“Калі чалавек упэўнены ў сваіх сілах…”

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

30 лістапада ў фае Авальнай залы Дома Урада ўрачыста адкрылася выстаўка самабытнага мастака Анатоля Галушкі, члена Міжнароднай арганізацыі мастакоў-інвалідаў.

Як пісала ўжо "К", для гэтага праекта творца з вёскі Магіліцы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці стварыў 27 новых карцін.

На адкрыцці выстаўкі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта краіны Аляксандр Радзькоў ад імя беларускага Лідара прывітаў родных мастака, што прысутнічалі на мерапрыемстве, і адзначыў шчырае захапленне Прэзідэнта той мужнасцю, якую праяўляе Анатоль Галушка.

- У жыцці бываюць розныя сітуацыі, - зазначыў Аляксандр Радзькоў,- але важна, каб кожны чалавек захоўваў волю да жыцця, заставаўся мэтанакіраваным і працаваў. Калі чалавек упэўнены ў сваіх сілах, не падае духам і не страчвае надзеі, то ў яго ўсё атрымаецца...

Ад імя Кіраўніка дзяржавы Аляксандр Радзькоў уручыў памятны падарунак сястры мастака, Святлане Таўтын.

 У сваю чаргу, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка распавёў пра тое, што правядзенне мастацкіх выставак у сценах Дома Урада ўжо сталася добрай традыцыяй.

- Сённяшняя акцыя - незвычайная, - сказаў кіраўнік ніжняй палаты беларускага парламента, - бо на ёй прадстаўлены творы мастака, прыкаванага да ложка. Але Анатоль Галушка не скарыўся лёсу, захаваў інтарэс да жыцця і імкненне тварыць дабро. Гэтымі пачуццямі дыхаюць ягоныя палотны, прасякнутыя цеплынёй, святлом і любоўю да Радзімы...

Таксама Уладзімір Андрэйчанка паведаміў пра тое, што шэраг карцін самабытнага мастака з Брэстчыны ўжо набыты дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, членамі Савета Рэспублікі і Урада.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"