Нацыянальная музычная: а вы аддалі свой голас?

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва падступае да фіналу.

Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва падступае да фіналу.

У кожнай з 16 намінацый з вялікай колькасці заявак ужо вызначаны па тры - пяць прэтэндэнтаў, а з 1 снежня на сайце СТБ пачалося інтэрнэт-галасаванне ў намінацыі "Прыз глядацкіх сімпатый". "У бліжэйшы час, - паведаміла дырэктар прадзюсарскага цэнтра тэлеканала "СТБ" Настасся Гузель-Гудзіева, - экспертны савет вызначыць пераможцаў".

 Але ж прэмія - толькі частка вялікага шэрагу мерапрыемстваў, запланаваных Міністэрствам культуры Беларусі, тэлеканалам "СТБ" і Маладзёжным тэатрам эстрады па папулярызацыі нашай нацыянальнай эстраднай спадчыны. Так, ужо 29 лістапада на сцэне азначанага тэатра распачаўся цыкл "Песні Беларусі". На канцэрце-адкрыцці "Нашы добрыя песні" гучалі самыя любімыя і ўсім вядомыя песні ХХ стагоддзя.

Тэатр паставіўся да канцэрта з вялікай адказнасцю. Музыка суправаджалася відэапрэзентацыяй. Вяла ж канцэрт Алена Спірыдовіч, што ўжо само па сабе быццам звязвала гэтую імпрэзу з такімі буйнымі форумамі, дзе гучалі і гучаць нашы лепшыя песні, як "Славянскі базар у Віцебску", Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне.

Акрамя таго, па ініцыятыве і пры падтрымцы Міністэрства культуры Маладзёжны тэатр эстрады пачаў ажыццяўленне праекта "Залатая калекцыя беларускай эстрады". Быў складзены спіс больш як з сотні песень ХХ ст., з якога дзеячы культуры, адукацыі, журналісты выбіралі па 35 лепшых. Вызначаныя песні будуць прадстаўлены на гала-канцэрце, які папросту не зможа змясціць больш твораў. Гала-канцэрт "Залатая калекцыя..." пройдзе 12 снежня ў Палацы Рэспублікі і стане своеасаблівай "уверцюрай" да ўрачыстай цырымоніі ўручэння Нацыянальнай прэміі.

Музычнае афармленне цырымоніі арганізатары даверылі кампазітару Яўгену Алейніку, які, дарэчы, афармляў і леташняе дзіцячае "Еўрабачанне" ў Мінску.

- Працаваць было цікава і, вядома, адказна. Самае складанае, бадай, было - ажыццявіць усё тэхнічна. Бо, паводле задумы, хацелася спалучыць розныя стылі, кірункі, жанры, рытмы. І, акрамя музыкі для выхадаў-сыходаў вядучых, падводак да розных намінацый, зрабіць і нейкую сур'ёзную кампазіцыю для пачатку ўрачыстасці - менавіта на стыку розных кірункаў. У выкананні ўдзельнічалі некалькі харавых калектываў, оперныя салісты, фальклорныя ансамблі, разнастайныя інструменталісты, уключаючы нават балалаечніка. Ну, а ўжо як усё прагучыць пад час цырымоніі, ацэняць гледачы. Хочацца, каб Першая Нацыянальная прэмія запомнілася і імёнамі лаўрэатаў, і, канешне ж, самім сваім правядзеннем.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"