Аб абмене пасведчанняў удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на пасведчанні пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

У адпаведнасці з пунктам 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 жніўня 2009 г. №407 “Аб некаторых пытаннях абмену дакументаў, што пацвярджаюць права грамадзян на льготы” з 1 студзеня па 31 снежня 2012 года ў рэспубліцы будзе праводзіцца абмен пасведчанняў удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (далей— пасведчанне ўдзельніка ліквідацыі) і пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (далей — пасведчанне пацярпелага) на пасведчанні пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый (далей — пасведчанне пацярпелага).

 

Да завяршэння абмену, прадугледжанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 жніўня 2009 г. № 407, права на льготы грамадзянам, пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый, прадастаўляецца ў адпаведнасці з пасведчаннямі ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Падлягаюць абмену:

1. пасведчанні ўдзельнікаў ліквідацыі, выдадзеныя і перарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку да 1 студзеня 2012 г.;

 2. пасведчанні пацярпелых, выдадзеныя ва ўстаноўленым парадку да 1 студзеня 2012 г.

Абмен пасведчанняў удзельнікаў ліквідацыі на пасведчанні пацярпелых ажыццяўляецца дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), што праводзілі перарэгістрацыю пасведчанняў удзельнікаў ліквідацыі, альбо правапераемнікамі гэтых дзяржаўных органаў (арганізацый) пры ўмове, што гэтыя дзяржаўныя органы (арганізацыі) альбо іх правапераемнікі маюць права на ўстанаўленне грамадзянам статусу ўдзельніка ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый.

У выпадку, калі дзяржаўны орган (арганізацыя), што перарэгістраваў (перарэгістравала) пасведчанне ўдзельнікаў ліквідацыі, альбо правапераемнік гэтага дзяржаўнага органа (арганізацыі) не маюць права на ўстанаўленне грамадзянам статусу ўдзельніка ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый, абмен пасведчанняў удзельнікаў ліквідацыі на пасведчанні пацярпелых праводзіцца аблвыканкамамі, мясцовымі адміністрацыямі раёнаў г. Мінска па месцы жыхарства грамадзян.

Абмен пасведчанняў пацярпелых на пасведчанні пацярпелых ажыццяўляецца па месцы жыхарства грамадзян: гарадскімі (гарадоў раённага падпарадкавання), раённымі выканкамамі, мясцовымі адміністрацыямі раёнаў у гарадах - грамадзянам, каму ўстаноўлены статус пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый і тым, хто мае права на атрыманне льгот у адпаведнасці з артыкуламі 21- 24 Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый"; аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам- грамадзянам (уключаючы дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў), якім устаноўлены статус пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый і тым, хто мае права на атрыманне льгот у адпаведнасці з артыкулам 18 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый".

 Не будзе праводзіцца абмен пасведчанняў пацярпелых, што прадастаўлялі права на льготы ў адпаведнасці з артыкуламі 22 - 25 Закона Рэспублікі Беларусь ад 22 лютага 1991 года "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС", у якія не былі ўнесены змяненні з улікам норм дзеючага Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый".

Грамадзянін, у пасведчанне якога не ўнесены змены ў адпаведнасці з нормамі дзеючага Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый", мае права па 31 снежня 2011 года звярнуцца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, які выдаў пасведчанне пацярпелага, для ўнясення ў яго адпаведных змен. З 1 студзеня 2012 года пасведчанні пацярпелых, у якія не ўнесены змены, будуць лічыцца несапраўднымі.

Грамадзянін, чыё пасведчанне з 1 студзеня 2012 года будзе лічыцца несапраўдным, мае права звярнуцца ў выканаўчы камітэт па месцы жыхарства за ўстанаўленнем яму статусу пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый і выдачай новага пасведчання.

У абмене пасведчанняў удзельнікаў ліквідацыі ці пасведчанняў пацярпелых на пасведчанні пацярпелых можа быць адмоўлена ў выпадку, калі дакументы, прадастаўленыя грамадзянінам, не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, у тым ліку з'яўляюцца падложнымі, падробленымі ці несапраўднымі.

Рашэнне аб адмове ў абмене пасведчанняў прымаецца камісіяй па ўстанаўленні статусу грамадзянам, пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый, адпаведнага дзяржаўнага органа.

У выпадку нязгоды грамадзяніна з прынятым камісіяй рашэннем камісія, па заяве грамадзяніна, накіроўвае дакументы для разгляду ў міжведамасную камісію па ўстанаўленні статусу грамадзянам, пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый, створаную пры Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях РБ.

У бліжэйшых нумарах "К" надрукуе Прыкладны пералік рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія праводзяць абмен пасведчанняў удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС на пасведчанні пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый.