Прачнуцца... у помніку архітэктуры

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

“Не мы крайнія...”, або Прызма сталяркі і “няправільных” вокнаў

 

Асаблівая каштоўнасць мінскай архітэктуры 1930 - 1950х- не толькі ў манументальнасці, у цэласнасці гарадскога ансамбля, але таксама і ў той датклівай увазе да дэталяў, якая была ўласціва яе стваральнікам. Таму чужародныя сучасныя ўварванні ў аблічча гэтых дамоў выглядаюць недарэчнымі. Напрыклад, сучасныя балконныя дзверы, якія дысгармануюць з колерам фасада, або вялізная рэкламная шыльда, што бярэ на сябе зашмат увагі... Гэта - тыповыя ўзоры парушэння айчыннага заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Неўзабаве іх статыстыка рызыкуе істотна пагоршыцца. Зрэшты, тэму гарадской жылой забудовы мы ўздымалі літаральна ў мінулым нумары на прыкладзе Брэста. Цяпер само жыццё дало нагоду працягнуць яе. Рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны прыняла рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці адразу 92 будынкам у цэнтры Мінска, прыналежным, пераважна, да савецкага перыяду. Гэтае бадай беспрэцэдэнтнае паводле сваёй маштабнасці папаўненне Дзяржаўнага спісу будзе ўтрымліваць і яшчэ адну акалічнасць: амаль усе аб'екты, якія прапанавана ўзяць пад апеку дзяржавы, - шматкватэрныя жылыя дамы. І калі рашэнне Рады набудзе законную сілу пасля прыняцця адпаведнай пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, тысячы "шараговых" мінчан у адначассе стануць непасрэднымі выканаўцамі заканадаўства аб ахове спадчыны. У адзін цудоўны дзень яны раптам прачнуцца не ў "звычайных" дамах, але ў помніках архітэктуры. Натуральна, змена статусу прадугледжвае і новыя абавязкі, а таксама - адказнасць за іх выкананне.

Замяніў сталярку "пластыкам"

 Каб выявіць факты "побытавых" парушэнняў заканадаўства ў сферы аховы спадчыны ў цэнтры Мінска, зусім неабавязкова праводзіць адмысловыя інспекцыі альбо рэйды. Варта толькі прыгледзецца да вокнаў будынкаў, уключаных у Дзяржаўны спіс. Большасць з іх - гэта сучасныя пластыкавыя вырабы, і ці не ў кожнай квартэры яны - на свой капыл.

Збочыўшы ў двор "сталінкі", што месціцца на праспекце Незалежнасці, "заспеў на гарачым" і канкрэтнага парушальніка. З дзвярэй аднаго з пад'ездаў акурат выносілі на сметнік старую "сталярку". Як выявілася, зусім нядаўна яна была заменена навюткім "пластыкам".

 - Капітальны рамонт дома не рабіўся вось ужо чвэрць стагоддзя, і мы вырашылі не чакаць "з мора надвор'я", а самім парупіцца пра ўласны камфорт,- тлумачыць гаспадар кватэры Вячаслаў.

Граху ў гэтым, натуральна, няма, але... Як патлумачыў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігар Чарняўскі, паводле айчыннага заканадаўства, для правядзення нават такіх банальных работ патрэбны дазвол Міністэрства культуры краіны. Бо "няправільныя" (неадпаведныя стылістыцы і колеравай гаме фасада) вокны здатны стаць эстэтычна чужародным элементам у абліччы помніка.

- Не, мы нікуды не звярталіся па ўзгадненні, - шчыра прызнаўся Вячаслаў. - Гэта, напэўна, вымагае і грошай, і часу... Паглядзелі, што суседзі памянялі вокны, і вырашылі зрабіць тое самае. У нашым доме мы не адны такія, значыць, не мы і "крайнія"...

 Гэтая "ланцуговая рэакцыя" дазваляе зразумець алгарытм з'яўлення той праблемы, пра якую сёння гавораць не толькі спецыялісты ў сферы аховы спадчыны, але нават ужо і супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Урэшце, звяртаюць увагу на яе і простыя мінакі.

Эталонная мадэль

Зрэшты, у дадзеным выпадку можа паўстаць заканамернае пытанне. Няўжо шараговы грамадзянін В. абавязкова мусіць нанесці асабісты візіт непасрэдна ў Міністэрства культуры, каб атрымаць там дазвол (хай сабе насамрэч ён і бясплатны) на замену акна ў сваёй кухні- як быццам бы гаворка вядзецца пра сур'ёзныя рэстаўрацыйныя работы? На сёння адказ на гэтае пытанне з'яўляецца станоўчым, і законапаслухмяныя грамадзяне ўспрымаюць падобныя патрабаванні ўсур'ёз. Іншая справа - ці можна лічыць такі механізм ідэальным?

- Штат нашага ўпраўлення зусім невялікі, і, па шчырасці, мы проста захлынаемся ў падобных справах, - кажа намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Аляксандр Ленкаў. - А пасля ўключэння ў Дзяржаўны спіс ледзь не сотні новых аб'ектаў рызыкуем і ўвогуле патануць у іх з галавой. Дзеля "сталяркі" нярэдка даводзіцца адкладаць вырашэнне куды больш важных і складаных пытанняў, датычных той жа рэстаўрацыі.

Менавіта таму Міністэрства культуры выступіла з ініцыятывай удасканалення гэтага механізму, якая, на думку Аляксандра Ленкава, павінна спрасціць жыццё і супрацоўнікам упраўлення, і шараговым жыльцам. ЖРЭА сталіцы (якія з'яўляюцца ўласнікамі "жылых" помнікаў спадчыны) атрымалі прапановы распрацаваць тыпавыя схемы вокнаў і тых дзвярэй, што выходзяць на вуліцу. Прычым для кожнага ўнесенага ў Дзяржаўны спіс будынка яны павінны быць адмысловымі.

Падставай для такой ініцыятывы стала і рашэнне Мінгарвыканкама адносна фасадаў помнікаў архітэктуры, якім рэгулюецца ўстаноўка спадарожнікавых антэн, кандыцыянераў, замена дзвярных і аконных запаўненняў. На жаль, гэтае рашэнне, прынятае ўжо некалькі год таму, выконваецца далёка не заўсёды.

- Наступны этап - узгадненне тыпавых схем у Міністэрстве культуры,- кажа начальнік аддзела навукова-праектных работ і рэстаўрацыйнай вытворчасці згаданага ўпраўлення Вольга Міхайлава. - Мы ўжо пачалі гэтым займацца, аналізуючы тыя прапановы, што паступілі ад некаторых ЖРЭА Мінска.

Адпаведна, схема і сапраўды простая. Выпрацоўваюцца пэўныя эталонныя мадэлі таго самага вакна альбо дзвярэй на балкон, якія адпавядаюць стылістыцы фасада канкрэтнага будынка. І прыйшоўшы ў свой родны ЖЭС (які нават геаграфічна бліжэй, чым Міністэрства культуры), жыхар уключанага ў Дзяржспіс дома здолее азнаёміцца з прапанаванымі яму варыянтамі ды замовіць выраб дзвярэй альбо вокнаў абранаму ім самім вытворцу. У хуткім часе падобны ўніфікаваны механізм будзе распрацаваны таксама і адносна ўстаноўкі іншых "украпванняў сучаснай цывілізацыі": спадарожнікавых антэн і кандыцыянераў. А ўжо налета гэтыя інавацыі могуць замацавацца ў Законе аб ахове спадчыны- Міністэрства культуры выступіла з ініцыятывай аб унясенні ў яго адпаведных паправак.

- У той самы час, рамонт узроўню "паклеіць шпалеры" ніякіх узгадненняў, вядома, не патрабуе, - дадае Аляксандр Ленкаў. - У артыкуле 38 Закона гаворыцца, што "бягучыя" работы могуць адбывацца без дазволу Міністэрства культуры. Іншая рэч - скажам, перапланіроўка, альбо тая ж сталярка... Многія не бачаць тут прынцыповага адрознення. Але няведанне закону, як вядома, не вызваляе ад адказнасці.

 У выпадку з жыльцамі тых дамоў, якія неўзабаве маюць атрымаць статус помніка, гэтая юрыдычная формула актуальная асабліва. Адсюль і пытанне: як праінфармаваць іх пра новыя абавязкі?

- Кожны з нас атрымлівае па пошце г.зв. "разлікоўкі", і чаму б не ўключыць патрэбную інфармацыю на адваротны бок таго аркушыка? - прапануе Аляксандр Ленкаў. - Альбо размясціць адпаведную абвестку на кожным з пад'ездаў дома. Ва ўсякім выпадку, займацца гэтым павінны менавіта ЖРЭА тых раёнаў, дзе месцяцца помнікі спадчыны.

 Усталяванне ахоўнай дошкі, падрыхтоўка пашпарта і ўліковай карткі такіх помнікаў спадчыны стане прэрагатывай уласнікаў - тых самых ЖРЭА. А вось ахоўныя абавязальніцтвы павінны будуць падпісаць гаспадары кожнай з кватэр. Як адзначыў Ігар Чарняўскі, сёння гэта зазвычай адбываецца толькі ў выпадках, калі кватэра мае стаць аб'ектам здзелкі на рынку нерухомасці. А ў тым выпадку, калі ніякіх аперацый не плануецца, гаспадары і не рупяцца. Зрэшты, многія і не ведаюць пра такія свае абавязкі. І таму з боку ЖРЭА было б не лішнім пра іх перыядычна нагадваць.

Перашкаджае ці не?

 Па еўрапейскай традыцыі, першыя паверхі старых дамоў у цэнтры Мінска ды іншых буйных гарадоў усё часцей займаюць не кватэры, а крамкі, кавярні ды розныя іншыя аб'екты сэрвісу. І кожны з іх імкнецца завабіць кліентаў сваёй шыльдай, не заўсёды дапасоўваючы яе да агульнага аблічча помніка спадчыны. Не так даўно ўвагу на гэтую праблему ўшчыльную звярнула і Генеральная пракуратура краіны, выявіўшы цэлую плойму фактаў парушэння заканадаўства ў адным асобна ўзятым квартале. Але, як запэўніла Вольга Міхайлава, парадак у гэтай сферы неўзабаве будзе наведзены.

 - Літаральна на гэтым тыдні мы зладзім першы сур'ёзны маніторынг, датычны ўсталявання рэкламы ў Мінску, - распавядае спецыяліст. - Гэтая праверка, якая ахопіць канкрэтны раён горада, будзе праведзена разам з прадстаўнікамі Камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтве Мінгарвыканкама, Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь. Усе выяўленыя намі парушальнікі заканадаўства атрымаюць адпаведныя прадпісанні.

 З іншага боку, парушальнікі тут таксама могуць спаслацца на элементарнае няведанне. Закон патрабуе ад іх, каб рэкламная інфармацыя не перашкаджала ўспрыманню помніка спадчыны. Але ці можа спецыяліст у галіне рэкламы вызначыць: перашкаджае альбо не? Тым болей, нейкія шаблоны "на ўсе выпадкі жыцця" выпрацаваць тут немагчыма.

- Да кожнага аб'екта патрэбны індывідуальны падыход, - кажа Вольга Міхайлава. - Прыкладам, на даху вялікага будынка можна размясціць рэкламную канструкцыю, а вось выгляд, скажам, двухпавярховай камянічкі яна істотна пагоршыць.

 Самыя тыповыя парушэнні - гэта, уласна, памер рэкламнай прадукцыі, размяшчэнне інфармацыі на яркай вялікай падкладцы, усталяванне мажных бакавых кранштэйнаў. Да таго ж, рэклама ні ў якім выпадку не павінна перакрываць дэкаратыўныя элементы будынка. У сваю чаргу, прымальныя варыянты - гэта асобныя літары непасрэдна па-над уваходам ва ўстанову альбо размяшчэнне інфармацыі ў вокнах ці фрамугах.

- У мяне ёсць два альбомы са станоўчымі прыкладамі размяшчэння рэкламы на помніках спадчыны ў еўрапейскіх гарадах, і гэтыя ўзоры я дэманструю тым, хто звяртаецца да мяне па кансультацыю,- кажа Вольга Міхайлава. - Нават тыя міжнародныя кампаніі, якія зазвычай выкарыстоўваюць маштабную і яркую рэкламу, у дадзеным выпадку абмяжоўваюцца сціплымі і густоўнымі варыянтамі.

Самі падыходы будуць замацаваны ў адмысловай Інструкцыі, якая цяпер распрацоўваецца супрацоўнікамі ўпраўлення разам са спецыялістамі з іншых датычных да размяшчэння рэкламы арганізацый.

- Яна змесціць канкрэтныя патрабаванні, у прыватнасці, дапушчальныя памеры тых жа кранштэйнаў,- дадае Вольга Міхайлава. - І тады рэкламшчыкі ад пачатку будуць ведаць, якімі правіламі кіравацца пра распрацоўцы эскіза.

Заканадаўчы вузел? Хутчэй, практычнае вырашэнне!

 Між тым, адказу вымагае і пытанне, што ж рабіць з тымі фактамі парушэння заканадаўства, якія ўжо адбыліся. Усяго сціплага штату адпаведнага ўпраўлення Міністэртва культуры наўрад ці хопіць нават для таго, каб проста падлічыць, колькі вокнаў і балконных дзвярэй было ўсталявана ў нашай краіне з парушэннем заканадаўства. Бо зразумела, што лік ідзе на дзясяткі тысяч.

- Мы рыхтуем праект рашэння Мінгарвыканкама, паводле якога ЖРЭА павінны правесці абследаванні помнікаў спадчыны, што ім прыналежаць, выявіць падобныя факты і... пачаць работу з жыхарамі, - кажа галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінгарвыканкама па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Наталля Радчанка. - Так, менавіта пачаць! Бо чакаць, што праблема вырашыцца ў адначассе, наўрад ці выпадае.

Пры гэтым спецыяліст адзначыла, што яе вырашэнне не запатрабуе вялікіх рэсурсаў ад саміх жыльцоў. Патрабаванні заканадаўства наўрад ці можна прызнаць "драконаўскімі": ніхто не вымагае ад людзей нейкай "адмысловай" сталяркі, выкананай па індывідуальных праектах. Дый нават і тыя "няправільныя" вокны, што былі ўжо ўсталяваны, зусім неабавязкова замяняць на новыя - дастаткова проста перафарбаваць іх рамы ў адпаведны фасаду колер. Выдаткі - мізэрныя, але... Многія ўсё адно лічаць за лепшае "змагацца да апошняга"...

Наталля Радчанка ўсё ж спадзяецца, што паразумення з жыльцамі ўдасца дасягнуць мірным шляхам. Тым болей, іншыя шляхі нават цяжка пакуль уявіць: "сталярныя" парушэнні ў Мінску сталі настолькі масавымі, што прыцягнуць усіх вінаватых да адміністратыўнай адказнасці аднаму спецыялісту з Мінгарвыканкама немагчыма нават фізічна.

 - Кожны такі выпадак вымагае нямала часу, - кажа Наталля Радчанка. - Патрэбны і сведкі, і фотафіксацыя, і нямала іншых фармальнасцяў. Адпаведна, без дапамогі тых жа ЖРЭА нам не абысціся.

Сапраўды, камунальныя службы і "бліжэй да зямлі", і штат іх куды большы, але... у плане аховы спадчыны гэтыя арганізацыі іначай, як няпрофільнымі, не назавеш. Ці справяцца яны з новымі абавязкамі?

 На думку Наталлі Радчанка, нічога складанага ў тым, каб адрозніць "правільныя" вокны ад "няправільных", у прынцыпе, няма: зрабіць гэта можна проста "на вока".

- Калі не будзе кантролю на месцах, калі не з'явіцца сістэма пастаяннага маніторынгу, выніку не атрымаем, - перакананы Аляксандр Ленкаў.

 І сапраўды, парушэнні можа ліквідаваць такая самая сістэма іх прафілактыкі ды выкаранення, дзе кожны яе "вузел" - ад міністэрства і да ЖЭСаў - будзе выконваць уласную функцыю. Хочацца спадзявацца, што сталіца Беларусі стане "вопытнай пляцоўкай", дзе будзе апрабаваны сам механізм вырашэння "аконнай" праблемы. Натуральна, вялікую ролю тут мае адыграць і пазіцыя мэрыі. Тым болей, такія "дробязі" не абыяк уплываюць на ўяўленне і пра помнік спадчыны, і пра горад, у якім ён знаходзіцца, дадаючы ў той свет, дзе ўсе мы жывем, яшчэ адно каліва дысгармоніі.