“Кармэн” і… Уладзімір

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

Сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага, выступіўшы ў сталічнай філармоніі, анансаваў, да ўсяго, будучую прэм’еру Маладзечанскага маладзёжнага музычнага тэатра: у лютым там з’явіцца канцэртная версія оперы Ж.Бізэ “Кармэн”.

/i/content/pi/cult/354/6745/7-3.jpg

 Гэты калектыў на чале з дырэктарам каледжа, заслужаным дзеячам культуры Беларусі Рыгорам Сарокам - часты госць і ў замежжы. Гэтым разам з аркестрам выступілі вакалісты, прычым усе яны - былыя выхаванцы каледжа: ужо добра вядомы ў многіх краінах свету лаўрэат міжнародных конкурсаў Анатоль Сіўко, Андрэй Саўчанка (абодва яны будуць спяваць у "Кармэн" партыю Эскамільё) і саліст Марыінскага тэатра Вячаслаў Сулімскі. Акрамя Ж.Бізэ, гучала найпапулярная музыка Дж.Вердзі, П.Чайкоўскага, С.Рахманінава і інш. Публіка ж адчувала не проста "пазнаванне" знаёмых мелодый, а спробу падкрэсліць у іх самае запатрабаванае сучаснымі слухачамі- эмацыйны ўзлёт, пругкасць рытмаў.

 Літаральна праз некалькі дзён "маладзечанская школа" атрымала яшчэ адно прызнанне: Уладзімір Дзмітрук - колішні выпускнік каледжа па класе вакалу Маргарыты Васілевіч, Альфрэд у маладзечанскай пастаноўцы "Травіяты"- стаў уладальнікам першай прэміі на V Міжнародным конкурсе оперных спевакоў "Санкт-Пецярбург".

- Цяпер Уладзімір займаецца на 4м курсе Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, - кажа Рыгор Сарока. - І хаця ён мінчанін, а ў нас толькі вучыўся, сувязей з маладзечанскімі аркестрам і тэатрам не губляе і дагэтуль. Менавіта ён, дарэчы, будзе спяваць у нашай "Кармэн" партыю Хазэ. А ў красавіку рушыць з нашым аркестрам на гастролі ў Эстонію.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"