Тры ў адным — гэта не адзін…

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

Свет, паводле легенды, трымаецца на трох чарапахах. А мастацкі свет, створаны ўдзельнікамі выставачнага праекта “Тры ў адным”, які быў прадстаўлены ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, — на трох “сілавых кропках”. Кожная “кропка” — канцэптуальна самастойная частка, што адначасова прэзентуе творчасць асобнага аўтара і ўдзельнічае ў стварэнні цэласнага свету мастацкіх вобразаў.

 /i/content/pi/cult/131/674/3-1.jpg
 А.Таборка. З серыі "Акцэнты".
Усе тры часткі экспазіцыі “Тры ў адным” былі прадстаўлены ў асобных залах. Пераходзячы з адной у другую, атрымліваеш першаснае ўяўленне пра асобу аўтара і яго творчасць.
Дзяніс Барсукоў працуе на стыку фармальнага імпрэсіянізму і наіўнага мастацтва, гарманічна спалучаючы здабыткі народнага і сучаснага жывапісу. Для аўтара карцін пад агульнай назвай “Простыя рэчы” аб’ектам увагі і адлюстравання з’яўляецца ўсё, што ён бачыць вакол сябе. Гэта і падзеі гарадскога жыцця, і браты нашы меншыя, і проста рэчы і прадметы, якія так захапляюць дзяцей і якія мы, дарослыя, ужо “прызвычаіліся” не заўважаць.
“Дзіця мае чысты і “незамылены” позірк, — гаворыць мастак. — Яно бачыць штодзённы свет як нешта фантастычнае, натхняльнае. Дарослы ж чалавек існуе ў свеце штучных рэчаў, у сваёй шкарлупіне, успрымае наваколле як спажывец. Мабыць, таму адно і тое ж— напрыклад, надвор’е, крэсла, дарога ў краму — успрымаецца намі па-рознаму. Мэта маіх твораў — паказаць свет гэтак, як яго бачыць дзіця, дапамагчы знайсці радасць і прыгажосць у самых простых рэчах, што акаляюць чалавека кожны дзень”.
“Адлюстраванні” Алены Таборка (лічбавае мастацкае фота) — гэта спалучэнне работ, зробленых яшчэ ў час студэнцкага жыцця і зусім нядаўніх. “Фотаздымак — гэта не проста адбітак рэальнасці, гэта яшчэ і настрой, эмоцыя, — мяркуе Алена. — Я хацела паказаць, што кожны з нас бачыць адныя і тыя ж рэчы па-свойму. “Адлюстраванні”— гэта мой пункт гледжання на
 /i/content/pi/cult/131/674/3_1.jpg

Д.Барсукоў. "У керамічнай майстэрні".  

навакольны свет, адлюстраваны праз аб’ектыў”.
“Назва маёй часткі выстаўкі — “Асабістая прастора” — гаворыць сама за сябе, — распавядае Сяргей Ждановіч. — Мы любім асабістую прастору, шукаем яе паўсюль. І мае работы — гэта мае любімыя месцы ў Мінску, дзе я шукаю сваю асабістую прастору”.
Сустрэча трох мастакоўпад адным дахам не выпадковая — усе яны скончылі БДУ культуры і мастацтваў (кафедра народных рамёстваў). Пасля заканчэння ўсе паспяхова працуюць у сферы культуры: Д.Барсукоў — дырэктар мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, А.Таборка — фотакарэспандэнт інфармацыйнага агенцтва “Interfax-Захад”, С.Ждановіч — дызайнер у сферы паліграфіі.
Экспазіцыя “Тры ў адным” — гэта і крок насустрач наведвальніку (ёсць што паглядзець і аматару сучаснага мастацтва, і прыхільніку традыцыйных набыткаў), і прапанова правесці ўласны эксперымент на ўспрыманне жывапісу, лічбавага і традыцыйнага фота ў межах адной выстаўкі, убачыць сённяшні дзень скрозь прызму ўчарашняга, і наадварот.

Ганна КОТА.