Напрыканцы лістапада на сцэне Дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў культурнаадукацыйнага праекта - сямейнага падарожжа "Музейныя хованкі. Пяць музеяў за пяць дзён".
Акцыя адбывалася па ініцыятыве і пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь цягам двух месяцаў. Гэты праект, нагадаем, аб'яднаў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, Літаратурны музей Петруся Броўкі. Кожны распрацаваў займальны і пазнаваўчы маршрут для цікаўных падарожнікаў ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў і іх нястомных дарослых сваякоў.
146 сем'яў, якія выканалі ўмовы, былі ўзнагароджаны дыпломамі нястомных падарожнікаў. Таксама быў разыграны галоўны прыз, заснаваны Цэнтральным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры: падарожжа ў Белавежскую пушчу да Дзеда Мароза. Апошні заваявала сям'я Ганны Архіпенка, якая вандравала па музеях разам з мамай і двума старэйшымі братамі. Падарункі ў розных намінацыях уручалі дырэктары літаратурных музеяў Мінска.
Думаецца, "Музейныя хованкі" дасягнулі галоўнай мэты: абудзілі цікавасць да творчай спадчыны беларускіх літаратараў, да гісторыі і культуры роднага краю і, безумоўна, паспрыялі выхаванню сямейных каштоўнасцей. Як зазначыла намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святлана Гаўрылава, праект, адрасаваны сем'ям, - сапраўды ўнікальны і значны для Беларусі. Таму... Чакаем працягу!
Дзіяна ФІЛІПОВІЧ, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела культурнаадукацыйнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы
На здымку: уладальнікі 146 дыпломаў.
Фота Кацярыны САЛАМЕВІЧ