«СТВАРАЙЦЕ Ў ІНТАРЭСАХ СВАЙГО НАРОДА... ПАМЯТАЙЦЕ, АДКУЛЬ ВАШЫ КАРАНІ»

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА 1 снежня сустрэўся ў Нацыянальнай бібліятэцы з прадстаўнікамі творчай моладзі краіны.

/i/content/pi/cult/353/6725/pic_35.jpgАляксандр ЛУКАШЭНКА: "Сёння ў культуры, акрамя творчых здольнасцей, яшчэ патрэбны ініцыятыва, энергія і прадпрымальнасць"

 Асаблівая атмасфера панавала сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Прычынай - тая незвычайная канцэнтрацыя таленту і крэатыву, што прадэманстравалі прадстаўнікі творчай моладзі, з якімі сустрэўся 1 снежня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Перад пачаткам сустрэчы Кіраўнік дзяржавы, як паведамляе БелТА, наведаў выстаўку маладых аўтараў у адной з залаў бібліятэкі, дзе яму прадэманстравалі мастацкія і скульптурныя работы, адзенне маладых айчынных мадэльераў, архітэктурныя праекты, вырабы з керамікі, металу і шкла, літаратурныя творы.

Адкрываючы сустрэчу, беларускі Лідар нагадаў, што паўтара дзясятка гадоў таму, калі ствараўся спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, шмат хто сумняваўся, ці будзе ад гэтага карысць. "І сёння, гледзячы на вас, можна сказаць, што сродкі, укладзеныя ў самы каштоўны здабытак- розум і талент,- не зніклі дарма,- адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Лаўрэатамі і стыпендыятамі фонду сталі амаль дзве тысячы маладых людзей. Мы вырасцілі новае пакаленне творчай інтэлігенцыі, тых, каму можна даверыць прымнажэнне патэнцыялу айчыннай культуры".

"Калі ты таленавіты, упарты, верны сваёй мары, то абавязкова дасягнеш поспеху. Мы і надалей такіх людзей не пакінем без падтрымкі", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Стварыць умовы для прафесійнага станаўлення адораных асоб, павысіць іх сацыяльную абароненасць таксама дазволіла рэалізацыя Дзяржпраграмы "Маладыя таленты Беларусі" на 2006 - 2010 гады.

"Выхаванне талентаў - не доля энтузіястаў-адзіночак, а адзін з найважнейшых кірункаў сацыяльнай палітыкі. У Беларусі створана цэлая інфраструктура працы з адоранымі дзецьмі і моладдзю",- адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Гэтая інфраструктура ўключае больш за 100 развіваючых дашкольных цэнтраў, 29 ліцэяў, 215 гімназій, сотні пазашкольных устаноў, а таксама дзясяткі тысяч аб'яднанняў па інтарэсах.

"У нашай краіне захавана і паспяхова развіваецца цэласная сістэма мастацкай адукацыі, пачынаючы ад дзіцячых школ мастацтваў і заканчваючы ВНУ культуры. Сфарміраваны нацыянальныя творчыя школы. Доступ да гэтага духоўнага багацця мае любое адоранае дзіця", - сказаў Прэзідэнт.

Разам з тым, Кіраўнік дзяржавы перасцярог творчую моладзь ад ўтрыманскіх настрояў. "Сёння ў культуры, акрамя творчых здольнасцей, яшчэ патрэбны ініцыятыва, энергія і прадпрымальнасць",- падкрэсліў беларускі Лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Гэта норма, канцэптуальная аснова маёй палітыкі як Прэзідэнта. Я ніколі інтэлігенцыю, перш за ўсё творчую, пісьменнікаў, мастакоў, не арыентаваў на тое, каб яны пісалі ў дагаджэнне ўладзе. Лічу, што калі хтосьці звяртаецца да інтэлігенцыі з такой просьбай, ён проста яе прыніжае".

На думку Кіраўніка дзяржавы, нельга стаць Мастаком з вялікай літары, калі не маеш уяўлення пра галоўнае: дзеля чаго ты ствараеш, які сацыяльны і маральны зарад нясуць твае работы. "Беларуская культура заснавана на ідэалах патрыятызму, вернасці жыццёвай праўдзе, любові да чалавека і служэння дабру. Гэтая спадчына павінна стаць для вас крыніцай духоўнай сілы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы.

"На жаль, сёння мастацтва стала паступова страчваць маральныя арыенціры. Нехта кідаецца на прынаду нізкапробнай масавай культуры, смакуе амаральныя ўчынкі і нават злачынствы, называючы гэта новым словам у мастацтве", - канстатаваў беларускі Лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся таксама наконт спроб змяшання мастацтва з палітыкай, здабывання таннай папулярнасці шляхам абразы ўласнай краіны і народа. "Веру, што ніхто з вас ніколі не адмовіцца ад сумлення", - сказаў Прэзідэнт.

"Стварайце ў інтарэсах свайго народа, дзе б вы ні былі, - заклікаў Кіраўнік дзяржавы,- каб потым не было пакутліва балюча і крыўдна, памятайце аб сваім кавалку зямлі, нават калі вы будзеце зарабляць грошы ў іншай краіне. Памятайце, адкуль вашы карані. Не пасварыцеся са сваёй краінай, з яе прынцыпамі і ідэаламі, якімі жыве ваша краіна, якімі б яны ні былі".

Аляксандр Лукашэнка заклікаў творчую моладзь шукаць сваё месца ў мастацтве, пры гэтым не баючыся эксперыментаў, захоўваючы вернасць гуманістычным ідэалам. "Чэрпайце натхненне з чыстай крыніцы - з беларускай прыроды, нашай гераічнай гісторыі, жыцця сучаснай Беларусі і, самае галоўнае, - з моцнага характару і мудрасці народа", - дадаў ён.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь лічыць неабходным развіццё спонсарства і мецэнацтва ў сферы культуры. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, многія кажуць, што хацелі б жыць, як у Еўропе. "Нядрэнна, тады давядзецца навучыцца працаваць па-еўрапейску, дзе складальнікамі поспеху з'яўляюцца як мастацкія вартасці твораў, так і правільны менеджмент. А вось з гэтым аспектам у нас яшчэ далёка не ўсё на належным узроўні", - канстатаваў ён.

 "Таму лічу, што нам трэба ствараць неабходныя ўмовы для развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства, спонсарства і мецэнацтва,- сказаў Аляксандр Лукашэнка, - укараніць праектны падыход да фінансавання культуры, заахвочваючы не проста дзейнасць творчых калектываў, а менавіта стварэнне імі якаснага, запатрабаванага прадукту". Паводле слоў Прэзідэнта, у мастацтве таксама трэба развіваць інстытут прадзюсарства, каб адпаведныя спецыялісты займаліся падтрымкай артыстаў, дапамагаючы ім поўнасцю рэалізаваць сябе. "Міністэрству культуры трэба прынцыпова разабрацца, чым увогуле займаюцца Маладзёжны тэатр эстрады і прадзюсарскія цэнтры пры абласных філармоніях. Калі іх праца- неэфектыўная, то навошта траціць грошы на ўтрыманне гэтых структур?" - слушна заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў, што артысты часта просяць у дзяржавы дапамогі, у той час як у краіне ёсць нямала прадзюсарскіх цэнтраў. "Трэба самым прынцыповым чынам заняцца кантролем дзейнасці гэтых структур і запатрабаваць з іх хоць бы па выніках года", - даў даручэнне Прэзідэнт міністру культуры Паўлу Латушку, адзначыўшы, што гэта датычыцца ўсіх напрамкаў культуры.

"Вобразна кажучы, дзяржава гатова даць вам у рукі "вуду", а ўжо лавіць на яе "рыбу" вы павінны самі, - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да ўдзельнікаў сустрэчы. - Гаворачы аб "вудзе", я маю на ўвазе найперш стварэнне ўмоў для атрымання таленавітай моладдзю адукацыі і яе творчай працы".

Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным павышаць запатрабаванасць беларускай культуры ў краіне і за мяжой. "Свет прызнае беларускае мастацтва, калі мы самі будзем паважаць, любіць і ўсяляк прапагандаваць яго", - упэўнены ён.

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуўся да прысутных на сустрэчы кіраўнікоў і рэктараў па пытанні стварэння належных умоў для вучобы і пражывання студэнтаў. "Дрэнна, калі з-за вашай неразваротлівасці студэнтам даводзіцца вучыцца і жыць у брудных, абшарпаных аўдыторыях і інтэрнатах, якія дзесяцігоддзямі чакаюць рамонту,- падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.- Рамантаваць унутры любой ВНУ, школы, ССНУ, ПТВ, дах латаць і іншае - гэта справа рэктараў. Калі яны на гэта не здольныя, то на працягу года гэтыя рэктары павінны быць звольнены са сваіх пасад".

Беларускі Лідар таксама запатрабаваў сур'ёзна падысці да праблемы забеспячэння навучальных устаноў музычнымі інструментамі. "Крытычная сітуацыя, звязаная са спыненнем іх прамысловай вытворчасці, складвалася не адзін год. Чаму ж спахапіліся толькі цяпер? Ураду трэба знайсці шляхі выхаду з гэтай сітуацыі", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Міністэрству культуры сумесна з творчымі саюзамі таксама неабходна ўважліва падысці да праблемы забеспячэння моладзі творчымі майстэрнямі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не трэба разлічваць адно на будаўніцтва новых памяшканняў, але і паглядзець, як выкарыстоўваюцца існуючыя плошчы.

"Хочацца нарэшце ўбачыць і рэальныя вынікі працы Цэнтра сучасных мастацтваў, які створаны па вашых просьбах", - дадаў беларускі Лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама параіў Міністэрству культуры краіны арганізаваць у наступным годзе выстаўку сучаснага мастацтва на адной з найбуйнейшых экспазіцыйных пляцовак, запрасіўшы туды мэтраў, моладзь, калег з-за мяжы. "Гэта будзе важны крок у справе прапаганды нацыянальнай культуры",- упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

 

Уражанні ад сустрэчы

Алена ДУБРОЎСКАЯ - артыстка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага:

- Сустрэчы творчай моладзі з Прэзідэнтам сталі ў нашай краіне ўжо добрай традыцыяй, і мне вельмі прыемна, што кіраўніцтва Беларусі заўжды ведае пра нашы праблемы і дасягненні. Для мяне як для актрысы вельмі важным было пытанне развіцця нацыянальнага кінематографа, падтрымкі маладых рэжысёраў ды акцёраў. І важным вынікам сустрэчы для нашай тэатральнай супольнасці стала размова аб стварэнні ў краіне рэжысёрскай лабараторыі. Там змогуць здзейсніць свае задумы маладыя выпускнікі Акадэміі мастацтваў...  

Алена ГАЕЎСКАЯ - студэнтка факультэта дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

- На сустрэчы самым цікавым было ўбачыць вялікую колькасць таленавітай моладзі розных напрамкаў творчасці, пазнаёміцца, абмяняцца ідэямі. Я прадставіла Прэзідэнту свой праект і распрацоўкі нашага факультэта: гэта 3D-відэаролікі, да прыкладу, застаўка для "Калыханкі" і канцэпты машын прамысловых дызайнераў. Мне падалося, што Кіраўнік дзяржавы праявіў цікавасць да іх. Ён спытаўся, ці ідуць яны ў вытворчасць, а калі не, то якія ўмовы патрэбна для гэтага стварыць... 

Аксана ВОЛКАВА - вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, лаўрэат міжнародных конкурсаў:

- Узнімаліся самыя набалелыя тэмы. Кожную з праблем Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь узяў "на аловак". Таму - спадзяёмся на станоўчыя зрухі... Парадавала, што сабралася на сустрэчы краса беларускай культуры: студэнцкая моладзь, тыя, хто ўжо працуе ў сферы. І ў кожнага з іх - цікавыя праекты, пазітыўныя зрухі ў творчай рэалізацыі...

Канстанцін КАСЦЮЧЭНКА - выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, удзельнік 54-га Венецыянскага біенале:

- Вельмі своечасовая сустрэча, таму і ўражанні ад яе - надзвычай станоўчыя. Гаворка ішла пра ролю маладой інтэлігенцыі ў творчым асэнсаванні сённяшняга жыцця. Думаю, што мастакі, музыканты, акцёры, студэнты мастацкіх ВНУ пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь атрымаюць моцны пазітыўны імпульс для ўласнага творчага самаразвіцця...

Улада БЕРАЖНАЯ - студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі:

- Уразіла нязмушаная атмасфера сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы. Любы ахвотны мог выступіць. Размова ішла не толькі аб дасягненнях творчай моладзі, але і аб праблемных нюансах... Асабіста я вельмі ўдзячная Прэзідэнту Беларусі за адчувальную падтрымку маладых, што спрабуюць свае сілы ў мастацтве, культуры...