Музыка на экспарт?

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

Гукаварот Акадэміі “па пятніцах у чацвер”

/i/content/pi/cult/354/6746/7-4.jpg

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адбыліся Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Беларуская кампазітарская творчасць у сучасным свеце" і, адначасова, фестываль беларускай музыкі "Гукаварот".

Такое спалучэнне для гэтай творчай ВНУ не навіна: апошнім часам у такім фармаце тут ладзяцца штогадовыя навуковыя чытанні памяці Л.Мухарынскай. Падзеі ж цяперашняй "фестывальнай канферэнцыі" (ці, можа, "навуковага фестывалю") сталі для многіх сапраўдным адкрыццём "новай", "найноўшай", па вызначэннях музыказнаўцаў, і раней невядомай беларускай музыкі- на шырокім фоне замежных здабыткаў, пра якія ішла размова на творчых сустрэчах з літоўскімі, польскімі, расійскімі і ўкраінскімі гасцямі.

Сучасная музыка нашых кампазітараў, як заўважыла прарэктар па навуковай працы БДАМ, кандыдат мастацтвазнаўства Наталля Аруцюнава, - гэта амаль "сейсмаграма" беларускай культуры. Здараецца, на "экспарт", для замежных фестываляў і конкурсаў мы пастаўляем шыкоўную акадэмічную музыку, адпаведную найноўшым еўрапейскім тэндэнцыям. А нашы слухачы ўзрастаюць на "імпарце", не заўсёды класічным у высокім сэнсе гэтага слова, ды творах тых айчынных аўтараў, якія ў стане самі займацца папулярызацыяй сваёй творчасці, прыкладаючы для гэтага неверагодныя намаганні. У выніку замежныя слухачы бываюць больш дасведчанымі ў нашай музыцы, чым мы самі.

На "Гукаварот" жа творы адбіраліся не самімі аўтарамі, як гэта часам бывае на філарманічных канцэртах, а куды больш прыдзірлівымі крытыкамі- студэнтамівыканаўцамі ды іх выкладчыкамі. Арганізатары пайшлі па самым простым шляху: паглядзелі, што назапашана ў іх рэпертуары, - і з гэтага склалі праграму. Але які вынік! Прагучалі надзвычай арыгінальныя беларускія кампазіцыі, якія раней выконваліся хіба на прэстыжных замежных фестывалях ды конкурсах. У рамках аднаго з найбольш выбітных праектаў фестывалю - "Музычныя серады па пятніцах у чацвер" - адбыліся дзве прэзентацыі: Асацыяцыі маладых беларускіх кампазітараў пры Беларускім саюзе музычных дзеячаў і новага выканальніцкага калектыву- Belarus modern orchestra на чале з Канстанцінам Яськовым.

 І на канферэнцыі, і на "круглым стале", які падрахоўваў напрацоўкі фэсту, узнімаліся актуальныя тэмы - у тым ліку, на скрыжаванні музыкі з усім спектрам гуманітарных навук. Так, спраўдзіліся словы прывітання намесніка міністра культуры Беларусі Тадэвуша Стружэцкага, у якім ён выказаў спадзяванне, што "канферэнцыя стане чарговым крокам да ўключэння Мінска ў лік прызнаных сусветных цэнтраў развіцця акадэмічнага класічнага мастацтва і навукі". Студэнцкая ж моладзь была настолькі ўзрушана прыкладам мэтраў, што праз дзень пасля канферэнцыі і фестывалю зладзіла свой праект "Закрыты фармат": кампазітары паказвалі свае новыя творы, а ўсе прысутныя іх абмяркоўвалі, уступаючы ў дыскусію.

На здымку: кампазітары Максім Круглы і Вольга Падгайская

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"