вярнулася дадому відушчай... Зрэшты, падобных гісторый жыццё геніяльнай у сваёй прафесіі Зарыфы Ханум Аліевай налічвае сотні. Будучы адданай дачкой, жонкай і добрай маці, яна ўвесь свой вольны час прысвячала навуцы. У 1960-я доктар Аліева адна з першых у СССР пачынае распрацоўваць новы кірунак - прафесійныя хваробы вачэй работнікаў хімічнай прамысловасці. Не пакідаючы практыку і педагагічную дзейнасць, яна займаецца даследаваннямі на прадпрыемствах...

Аліева апісала дзясяткі прафесійных захворванняў тых, хто працуе ў хімічнай індустрыі, распрацавала методыку іх дыягностыкі, лячэння і- прафілактыкі. Абарона яе доктарскай, якая адбылася ў адным з найаўтарытэтных афтальмалагічных цэнтраў - НДІ хвароб вачэй імя Г.Гельмгольца, - мела рэзананс у навуковым свеце.

Зарыфа Ханум Аліева ў якасці самаадданага лекара затраціла нямала сіл на лячэнне шэрагу захворванняў органа зроку, у тым ліку - на ліквідацыю трахомы ў Азербайджане. Доктар правяла навуковыя даследаванні з мэтай вывучэння розных этапаў захворвання і пошуку метадаў лячэння. Не пакідаючы даследаванняў у галіне прафесійных паталогій, Зарыфа Ханум захапілася новым для тагачаснай медыцыны кірункам - ірыдадыягностыкай. Яна адна з аўтараў унікальнай працы "Асновы ірыдадыягностыкі", якая стала настольнай кнігай для многіх практыкуючых лекараў.

Наогул, пад паўтары сотні навуковых прац, 12 манаграфій, дзясятак методык на вынаходніцкім узроўні аўтарства Аліевай знайшлі прызнанне навукоўцаў. У 1981-м за цыкл яе даследаванняў Акадэміяй меднавук СССР ёй была прысуджана найвышэйшая ўзнагарода ў галіне афтальмалогіі- прэмія імя прафесара М.Авербаха.

 Пра жыццёвы шлях выдатнай жанчыны вядома многае. Яна была глыбока інтэлігентным чалавекам: выдатна грала на фартэпіяна, славілася як знаўца нацыянальнай і сусветнай класікі, заўзяты тэатрал, знаўца жывапісу. Яна, мяккая і спагадлівая, імкнулася не толькі перадаць веды дзецям, але і далучыць іх да сваіх маральных ідэалаў. Акадэміка Аліеву заўсёды акружала мноства вучняў. З іх ліку яна расціла і выдатных спецыялістаў, і людзей самых шырокіх дэмакратычных поглядаў на ўсе пытанні жыцця: гэта бліскучыя прафесіяналыафтальмолагі, вядомыя далёка за межамі Азербайджана, - дактары навук Націк Тагі-задэ, Чынгіз Джурула-задэ, Паша Гялбінур, Акіф Садыхаў, Рафік Тахмазаў ды многія іншыя, хто з гонарам называе сябе вучнямі Зарыфы Аліевай.

Акадэмік Зарыфа Ханум Аліева, якая праславіла азербайджанскую афтальмалогію на ўвесь свет, памерла на 62-м годзе жыцця- 15 красавіка 1985 года.

Яўген РАЗАНОВІЧ, студэнт Інстытута журналістыкі БДУ