СТАЦЬ КРЫНІЦАЙ ІДЭЙ ДЛЯ КРАІНЫ

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

9 снежня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у працы 41-га з'езда Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

/i/content/pi/cult/354/6734/1-1.jpg

Праекты і канцэпты дзеля Айчыны

8-9 снежня ў Мінску прайшоў З'езд Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Мерапрыемства сабрала прыкладна тысячу дэлегатаў з усіх куткоў краіны.

У працы з'езда прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Як перадае БелТА, у сваім выступленні Кіраўнік нашай дзяржавы, у прыватнасці, зазначыў, што Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі павінен стаць крыніцай ідэй не толькі ўласна для маладых людзей, але і для ўсёй краіны.

Прэзідэнт адзначыў, што яму прыйшоўся даспадобы маладзёжны праект "100 ідэй для Беларусі". "Але гэта толькі першы крок, галоўнае - увасобіць усё гэта ў жыццё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама Кіраўнік дзяржавы даручыў Ураду і Адміністрацыі Прэзідэнта рэалізаваць усе найлепшыя ідэі згаданай акцыі.

Сярод іншага, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, звяртаючыся да Урада: "Запішыце як першачарговую задачу: дайце моладзі нармальныя працоўныя месцы з добрым заробкам. Гэта не папулізм. Гэта выгадна дзяржаве, асабліва цяпер ".

Таксама Прэзідэнт адзначыў, звяртаючыся да ўдзельнікаў з'езда, што маладыя людзі павінны прыняць актыўны ўдзел у будучых парламенцкіх выбарах: "Жыццё не стаіць на месцы, лічу, што партыйнае і палітычнае жыццё ў Беларусі таксама будзе ажыўляцца, і тут вы таксама не павінны застацца ўбаку ".

У першы дзень з'езду адбылася прэзентацыя аднаго з яркіх праектаў валанцёрскага руху пад назвай "Добрае сэрца", а вечарам у сталічным Палацы спорту прайшоў X Дабрачынны non-Stopмарафон "Усе фарбы жыцця для цябе!" з удзелам зорак беларускай эстрады. Акцыя арганізавана ў падтрымку дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай Беларускага дзіцячага хоспіса.

- Гэта важны накірунак дзейнасці, які дазваляе моладзі дапамагчы тым людзям, якім патрэбна падтрымка, - зазначыў першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Бузоўскі. - Юнакі і дзяўчаты сумленна аказваюць дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасцямі, пенсіянерам, ветэранам... Падобныя адносіны да чужой бяды - найлепшая характарыстыка новага пакалення.

А на наступны дзень, 9 снежня, у фае сталічнага Палаца спорту быў прадстаўлены шэраг аўтарскіх праектаў Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу "100 ідэй для Беларусі". Пад час яго правядзення, з 20 верасня па 1 снежня бягучага года, у адрас арганізатараў паступіла звыш 1300 заявак. 100 лепшых праектаў у розных сферах сацыяльнага і эканамічнага жыцця краіны вызначыў экспертны савет, у склад якога ўвайшлі, у прыватнасці, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях...

Як паведамілі "К" арганізатары, у Рэспубліканскім конкурсе ўзялі ўдзел з дзясятак аўтарскіх праектаў культурнай тэматыкі. Цікавай для арганізатараў падалася, напрыклад, ідэя віртуальнай экскурсіі па "замкавым "залатым кольцы Беларусі". Адзін з аўтараў названага праекта, навуковы супрацоўнік Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Дзмітрый Прадун распавёў "К", што, па яго перакананні, стварэнне праграмы візуалізацыі 3D-мадэляў беларускіх замкаў дазволіць павялічыць турыстычную прывабнасць краіны. Да таго ж, гэтае праграмнае забеспячэнне можа быць выкарыстана ў адукацыйных мэтах, а таксама створыць эфект "прысутнасці" і прарэкламуе гістарычныя адметнасці Беларусі. Падобны праект прадставіў на конкурс і настаўнік інфарматыкі з вёскі Грабоўка Гомельскага раёна Кірыл Дземусёў. Ягонае "Віртуальнае падарожжа па Беларусі" - гэта інфармацыйны веб-сайт, з дапамогай якога кожны ахвотны зможа, не выходзячы з дома, вандраваць па малых населеных пунктах нашай краіны, убачыць розныя архітэктурныя, гістарычныя і прыродныя адметнасці таго або іншага паселішча рэспублікі.

 А некаторым праектам культурнай тэматыкі, па словах арганізатараў, ужо дадзена "зялёнае святло". Так, рэалізацыю ідэі навучэнца 3-га курса Аршанскага механікаэканамічнага каледжа Максіма Рабея "Пошукі святыні" плануецца пачаць у ліпені 2012-га. Менавіта ў гэты час распачне сваю працу археалагічны лагер па пошуку фрагментаў Рагвалодавага каменя - знакавага помніка славянскай гісторыі і культуры.