“Перачытаць” на старце форуму

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

15 снежня операй “Травіята” ў пастаноўцы Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі адкрыецца ІІ Мінскі міжнародны Калядны оперны форум.

 

Адзін з удзельнікаў гэтага спектакля, дарэчы, ужо наведаў наш тэатр з папярэдняй рэпетыцыяй. Гэта быў галоўны дырыжор азначанага тэатра, знакаміты Фелікс Корабаў. Бо не толькі нашы спектаклі, у якіх будуць удзельнічаць запрошаныя зоркі сусветнага маштабу, але і цалкам "прывазны" спектакль пройдуць у суправаджэнні сімфанічнага аркестра нашага Вялікага тэатра. Такая практыка добра зарэкамендавала сябе яшчэ летась.

- Адбылася толькі першая, так званая "карэктурная" рэпетыцыя, - дзеліцца ўражаннямі другі канцэртмайстар аркестра Алена Ляўданская. - Але нават тыя, хто не бачыў нашумелага маскоўскага спектакля, адразу зразумелі: гэта абсалютна новая трактоўка - не толькі па сваёй рэжысуры, але і па музычным прачытанні. Мы "перачыталі" нотны тэкст і быццам убачылі яго новымі вачыма. Былі адкрыты ўсе купюры, унесены іншыя штрыхі, узніклі куды больш хуткія тэмпы. На наступны дзень Корабаў з'ехаў, але мы замацоўвалі змены пад кіраўніцтвам нашага дырыжора Вячаслава Воліча: ён правёў папраўдзе вялізную працу. З нецярпеннем чакаем новага прыезду Корабава, артыстаў тэатра Станіслаўскага і, вядома, зорку сусветнай оперы Хіблу Герзмава, якая паўстане Віялетай.