Падняцца над рэальнасцю — “у вырай”

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

У галерэі “Мастацтва — выстаўка жывапісных работ мастака-графіка Раісы Сіплевіч пад назвай “Вырай”. Па словах самой мастачкі, яе творчасць уяўляе сабой “сінтэз рэальнага і эмпірычнага”. Творы адлюстроўваюць унутранае жаданне майстра спазнаць рэчаіснасць паўней і глыбей праз форму, колер, лініі, фактуры. Суб’ектыўна пераасэнсаваўшы вопыт мастакоў-мадэрністаў ХХ стагоддзя, Раіса Сіплевіч будуе свае кампазіцыі на аснове эмпірычнага пачатку, напаўняючы іх аўтэнтычнымі вобразамі і сімваламі.

/i/content/pi/cult/354/6750/9-3.jpg

Менавіта выпадковая пляма, як у майстроў ташызму, з'яўляецца асновай фармальнай пабудовы яе кампазіцый. Але мастачка пастаянна эксперыментуе і ідзе ўсё далей у сваіх фармальных пошуках, насычаючы кампазіцыі вобразамі рэальнага свету. Кантраснае супастаўленне абстрактнага і фігуратыўнага ў межах аднаго жывапіснага палатна надае яе работам ірэальна-сімвалічную афарбоўку, уводзіць гледача ў іншую, суб'ектыўна паэтычна пераасэнсаваную аўтарам рэальнасць. Як лічыць Раіса Паўлаўна, яе працы "далучаюць гледача да думкі, што за простым заўсёды хаваецца складанае, за формай тояцца невядомыя энергіі, адно пранікае ў іншае".

На выстаўцы была прадстаўлена вялікая колькасць асацыятыўна-вобразных кампазіцый мастачкі, якія і з'яўляюцца асноўным напрамкам яе творчасці. Працуючы таксама ў жанры партрэта і пейзажа, аўтар смела парушае стылёвыя межы шляхам насычэння кампазіцый фантастычнымі выявамі і сімваламі, прататыпам і крыніцай натхнення для якіх з'яўляецца беларускі пейзаж, прырода роднага краю, нацыянальныя тыпажы. Самымі ўлюбёнымі з'яўляюцца вобразы птушак, матылькоў, стракоз і кветак. Карыстаючыся багатым арсеналам выяўленчых сродкаў, такіх як алегорыя, метафара і гіпербала, мастак напаўняе гэтыя вобразы нейкай чароўнай сілай. Напрыклад, птушкі на палотнах Раісы Сіплевіч заўсёды па-каралеўску велічныя, сапраўдныя цары прыроды Беларусі ("Легенда пра Птушку", "Калядная птушка", "Быў летні вечар"). Таксама можна заўважыць вялікую любоў мастачкі да жаночых вобразаў, часам іх можна інтэрпрэтаваць як аўтапартрэты ("Каралева", "Князёўна", "Танец з матылькамі"). Часцей за ўсё аўтар аддае перавагу адлюстраванню жаночых вобразаў і вобразаў прыроды ў межах аднаго жывапіснага палатна: працы "Жар-Птушка", "Першы снег", "Сон у зімнюю ноч". Таксама Раіса Сіплевіч стварае абстрактныя кампазіцыі. Дынамічныя і палкія па выкананні, яны, у асноўным, тычацца тэм прыроды і чалавечага існавання ("Паміж наступным і былым", "Хваля", "Таемная непазбежнасць", "Танец белага матылька").

Падняцца над рэальнасцю, узяўшы толькі самае лепшае, і гіпербалізаваць гэтае лепшае - вось сапраўдны дар Раісы Сіплевіч: яе працы поўныя цеплыні, чысціні і пазітыўнай энергетыкі.

Вераніка ЮРЭВІЧ-МАЛАШЧУК