Рымейк на зменлівую сучаснасць

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

Неверагодную сілу маюць аркушыкі паперы з рознымі выявамі, калісьці аддрукаваныя ў фоталабараторыі. Фотаздымкі вяртаюць дарагія твары, зберагаюць незабыўныя імгненні юнацтва, адлюстроўваюць некранутымі тыя куточкі зямлі, якіх ужо няма ў ранейшым выглядзе, але якія былі ў тваім жыцці як непарушная рэальнасць. Захаваць убачанае — асноўная місія фотамастацтва. І менавіта яе прытрымліваліся арганізатары фотавыстаўкі “Лошыца — 2007”, якая адкрылася ў галерэі NOVA Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы і будзе працаваць да 12 кастрычніка.

 /i/content/pi/cult/131/673/Loshyca.jpg
Турбавацца якраз-такі ёсць аб чым.
Лошыцкі парк, адзін з найцудоўных паркаў Мінска, паступова мяняе свой выгляд. Прычына — сам час і тое, што мяняецца інфраструктура мікрараёна, у якім знаходзіцца парк. А месца — незвычайнае, тым больш для мегаполіса, закаванага ў асфальт і бетон. 20 фатографаў — аматараў і прафесіяналаў — паспрабавалі захаваць на сваіх фотаздымках Лошыцу 2007 года, зімовую і летнюю, ціхую, дзіўную — розную, але ж адзіную, якая ёсць.
Гэта ўжо другі праект з такой назвай. Год таму адбылася першая фотавыстаўка, прысвечаная Лошыцы, але арганізатары невыпадкова вырашылі паўтарыць тэму — зрабіць так званы рымейк. На пытанне, чым адрозніваюцца гэтыя два праекты, іх куратар Уладзімір Парфянок адказаў:— Адно і тое ж месца можна зняць у розных ракурсах — і атрымаецца зусім не падобна. А тут два праекты цэлы год раздзяляе.
Дый жадаючых паўдзельнічаць у першай выстаўцы было значна болей, чым магла змясціць галерэя, вось і вырашылі даць ім магчымасць выставіцца сёлета. Настрой новай выстаўкі атрымаўся зусім іншы: гэтым разам перавагу атрымалі чорна-белыя здымкі і разнастайныя эксперыменты. Скажам, цікавае бачанне зімовай Лошыцы прадэманстраваў Валерый Вядрэнка ў сваіх калажах “Лошыцкая малітва”, “Пошукі дао ў зімовай Лошыцы”.
Завяршыў адкрыццё выстаўкі слайд-фільм Міхаіла Гаруса “Акно” 1986 года. У ім увасоблены свет, убачаны з акна сядзібнага дома ў Лошыцкім парку. Чорна-белыя кавалачкі жыцця 20-гадовай даўніны... Можа, праз нейкі час і на здымкі з фотавыстаўкі “Лошыца — 2007” людзі будуць глядзець і дзівіцца: як жа прыгожа! Дзякуй, што збераглі!

Таццяна МАЦЮШОНАК,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ