Эцюд вандроўніка на Белым возеры

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

Міхал Кулеша: у супрацьвагу многім “рамеснікам”…

/i/content/pi/cult/354/6752/15-3.jpgАналагічную па зладжанай, выразнай і акуратнай прасторавай кампазіцыі карціну Міхал Кулеша прысвяціў яшчэ адной ваеннай асобе - гетману. Гэты вершнік на чале атрада выезджае ў паход. Ён - на белым кані, з працягнутай гетманскай булавой у правай руцэ. Магчыма, сюжэт карціны быў навеяны прабываннем мастака на Украіне, дзе ён цікавіўся тэмай нацыянальна-вызваленчай барацьбы ўкраінцаў. Спачатку я меркаваў, што Кулеша ўвасобіў вобраз Багдана Хмяльніцкага, бо яго адлюстраванне ў чымсьці нагадвала адзіны прыжыццёвы гравіраваны паясны партрэт нацыянальнага героя Украіны з булавой, створаны галандцам Вілем Хондыусам - прыдворным мастаком караля Уладзіслава IV Вазы, дарэчы, аўтарам гравіраванай карты Палесся. Аднак калі я вывучыў захаваныя партрэты-гравюры гетманаў Вялікага Княства Літоўскага і каронных гетманаў Каралеўства Польскага, мяркуючы па некаторых гістарычных і побытавых дэталях-атрыбутах, прыйшоў да думкі: магчыма, Кулеша адлюстраваў тут Кшыштафа Радзівіла "Перуна" альбо Станіслава Яна Ябланоўскага. А можа Кулеша проста выявіў нейкі абагульнены вобраз тыповага ўяўлення пра гетмана таго часу?

Вядома, гетманства было распаўсюджана ў ВКЛ з канца XV ст. (да канца XVIII cт.), пачынаючы з першага беларускага гетмана Канстанціна Астрожскага. Аднак поўнае юрыдычнае афармленне гэтай пасады як дзяржаўнай звязана з іменем вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта I Старога (1467 - 1548). Ён як непасрэдны кіраўнік дзяржавы і войска прызначаў замест сябе гетмана, надзеленага наступнымі паўнамоцтвамі: мог караць падначаленых за парушэнне дысцыпліны, гвалт над насельніцтвам, карупцыю... Пазней пасада "Вялікага гетмана Літоўскага" з'яўлялася сталай пасадай у Княстве ў якасці найвышэйшага вайсковага кіраўніка, які разам са сваім намеснікам - палявым гетманам - камандаваў у час бою ўзброенымі сіламі. Апошніх двух гетманаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай звалі Сімон Касакоўскі і Юзаф Забела.

А зараз хачу коратка расказаць пра Аляксандра Арлоўскага, які таксама маляваў не толькі гетманаў, але і данскіх казакоў, сярэднявечных рыцараў, мушкецёраў, разбойнікаў, піратаў... Аднак мой інтарэс зараз трошкі іншы. Ён датычыцца адносін Арлоўскага да нашай зямлі. Пра гэта, канешне, не мог не ведаць і Міхал Кулеша, лічачы яго сваім суайчыннікам і блізкім па натуры чалавекам. Да ўсяго, Арлоўскі, у свой час, змагаўся за свабоду пад сцягамі Тадэвуша Касцюшкі. Хто ведае, мо малады Кулеша быў асабіста знаёмы з Арлоўскім дзесьці ў 1820-я? Віленскі край і Пецярбург, зрэшты, не так далёка адзін ад аднаго, і ў тыя часы культурныя ўзаемаадносіны жыхароў гэтых мясцін былі вельмі ажыўленымі. Яшчэ скажу, што менавіта Аляксандр Арлоўскі восенню 1824 года прытуліў Адама Міцкевіча, сябра Кулешы, на сваёй кватэры ў самы першы ссыльны прыезд апальнага паэта ў Пецярбург. Пазней Міцкевіч пісаў пра Арлоўскага: "Живал он при дворе, однако в райской жизни / Всё позабыть не мог о брошенной отчизне..." Так, Міцкевіч меў на ўвазе радзіму мастака - Польшчу. А пасля разгрому паўстання 1831 года Аляксандр Восіпавіч быў настолькі падаўлены маральна, што жыццё яго пайшло пад адхон, і ён раптоўна памёр у Пецярбургу ад сардэчнай хваробы.

А нарадзіўся будучы мастак у Варшаве. Яго бацька Восіп Арлоўскі меў у горадзе Седліца

/i/content/pi/cult/354/6752/15-1.jpgдобрую карчму, што ў пэўным сэнсе паўплывала на "вясёлы" характар юнага Аляксандра. Амаль 10 гадоў ён наведваў майстэрні баталіста Ж.-П. Нарблена дэ ла Гурдэна і гравёра Б.Фаліно, дзе паспеў у рысаванні вельмі добра і прафесійна "набіць руку". Але ў перапынках паміж вучобай служыў добраахвотнікам у арміі Касцюшкі і не раз удзельнічаў у баях. Авантурыст па натуры (у добрым сэнсе слова), часам вёў разгульнае жыццё: ці то прападаў дзень і ноч у корчмах, ці то падарожнічаў з вандроўнымі фокуснікамі па краіне. Аднак яго талент як мастака, аўтара натурнага партрэта Касцюшкі (у капелюшы), кампазіцый "Бітва пад Рацлавічамі", "Паход войска Касцюшкі", "Атрад кракаўскіх партызан", заўважылі князь Юзаф Панятоўскі і княжна Ірына Чартарыйская. Яны і зрабілі ўсё, каб баламутны, але таленавіты Арлоўскі ў 1802 годзе патрапіў у Пецярбург. Аднак цэлы год да таго 24-гадовы мастак жыў у Беларусі, вывучаючы побыт, норавы і звычаі беларускай шляхты, гістарычныя рэаліі толькі што зніклых ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

А далей усё пайшло як па масле: у Пецярбургу яго ўзяў пад сваё апекаванне вялікі князь Канстанцін Паўлавіч, брат імператара, і даў яму майстэрню ў Мармуровым палацы сталіцы, дзе мастак зрабіў свае лепшыя творы ў жывапісе, рысунку, акварэлі і стаў, па сутнасці, першым літографам Расіі. Ягоны вопыт Кулеша ды калегі так ці інакш "усмоктвалі" потым у Віленскім універсітэце. Дарэчы, свае малюнкі Арлоўскі асабіста літаграфаваў.

Можна смела сказаць: па папулярнасці ў расійскім грамадстве Аляксандр Арлоўскі як мастак у 1810 - 1820-я знаходзіўся ў першай пяцёрцы найлепшых жывапісцаў і графікаў. Не выпадкова, што ўжо ў 1809 г. за карціну "Бівуак казакоў" ён стаў акадэмікам! Быў, канешне, чалавекам "з гонарам", ведаў сабе цану, ганарыўся сваім дарам віртуознай імправізацыі і "звышгукавой" хуткасцю алоўка і пэндзля. Нездарма Пушкін казаў пра яго - "хуткі аловак".

Але менавіта гэта часам і перашкаджала яму. Часта мастак дапускаў хібы ў прарысоўцы дэталей, хай і другарадных, пабочных. "Гультаяваты, прыгультаяваты", - так атэставаў яго той самы Канстанцін Паўлавіч, незадаволены нядбайнасцю творцы. Так, Арлоўскі мог намаляваць вусы пяхотнаму афіцэру, а між тым нашэнне вусоў было дазволена толькі афіцэрам лёгкай кавалерыі - гусарам і ўланам. Альбо страявой зброяй воіна ВКЛ была пяхотная шпага, а Арлоўскі даваў яму шаблю кавалерыйскага ўзору. Лейб-гвардыі Літоўскі полк, напрыклад, быў палком пяхотным, а мастак мог "надзець" на яго салдат вопратку кавалергардаў. Канешне, гэта дробязі, але Кулеша, малюючы з арыгінала Арлоўскага гусараў, усё ж выправіў "памылку" старэйшага калегі датычна размяшчэння шаблі (гл. "К" № 49 за 2011 г.).

 Мне здаецца, лепшую характарыстыку Арлоўскаму даў гісторык рускага мастацтва барон Мікалай Урангель: "Першы паэт вайны і міру, паэт гераічнага эпасу. Кур'ёзны арыгінал, пра якога гаворяць усе, але чыё жыццё мала вядома. Легендарная асоба, герой неверагодных прыгод, забаўны дзівак, дзікі самадур і вытанчаны калекцыянер рэдкасцей. Першы мастак побыту, насмешнік-карыкатурыст, партрэтыст, жывапісец жывёл, пейзажыст... Паляк, вучань француза, які правёў п

аўжыцця ў Расіі. Мастак, салдат, вандроўны акцёр, улюбёнец вялікага князя Канстанціна. Атлет, падмануты муж... Аўтар тысяч малюнкаў. Дзіўная мешаніна здольнасцей і недахопаў, характэрная фігура трывожнага і спакойнага жыцця Аляксандраўскага часу. Яго малюнкі - цэлы дзённік эпохі рамантычнай і чароўнай".

Хачу распавесці таксама пра яшчэ адну ўнікальную асобу, якая мела прамое дачыненне да майго героя Міхала Кулешы, ды і да ўсёй Беларусі ў цэлым. Вышэй я ў некалькіх словах узгадваў Юзафа Ігнацыя Крашэўскага ў сувязі з ягоным лістом да К.Камарніцкага пра Кулешу. У Польшчы, канешне, ён "бацька гістарычнага рамана", "тытан працы", "энцыклапедыст", словам, класік літаратуры... Але ў Беларусі Крашэўскага ведаюць, у асноўным, па папулярным рамане "Графіня Козель". Між тым, для Беларусі, для даследавання яе гісторыі і народнага побыту, ён зрабіў вельмі многа, не кажучы пра яго сяброўскія адносіны з такімі сучаснікамі, як А.Міцкевіч, Я.Чачот, Р.Зянькевіч, А.Машынскі, Ш.Канарскі, А.Шэмеш, Я.Дамель, У.Сыракомля, К.Тышкевіч. Між тым, Міхалу Кулешу Крашэўскі не толькі дапамог надрукаваць яго літаграфічны альбом з выявамі помнікаў старажытнай Беларусі, але часам падтрымліваў яго.

Невядома, калі яны ўпершыню сустрэліся: Крашэўскі таксама вучыўся жывапісу і маляванню ў Я.Рустэма ў Віленскім універсітэце, толькі пазней за Кулешу. Аднак, як і Кулеша, у 1830 годзе быў выключаны з другога курса за рэвалюцыйную дзейнасць і пасаджаны на год у віленскую турму. Тут ён выканаў 25 малюнкаў пяром - ілюстрацыі да дзвюх частак "Дзядоў" Міцкевіча - і напісаў баладу "Манастыр на гары" (пад уплывам Міцкевіча). Пасля вызвалення вандраваў па Палессі ды Валыні. Мяркую, дзесьці ў 1830-я гады Кулеша і Крашэўскі пазнаёміліся. А мо яшчэ ў Вільні?

 Крашэўскі дзяцінства правёў у вёсцы Доўгае каля Пружан. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, а ў 1829-м стаў студэнтам Віленскага ўніверсітэта. Тады яму было 17 гадоў... Праз некаторы час ён ужо рэдагаваў віленскі часопіс "Athenaeum", дзе друкаваліся А.Шэмеш, Я.Дамель, А.Кіркор ды іншыя прадстаўнікі беларускай культурнай "эліты". Самае дзіўнае тое, што Крашэўскі за сваё жыццё (1812- 1887) надрукаваў каля 600 (!) тамоў прозы, паэзіі, драматургіі, публіцыстыкі, прац па гісторыі, філасофіі, этнаграфіі, археалогіі. Па колькасці твораў ён мог бы заняць, мабыць, першае месца ў Кнізе рэкордаў Гінеса! Я не буду пералічваць яго галоўныя працы, але нагадаю толькі некаторыя з тых, якія закранаюць Беларусь: вершаваная трылогія "Анафеляс" (рэцэнзаваў Я.Чачот

/i/content/pi/cult/354/6752/15-2.jpg

), раманы "На Палессі", "Апошняя са слуцкіх князёў", "Кароль у Нясвіжы. 1784", аповесць "Касцёл св. Міхаіла ў Вільні", камедыі, навуковыя працы і дарожныя нарысы: "Старажытная Літва", "Пінск і Піншчына", "Палескі кірмаш", "Корчмы і дарогі на Палессі", "Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына і Пружан", "Успаміны пра Палессе, Валынь і Літву"... Заўважу, што ўсе гэтыя рэчы былі выдадзены яшчэ пры жыцці Кулешы. Цікавая і мастацкая спадчына Крашэўскага. Серыя тыпаў беларускіх сялян, архітэктурныя будынкі, рамантычныя краявіды Беларусі, ілюстрацыі да сваіх твораў і твораў У.Сыракомлі і К.Тышкевіча... Сам ён гравіраваў кніжныя вокладкі.

Таксама невядома, калі ў апошні раз бачыліся Кулеша і Крашэўскі. Мо гэта здарылася ў Беластоку, незадоўга да смерці Кулешы, калі Крашэўскі назаўсёды па загадзе ўлад пакідаў радзіму: гэта ў самы разгар паўстання 1863 года. У эміграцыі шмат займаўся творчасцю і выдавецкай дзейнасцю, не цураўся і авантурных палітычных амбіцый. Сядзеў нават паўтара года ў магдэбургскай турме за шпіянаж на карысць Францыі супраць Прусіі. Памёр у Жэневе, але пахаваны ў Кракаве. Летам 2012-га споўніцца 200 гадоў з дня яго нараджэння. Хацелася б, каб і ў нас не забыліся на гэтага чалавека. Ведаю, што тры гады таму пры музеі "Пружанскі палацык" была сабрана ініцыятыўная група па падрыхтоўцы мерапрыемстваў да 200-годдзя Ю.Крашэўскага, мэта якой - стварэнне Дома-музея пісьменніка на месцы колішняй сядзібы сям'і Крашэўскіх у в. Доўгае, дзе ён правёў дзяцінства. Гэта сядзіба рабавалася і да, і пасля Другой сусветнай вайны, і на яе месцы практычна нічога не засталося. Што там робіцца сёння - не ведаю...

...Апошнія гады Міхал Кулеша пражыў у Беластоку Гродзенскай губерні, дзе нейкі час выкладаў рысаванне ў Інстытуце высакародных дзяўчат. Тады ў павеце пражывала каля 20 тысяч жыхароў, з іх- амаль 70% беларусаў. У Беластоку 6 лістапада 1863 года і скончылася жыццё творцы і педагога.

Сказаць праўду, Міхал Кулеша пасля смерці не быў зусім забыты, як гэта здаралася з некаторымі асобамі яго пакалення. Цягам наступных 50 гадоў, да Першай сусветнай вайны, яго пейзажныя работы ўпрыгожвалі многія дамы ў Мінску, Гродне, Беластоку, Вільні, Варшаве. Так, у часопісе 1911 г. "Tygodnik Wilenski" №11 мінскі мастак Б.Адамовіч узгадваў: "У нашым доме побач з творамі вядомых мастакоў Дамеля і Ваньковіча былі вельмі цікавыя гуашы Кулешы, якія ў дзіцячым узросце выклікалі вельмі прыемнае ўражанне".

Напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя мастак Міхаіл Пятровіч Станюта распавядаў мне, што ў іх сям'і, у мястэчку Ігумен (сёння - Чэрвень), дзе ён нарадзіўся, яшчэ да першай рэвалюцыі 1905 г. вісела на сцяне адна цікавая літаграфія Кулешы з відам руін Луцкага замка. Тады пра Кулешу я наогул нічога не ведаў, і гэтае імя толькі выпадкова адбілася ў памяці - і, мабыць, з-за дзіўнага прозвішча. А вось больш падрабязна распытаць Станюту пра гэтага мастака я не здагадаўся...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"