Каля Максімавага мора…

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

Насычанымі атрымаліся ўрачыстасці з нагоды святкавання 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, што прайшлі ў Ялце. У мерапрыемствах удзельнічалі не толькі мясцовыя жыхары, але і творчая інтэлігенцыя з Беларусі, прадстаўнікі айчыннай дыяспары з усёй Украіны.

/i/content/pi/cult/354/6739/3-2.jpg

Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам "К" член беларускай дэлегацыі, непасрэдны ўдзельнік урачыстых падзей у Ялце, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, вельмі важным вынікам мерапрыемстваў стала тое, што Максім Багдановіч сваёй постаццю здолеў сабраць разам беларусаў Украіны: ад самадзейных творчых калектываў да простых аматараў роднай літаратуры, якія захоўваюць беларускую культуру і мову.

- У канцэрце на ўрачыстым вечары "Разам ляцець да зорак", што адбыўся ў клубе Чарнаморскага флоту "Ялта", сабралася шмат мастацкіх калектываў беларускіх суполак, у тым ліку з Севастопаля, Запарожжа, Феадосіі і іншых рэгіёнаў Украіны. Пры гэтым лепшыя з іх былі адзначаны прэміяй імя Максіма Багдановіча, якая заснавана ў Крыме.

Акрамя таго, па словах Уладзіміра Гілепа, высокую ацэнку атрымалі ўрачыстасці і з боку саміх жыхароў Крыма, якія неаднаразова выказвалі словы падзякі дэлегацыі з Беларусі за яе прыезд і надзвычай цікавую праграму. Да прыкладу, вялікую цікавасць выклікала сустрэча членаў дэлегацыі - дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяны Шэляговіч, старшыні Беларускага фонду культуры Уладзіміра Гілепа і старшыні грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры нашай краіны па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Анатоля Бутэвіча са студэнтамі Крымскага гуманітарнага ўніверсітэта і яго рэктарам Аляксандрам Глузманам.

Сярод іншых мерапрыемстваў Уладзімір Гілеп вылучыў выстаўку "Маладыя гады - маладыя жаданні", што адкрылася ў Ялцінскай дзіцячай мастацкай школе. Юныя творцы паспрабавалі праз пэндзаль і фарбы ўвасобіць паэтычныя думкі Багдановіча. Плануецца, што работы дзяцей з берага Чорнага мора, якое ў гэтыя дні беларусам бачылася і Максімавым, у хуткім часе будуць экспанавацца ў сценах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску.

На здымку: Уладзімір Гілеп і Таццяна Шэляговіч (на першым плане) ля помніка паэту ў Ялце.