Пакаленне “…пуху вішняў”

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Паэзія Максіма Багдановіча - надзвычай спеўная. У гэтым, безумоўна, яшчэ раз пераканае новая песенная праграма на яго вершы, падрыхтаваная Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам.

/i/content/pi/cult/353/6723/pic_34.jpg

Прэм'ера адбудзецца ў хуткім часе, але некаторыя з новых, толькі што напісаных, песень ужо прагучалі- у аўтарскім вечары народнага артыста Беларусі, кампазітара Эдуарда Зарыцкага, дзе былі сабраны яго творы паводле нацыянальнай класічнай паэзіі. А яшчэ ў 1990-я, узгадаем, наш Канцэртны аркестр, славуты папулярызацыяй найлепшых здабыткаў айчыннай музычна-паэтычнай спадчыны, выпусціў рок-оперу Ігара Паліводы "Максім".

- Сапраўды, мы былі адны з першых,- адзначае народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг,- хто ў свой час зрабіў асобную праграму, прысвечаную творчасці Багдановіча. Тым больш, што гэта быў цэласны твор. Адзін з нумароў той рок-оперы- "Па-над белым пухам вішняў" - стаўся сапраўдным хітом, на якім узрасло цэлае пакаленне. Увогуле ж, калі паглядзець, колькі папраўдзе цудоўных, яркіх, запамінальных песень было створана на вершы Багдановіча, дык стане зразумела, што ён - адзін з тых паэтаў, хто сваёй творчасцю рухаў развіццё беларускай нацыянальнай спеўнай лірыкі ХХ стагоддзя. Сёння ўявіць без яго - гэтак жа, як без Купалы і Коласа, - нашу песенную спадчыну папросту немагчыма. І песні на яго творы працягваюць з'яўляцца. У нашай новай праграме, прысвечанай юбілею Багдановіча, прагучыць ажно дзевяць прэм'ер. Пяць з іх належаць Эдуарду Зарыцкаму: гэта "Зімняя дарога" (яе спявае Дзмітрый Качароўскі), "Над возерам" (Таццяна Глазунова), "Непагодны вечар" (Галіна Грамовіч), "Маладыя гады" (Аляксандр Салаўёў), "Неба прастор" (Яна Старцава).

- Вершы Багдановіча, - распавядае Эдуард Зарыцкі, - больш прыдатныя, здавалася б, для рамансаў. Але, ствараючы песні, бачыў перад сабой цяперашніх закаханых і іх пачуцці. Сапраўды, ці ж змянілася каханне за гэтыя гады? Гэта тая вечная тэма, у якой можна бясконца шукаць і знаходзіць безліч адценняў. Калі ж аддаў песні ў аркестр, дык заўважыў, як арганічна кладзецца паэзія Багдановіча на сучасныя аранжыроўкі, маладыя галасы. Дый сам Багдановіч... Якія 120 гадоў з дня нараджэння? Ён застаўся для нас маладым - з жывымі чалавечымі пачуццямі і надзвычай актуальнай сёння тэмай спалучэння беларускай нацыянальнай спадчыны з найлепшымі еўрапейскімі дасягненнямі. А яго радок з "Апокрыфа" - "Шануйце ж песні свае" - і дагэтуль гучыць неўміручым гімнам нашай нацыянальнай культуры...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"