“Страцім-лебедзь” і лабараторыі

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

З 14 па 18 снежня ў Бабруйску пройдзе IV Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча.

/i/content/pi/cult/354/6735/2-1.jpg

 Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, упраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама, аддзел культуры Бабруйскага гарвыканкама, Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча.

Як распавялі "К" у дырэкцыі тэатра, у ІV Рэспубліканскім фестывалі плануецца ўдзел шаснаццаці творчых калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны і Латвіі. Спрычыніцца да сцэнічнага мастацтва можна будзе цягам пяці фестывальных дзён. Спектаклі пройдуць у Бабруйскім палацы мастацтваў, Цэнтры культуры і вольнага часу Ленінскага раёна, таксама ў самім абласным тэатры.

 Менавіта на сцэне апошняга адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскага фестывалю: 14 снежня тут будзе паказана п'еса Юрыя Сохара "Страцім-лебедзь" у пастаноўцы Віталя Баркоўскага, прымеркаваная да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

Акрамя таго, у рамках фестывалю запланавана экскурсія-паездка ў вёску Панюшкавічы, дзе нарадзіўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Упершыню адбудуцца адкрытыя чытанні п'ес, падрыхтаваныя акцёрамі і рэжысёрамі. Па словах начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Сінкаўца, у рабоце названых творчых лабараторый возьмуць удзел і беларускія драматургі.